НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

aikyn.kz

У верасні многія дарослыя адчуваюць шчымлівае пачуццё настальгіі, гледзячы на школьнікаў, якія сустракаюцца на вуліцах у новенькай (ці надоўга?) форме з ранцамі. Мы любім прыгадваць светлыя часіны, калі самі былі маленькімі, калі галоўным нашым клопатам былі дамашнія заданні. Цяпер, канешне, дзіцячыя турботы выклікаюць толькі ўсмешку... Тады наперадзе было цэлае жыццё, а мы кожную восень упарта пачыналі чакаць наступнага лета і на кожным уроку — званка, які адпусціць нас на перапынак. 

Малочныя коржыкі, якія забіраюцца са сталовых пасля абеду, — яркая прыкмета тых самых школьных перапынкаў. Адны дзеці іх шчыра любяць, другія — не вельмі (але калі згаладаюцца, пакуль грызуць метафарычны граніт навукі, то такі рэальны перакус залятае на ўра). 

Вам спатрэбіцца:

♦ мука — 420 г

♦ масла сметанковае — 100 г

♦ цукар — 200 г

♦ яйка — 1 шт.

♦ малако — 80 мл

♦ разрыхляльнік — 10 г

♦ ванілін — 1/4 ч. л.

♦ жаўток і ст. л. малака для змазвання.

І ўсё ж незалежна ад стаўлення да гэтай выпечкі ў школьныя гады, салодкі далікатны смак назаўсёды застаецца ў памяці ва ўсіх. Каб паўтарыць яго, бяром мяккае сметанковае масла і ўзбіваем з цукрам цягам хвіліны-дзвюх міксерам. Дадаём яйка і малако, узбіваем яшчэ раз да аднароднасці. Наступны крок — прасейваем муку з разрыхляльнікам і ванілінам. Злучаем сухія і вільготныя інгрэдыенты, вымешваем цеста.

Прысыпаем рабочую паверхню мукой. Раскачваем пласт таўшчынёй да сантыметра, можна нават крыху танчэй. Выразаем з цеста коржыкі з дапамогай формы для печыва ці звычайнай шклянкі. Перакладваем іх на бляху, засланую паперай для выпечкі, змазваем паверхню кожнага сумессю жаўтка і малака. Выпякаем на 180 градусах да залацістага колеру (каля 15—20 хвілін). Не перасушваем! Сакрэт школьных коржыкаў якраз у іх мяккасці.

Источник СБ.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegram