НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі!

Сардэчна віншую вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстова! Святам любові, жыцця, святла і надзеі!

Няхай яно стане часам разважання над таямніцай уцелаўлення Бога, як таямніцай Яго бязмежнай любові да чалавека, таямніцай Божага дару жыцця, які мы павінны сцерагчы як зрэнку вока, і таямніцай Божага святла, якое прасвятляе цемру граху, каб адарыць нас новай надзеяй.

Віншую хрысціян, якія разам з намі святкуюць гэтае свята!

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія перажываюць Адвэнт і рыхтуюцца да падобнага свята! Сустрэча папы Францішка і Патрыярха Кірыла некалькі гадоў таму, заклікаюць нас да сумеснага хрысціянскага сведчання і абароны духоўных каштоўнасцяў перад небяспечнымі выклікамі сучаснасці.

Прыгожым доказам гэтага з’яўляюцца таксама выданні на беларускай мове «Новага Запавету», якія былі здзейснены ў юбілейным скарынаўскім годзе як Праваслаўнай Царквой, так і Каталіцкім Касцёлам дзеля духоўнага дабра вернікаў і ўсяго нашага народа.

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Жадаю вам, каб Езус сваёй ласкай штодзённа нараджаўся ў вашых сэрцах!

Падобна Мудрацам з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Збаўцу і потым вярнуліся дадому іншай дарогай, таксама і мы, якія прыйшлі пакланіцца Езусу, што знаходзіцца ў яслях, павінны вярнуцца да нашых дамоў, месцаў працы, вучобы і адпачынку дарогай, поўнай Божай ласкі і любові. Мы гэта можам учыніць дзякуючы перамяняючай нас любові, міласэрнасці, прабачэнню і спагадзе, якія прыходзяць да нас праз радасць сустрэчы з Хрыстом, каб свята Божага Нараджэння дапамагло нам духоўна адрадзіцца і напоўніла радасцю і любоўю.

Няхай Каляды і наступаючы Новы 2020 год будуць напоўненыя духоўнай радасцю і Хрыстовым супакоем! Ты ж, наша Радзіма Беларусь, беражы Божы дар жыцця, умацоўвай узаемную любоў, не гасі святла Бэтлеемскай зоркі, каб быць шчаслівай і магутнай.

Айцец Алег ГРЫГАРОВІЧ,

настаяцель Рыма-каталіцкай парафіі св. Казіміра ў Жлобіне.

Святочныя набажэнствы ў касцёле Маці Боскай пройдуць:

  • 24 снежня: пачатак у 22.00;
  • 25 снежня: у 10.00.