НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

У новым будынку гісторыка-краязнаўчага музея, які быў урачыста адкрыты ў лістападзе мінулага года, самую вялікую плошчу занялі экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Адна з іх распавядае пра партызанскі рух на Жлобіншчыне. Ганаровае месца ў ёй занялі матэрыялы пра Максіма Данілавіча РУДЗЯНКОВА.

Напярэдадні Дня Перамогі ў музей наведаліся ўнукі патрыёта – стрыечныя браты Аляксандр Мікалаевіч і Аляксандр Уладзіміравіч Рудзянковы.

Браты Аляксандр Мікалаевіч (злева) і Аляксандр Уладзіміравіч Рудзянковы

– Я спецыяльна прыехаў у Жлобін з Масквы, дзе сёння жыву, каб пабываць у новым музеі, – паведаміў нам Аляксандр Уладзіміравіч. – Вельмі ўдзячны жлабінчанам за тое, што яны шануюць памяць аб маім дзядулі.

У гэты ж дзень у музеі праводзілася экскурсія для навучэнцаў прафтэхкаледжа. Рабяты папрасілі братоў расказаць пра свайго дзядулю. Мы таксама з цікавасцю паслухалі. І вось што нам стала вядома.

Максім Рудзянкоў быў сувязістам партызанскага атрада № 266 імя М. В. Фрунзе, які дзейнічаў на тэрыторыі нашага раёна. Калі партызаны злучыліся з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі, прадоўжыў барацьбу з ворагам на фронце. Вызваляў родную Беларусь, Польшчу (быў узнагароджаны медалём «За вызваленне Варшавы»), штурмаваў Берлін. Пасля Максім Рудзянкоў дайшоў да Эльбы, дзе адбылася сустрэча з саюзнікамі – амерыканскімі салдатамі. Наш зямляк быў узнагароджаны яшчэ ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, медалём «За адвагу». У мірны час працаваў на чыгунцы.

Мікалай ШУКАНАЎ

Фота Мікалая СЕМЯНЦА.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук"instagramtwitterTelegram