НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Купалле — старажытнае народнае земляробчае свята, звязанае з летнім сонцастаяннем. Адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня.

Ва ўсходніх славян Купалле ўпершыню згадваецца ў Цвярскім летапісе пад 1175 г., у старабеларускіх граматах XIII ст. Фалькларыст В. К. Сакалова прыйшла да высновы, што ў найболей старажытным выглядзе гэтае свята захавалася менавіта ў беларусаў.

Купальская ноч злучае дзве несумяшчальныя стыхіі – агонь і ваду. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча раней рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). У агонь таксама кідалі пучок лёну і крычалі магічныя словы: «Зарадзі лён». Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе пудзіла Купалы, рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола.

Паводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а дзікія звяры і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы. У ноч а 12-й гадзіне зацвітае папараць-кветка. Хто знойдзе яе – будзе здольны бачыць схаваныя ў зямлі скарбы, пачне разумець мову звяроў. Каб адшукаць парараць-кветку, трэба выправіцца ноччу ў лес аднаму і зайсці ў такі лясны гушчар, каб не чуць ні пеўняў, ні сабак з навакольных вёсак. Папараць-кветка маленькая, але яна ззяе ў цемры яскравым агеньчыкам.

Вельмі пашырана на Купалле варажба, асабліва на замужжа. Для гэтага трэба пакласці вянкі на ваду, каб у сярэдзіне кожнага з іх была замацаваная свечка. Калі вянок патоне і свечка згасне, – значыць, наканаваны разлюбіў дзяўчыну. Калі не патоне – быць ёй замужам.

М. ВАРАНОВІЧ.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук", instagramtwitterTelegram