Мікалай Целяпнёў.
5 чэрвеня – дзень нараджэння Жлобінскай раённай газеты «Новы дзень». Яе першы нумар (тады наша выданне называлася «Шлях сацыялізму», а пазней – «Шлях соцыялізма») пабачыў свет 94 гады таму – 5 чэрвеня 1931 года. Першыя дзесяць гадоў існавання раёнкі былі мірнымі, а потым пачалася вайна... Але, нягледзячы на гэта, газета засталася ў страю, толькі – у баявым. У год 80-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне раскажам аб гэтым падрабязней.
У прадваенныя гады
Наша газета ўзнікла як орган раённага камітэта Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б), раённага выканаўчага камітэта і райпрафсавету. На старонках самага першага нумара выдання былі надрукаваны вытрымкі з пастановы ЦК КП(б)Б аб рабселькораўскім руху пад загалоўкам «Друк – самая вострая, самая магутная зброя партыі», а таксама ліст Сакратарыяту ЦК КП(б)Б гаркамам і райкамам, рэдакцыям цэнтральных, гарадскіх і раённых газет па правядзенні месячніка пралетарскага друку. Пад агульным загалоўкам «У кожным калгасе, саўгасе абавязана быць насценная газета» была змешчана пастанова бюро райкама КП(б)Б аб правядзенні месячніка друку, расказана, што і як неабходна рабіць на гэтым напрамку. Адначасова газета вылучала лозунг: «Кожны рабселькор – ударнік, кожны ўдарнік – рабселькор».
Першы і другі нумары выдання падпісаў часова выконваючы абавязкі рэдактара І. Краўчанка. Надрукаваны яны былі на гомельскай фабрыцы «Палесдрук» тыражом тры тысячы экзэмпляраў.
Галоўнымі героямі жлобінскай раёнкі ў 1930-я гады былі людзі працы, героі першых пяцігодак, на якіх усе раўняліся і глядзелі з захапленнем. Сярод іх – член Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, калгасніца з вёскі Майскае Таццяна Сафонава, цялятніца вучгаса «Чырвоны Бераг» Ірына Цыганюк, саставіцель паяздоў станцыі Жлобін, кавалер ордэна «Знак Пашаны» Малах Лабезнікаў, машыніст дэпо Жлобін Леонцій Байкачоў, памочнік брыгадзіра трактарнай брыгады № 11 Жлобінскай МТС, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Варвара Тарасава і многія іншыя.
У барацьбе з ворагам
Апошні раз у мірны даваенны час газета выйшла 25 ліпеня 1941 года. Потым у Жлобіне на тры гады ўсталявалася ўлада нямецкафашысцкіх захопнікаў.
Але раёнка аднавіла свой выхад у перыяд акупацыі. Гэта адбылося 22 ліпеня 1943 года, калі партызанскі рух на Жлобіншыне набыў масавы характар і значная частка тэрыторыі нашага раёна кантралявалася народнымі мсціўцамі. Гэта была газета-падпольшчыца, газета-партызанка.
Газета-партызанка, 1943 год.
Сакратар падпольнага райкама партыі Іоў Крышнёў у сваім дзённіку 12 ліпеня 1943 года запісаў, што ён ужо некалькі дзён знаходзіцца ў вёсцы Адрубы з мэтай арганізацыі вырабу клішэ-загалоўка для раённай газеты «Шлях соцыялізма» (дарэчы, гэтае клішэ было зроблена ўмелымі рукамі партызан з кавалка яблыневай драўніны). Да гэтага часу ўжо былі набыты невялікі партатыўны друкарскі станок і неабходныя шрыфты.
Газета-падпольшчыца і газетапартызанка за № 1 ад 22 ліпеня 1943 года, нягледзячы на тое, что атрымалася невялікай па фармаце, стала вялікім падарункам для падпольшчыкаў, партызан, а таксама ўсяго насельніцтва нашага раёна. Яна стала байцом, паўнапраўным членам вялікай і мужнай арміі народных мсціўцаў. На яе двух старонках былі змешчаны паведамленні Савецкага інформбюро, кароткі расказ аб дзейнасці партызан брыгады «Жалязняк», а таксама пастаўлены задачы мясцоваму насельніцтву па адпоры ворагу.
У другім выпуску выдання ад 30 ліпеня 1943 года сярод іншых матэрыялаў быў змешчаны артыкул пад назвай «Ні аднаго грама хлеба фашысцкім акупантам», у якім тлумачылася, што неабходна рабіць сялянам, каб захаваць збожжа новага ўраджаю.
Чацвёрты нумар газеты «Шлях соцыялізма», які выйшаў 13 жніўня 1943 года, паведамляў ад паражэнні фашыстаў пад Курскам.
Цікавым па змесце быў № 9 за 17 верасня 1943 года, у якім шырока расказвалася аб дзейнасці партызан. Так, камандзір быгады «Жалязняк» Васіль Шаруда пісаў аб тым, што пры знішчэнні маста, даўжыня якога складала 45 метраў, вызначылася аддзяленне Адама В. і кулямётны разлік Цімоха С.
У цяжкіх умовах працы і частай змене месца знаходжання над выпускам газеты працавалі наборшчыца Надзея Кавальчук, адказны сакратар Іван Гаўрылавіч Тунякоў, карэктар А. Някрасаў. Рэдагаваў газету Мікалай Целяпнёў (1914–1983). Па адукацыі Мікалай Мікалаевіч быў педагогам. Да вайны ён працаваў у Жыткавіцкім раёне, пасля вызвалення – у школе, якая знаходзілася ў яго роднай вёсцы Радуша, што на Жлобіншчыне. Мікалай Целяпнёў узнагароджаны медалямі. Яго імя ўвекавечана ў Радушскай школе – на алеі памяці ў гонар настаўнікаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Ва ўмовах падполля газета ў апошні раз выйшла 13 лістапада 1943 года. 2 снежня таго ж года ад нямецкафашысцкіх захопнікаў былі вызвалены Пірэвічы. Там часова, да вызвалення Жлобіна 26 чэрвеня 1944 года, размясціліся раённыя органы ўлады і кіравання. Тут жа ўсталявалася і рэдакцыя газеты «Шлях соцыялізма» са сваёй паліграфічнай базай. І ўжо 1 студзеня 1944 года чарговы нумар раёнкі выйшаў у свет ва ўмовах свабоды.
Партатыўны станок, на якім друкавалася газета «Шлях соцыялізма» ў 1943 годзе.
Мікалай ШУКАНАЎ.
Фота з архіва райгазеты «Новы дзень».
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram, YouTube