Сёння светла і ўрачыста на душы ў тых, хто святкуе Божае Нараджэнне. 25 снежня гэтае свята адзначаюць каталікі, уніяты (праваслаўныя, якія прынялі юрысдыкцыю Рымска-каталіцкай Царквы), пратэстанты і некаторыя праваслаўныя Цэрквы свету. Минулай ноччу святочная імша прайшла і ў Жлобінскім касцёле ў гонар Божай Маці.
Бог стаў Чалавекам, пасяліўся паміж нас, каб разам з намі раздзяліць жыццё, поўнае радасці i смутку, перамогі i выпрабавання…
Нараджэнне Хрыстова – сямейнае свята. Напярэдадні хрысціяне ўпрыгожваюць свае дамы вянкамі і ёлкамі, ззяючымі агеньчыкамі. З наступленнем Вігіліі, вечара перад Калядамі, як толькі на небе з’яўляецца першая зорка, усе члены сям’і збіраюцца на традыцыйную калядную вячэру. На стале прынята мець 12 страў. Найчасцей выкарыстоўваюць рыбу, грыбы, арэхі, разнастайныя гароднінныя стравы, садавіну, аладкі з макам, кісялі. Асобае месца займае куцця – зерневая каша з мёдам, арэхамі, разынкамі, цукатамі. У гэты вечар ніхто не павінен адчуваць сябе забытым.
Пасля наведвання касцёла сем’і зноў збіраюцца за святочным сталом. Гэта ўжо не ціхая і посная вігілійная трапеза, а шчодры пачастунак. Доўжацца каталіцкія Каляды да Богаяўлення – да 6 студзеня.
Мікалай ШУКАНАЎ.
Фота прыхаджанкі Жлобінскага касцёла Божай Маці Анастасіі ЧАША.
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram, YouTube