НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

У Год гістарычнай памяці маладзёжны дадатак «Чырвонка. Чырвоная змена» да найстарэйшага беларускамоўнага выдання «Звязда» сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі аб'яўляе творчы конкурс для школьнікаў і студэнтаў, маладых спецыялістаў пад назвай «Адзіная краіна — адзіны народ».

Які сэнс укладвае моладзь у гэтыя словы? Што нас усіх аб'ядноўвае? Агульная спадчына? Несумненна. Магчыма, вашы родныя былі сведкамі ці ўдзельнікамі пэўных гістарычных падзей ці вам самім ужо давялося спрычыніцца да іх? Адна мова? Так. Ці праўда, што яна — адзін з нацыянальных трэндаў сярод цяперашняй моладзі? Можа быць, наведванне нейкіх мясцін, помнікаў — архітэктурных ці прыродных — зрабіла на вас вялікае ўражанне, прымусіла па-іншаму зірнуць на іх месца ў нашым жыцці? Што вы разумееце пад паняццем «патрыятызм»?

Выкажыце сваю асабістую пазіцыю па гэтых пытаннях, пра стаўленне равеснікаў да тых ці іншых праблем, якія ўздымаюцца ў грамадстве, у тым ліку найперш у сферы маладзёжнай палітыкі, раскажыце пра іх асабісты ўнёсак у тую ці іншую справу.

Не пішыце матэрыялы агульнымі словамі, не разважайце пра ўсім вядомае. Раскажыце — цікава! — пра канкрэтную падзею, мерапрыемства, якое арганізавала моладзь, каб выказаць неабыякавасць да той ці іншай праблемы ці сітуацыі. Знайдзіце маладых людзей, якія праз справы паказалі такі прыклад.

Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць памятныя прызы. Конкурс будзе доўжыцца да 31 жніўня (дата адпраўкі матэрыялаў). Найлепшыя творчыя работы (у залежнасці ад колькасці, якая паступіць) «Чырвонка. Чырвоная змена» можа працягваць друкаваць і надалей. Размяшчаць іх плануецца або ў маладзёжным дадатку, або (і) на сайце «Звязды».

Матэрыялы на конкурс можна дасылаць на адрас zmena2022@mаіl.ru або на паштовы (220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10А, рэдакцыя газеты «Звязда») з пазнакай «Адзіная краіна — адзіны народ».

Абавязковыя ўмовы, якім павінны адпавядаць конкурсныя работы:

1. Толькі на беларускай мове.

2. Тэксты дасылаюцца ў фармаце RTF.

3. Кожная ілюстрацыя ці фотаздымак да тэксту дасылаецца АСОБНЫМ прымацаваным файлам.

4. Аб'ём конкурсных работ — не больш за 8 тысяч знакаў (з прабеламі).

5. Колькасць работ ад аднаго аўтара не абмежавана, аднак пры вялікай колькасці конкурсных работ кожнаму ўдзельніку (пры ўмове належнай якасці матэрыялаў і адпаведнасці ўмовам конкурсу) даецца па адным шанцы.

6. Конкурс разлічаны на вучняў старшых класаў, студэнтаў, маладых спецыялістаў.

7. Жанр любы, але гэта павінна быць толькі проза (нататка, рэпартаж, эсэ, замалёўка, інтэрв'ю).

8. Пажадана, каб матэрыял быў напісаны спецыяльна для конкурсу. Вялікая просьба не дасылаць школьных сачыненняў, рэфератаў (і па форме, і па змесце), асабліва падрыхтаваных раней. На пачатку тэксту павінен быць загаловак (назва конкурсу не з'яўляецца такім), напрыканцы — імя і прозвішча аўтара.

9. Аўтар абавязаны пазначыць свае пашпартныя звесткі (нумар і серыя, ідэнтыфікацыйны нумар, кім і калі быў выдадзены дакумент, імя, імя па бацьку, прозвішча) і хатні паштовы адрас (індэкс, населены пункт, вуліца, дом). Гэтыя звесткі будуць патрэбны для бухгалтэрыі ў выпадку, калі работа будзе надрукавана ў газеце. ТОЛЬКІ яны падаюцца аўтарам на БЕЛАРУСКАЙ і РУСКАЙ мовах. У выпадку, калі ў маладога ці юнага аўтара яшчэ няма пашпарта, вышэйназваныя звесткі падаюцца на аднаго з бацькоў, настаўніцу, кіраўніка гуртка (звесткі з пасведчання аб нараджэнні для бухгалтэрыі не падыходзяць).

10. Апроч таго, аўтар паведамляе СВОЙ нумар мабільнага або хатняга тэлефона, каб рэдакцыя ў выпадку неабходнасці магла аператыўна з ім звязацца.

11. Павінна быць пазначана поўная колькасць гадоў аўтара на момант адсылання конкурснай работы, нумар школы і класа.

12. Аўтар павінен паведаміць крыху дадатковай інфармацыі пра сябе (10—15 радкоў) у адвольнай форме. Напрыклад, якія і ў чым мае дасягненні (вучоба, спорт, мастацтва і г. д.), чым захапляецца ў вольны час, кім марыць стаць у будучыні і інш.

13. Калі дасланыя матэрыялы не падыходзяць да друку, яны не рэцэнзуюцца.

14. Пра канчатковую дату падвядзення вынікаў творчага конкурсу рэдакцыя паведаміць дадаткова. Адсочваць публікацыю матэрыялаў павінны самі аўтары або іх куратары (бацькі, настаўнікі, кіраўнікі гурткоў).

Зычым усім творчых поспехаў і перамог!

zviazda.by

Фото взято из открытых источников

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук"instagramtwitterTelegram