Светла і ўрачыста становіцца на душы ў тых, хто святкуе Божае Нараджэнне. І няхай не ўсе могуць у гэты адметны дзень наведаць касцёлы, але пачуцці, якімі поўняцца душы і сэрцы вернікаў, застаюцца нязменнымі. Бо галоўнае – вера, якая заўсёды з чалавекам. І ніхто не замінае проста радавацца разам з усімі, спадзявацца на лепшае, рабіць добрыя справы.
Стала ўжо традыцыяй дастаўляць са Святой зямлі, з Віфлеема (Бэт-Лехейма) – месцы зямнога нараджэння Езуса Хрыста – жыватворнае полымя. Яно зноў прыбыло ў Беларусь і таксама будзе дастаўлена ў Жлобін. Віфлеемскае полымя скаўты прывозяць на нашу Радзіму з 1998 года. Святыня пачынае сваё падарожжа з Вены, куды яе дастаўляюць самалётам, потым вязуць да беларускай мяжы.
– Жыватворнае полымя з Віфлеема сімвалізуе, што ўсе мы з’яўляемся містычным целам Езуса Хрыста, – кажа настаяцель Рыма-каталіцкай парафіі св. Казіміра ў Жлобіне ксёндз пробашч Алег Грыгаровіч. – Святыня мае глыбокі духоўны сэнс для хрысціяніна. Гэта – сімвал гарачага сэрца, гарачай любові і веры, якімі неабходна дзяліцца адзін з адным.
Мікалай ШУКАНАЎ.
Парадак набажэнстваў у касцёле Маці Боскай (па вул. К. Маркса):
24 снежня ў 22.00 – імша ў вігілію Божага Нараджэння,
25 снежня ў 10.00 – урачыстасць Божага Нараджэння.