НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

У аграгарадку Шчадрын Жлобінскага раёна адбылося раённае свята “Шчодрая душа”, якое ўжо не першы раз у гэты перыяд года вітае шматлікіх гасцей. Па-сапраўднаму шчодра, з размахам прайшло мерапрыемства і на гэты раз.

Бадай, ні адно раённае свята сёння не абыходзіцца без удзелу папулярнага на Жлобіншчыне і вядомага далёка за яго межамі творчага калектыву народнага вакальнага ансамбля “Белыя росы” (кіраўнік і саліст – Арцём Цяпляшын). Свята ў Шчадрыне гэты ансамбль адкрыў песняй “Будзь здаровы, гаспадар!”

На плошчы ў Шчадрыне, якая носіць імя славутага земляка Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандра Петухова, доўга не змаўкалі гучныя апладысменты. Так удзельнікі свята віталі не толькі артыстаў, у тым ліку з Чырвонага Берага, Дворышчаў, іншых куткоў раёна, але і тых жыхароў Шчадрынскага сельсавета, хто па традыцыі быў адзначаны ў розных намінацыях – як лепшы работнік у той ці іншай галіне народнай гаспадаркі, лепшы гаспадар падвор’я, “Малыш-2024”, “Доўгажыхар Шчадрына”, іншых. Узнагароды вяскоўчам уручылі ганаровы грамадзянін Жлобінскага раёна, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, галаўны рэдактар газеты “Новы дзень”, ураджэнка Шчадрынскага краю Галіна Мельнікава і старшыня Шчадрынскага сельскага выканкама Юрый Краўцоў. Сярод узнагарод – Падзяка раённага Савета дэтупатаў, якую атрымала старэйшына вёскі Кіцін, заслужаны работнік сельскай гаспадарцы Беларусі Галіна Яроцкая. А таксама ад рэдакцыі “Новы дзень” – сертыфікат на 5 тыс. руб. для Шчадрынскай школы на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы і тры падпіскі на газету шматдзетным сем’ям.

Звяртаючыся да землякоў, Галіна Мельнікава адзначыла:

– Малая радзіма – гэта кавалачак зямлі, які заўсёды будзе ў нашых сэрцах. Гэта – нашы традыцыі, гісторыя і культура, якія трэба шанаваць і беражліва перадаваць з пакалення ў пакаленне.

Увагу ўдзельнікаў свята прыцягнула не толькі сцэна, а і імпразаваныя падвор’і з іншых сельскіх саветаў раёна. Чаго тут толькі не было! І шчодрыя падарункі – хатнія стравы, агародніна, мёд, алеі і многае іншае, і, канешне, спевы.

Свята ўдалося. Тут былі і розныя захапляльныя конкурсы для дзяцей і дарослых, працавалі выстаўкі-продажы рамеснікаў, выязны гандаль, фотазона, атракцыёны і гэтак далей.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота Наталлі ЦЯПЛЯШЫНАЙ.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube