НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Сёння, 4 студзеня, – 95 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка, паэта, сцэнарыста, рэдактара і журналіста, ураджэнца Гомельшчыны Івана СЯРКОВА (1929–1998).

Аўтар знакамітых твораў

Аўтару гэтых радкоў пашчасціла асабіста ведаць Івана Кірэевіча, размаўляць з ім, браць удзел у яго творчых сустрэчах, якія ладзіліся ў сценах Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Мы, студэнты-філолагі 80-х гадоў мінулага стагоддзя, з шырока адкрытымі вачыма глядзелі на аўтара знакамітых твораў – аповесцяў «Мы з Санькам у тыле ворага», «Мы – хлопцы жывучыя» (трэцяя аповесць – «Мы з Санькам – артылерысты» – была напісана пазней і стала заключнай часткай цэлай трылогіі).

Па натуры пісьменнік быў вельмі сціплым, заўсёды перед пачаткам сваіх творчых сустрэч ва ўніверсітэце моцна хваляваўся. Аднойчы ён ніяк не рашаўся ўвайсці ў аўдыторыю, дзе яго ўжо чакалі. А побач з ім чамусьці не было нікога з выкладчыкаў. Іван Кірэевіч нерашуча спыніў мяне і спытаў: «Як там, многа людзей сабралася?». Я сам спачатку крыху збянтэжыўся ад такой нечаканасці. Але слова за слова і мы разгаварыліся, быццам даўно ведалі адзін аднаго.

З біяграфіі пісьменніка

Іван Сяркоў нарадзіўся ў в. Пакалюбічы ў сялянскай сям’і. У 1947 г. скончыў 7-гадовую сельскую школу і паступіў у Мінскае падрыхтоўчае артылерыйскае вучылішча. З 1948 г. служыў у савецкай арміі. Пасля дэмабілізацыі ў 1955 г. працаваў у Гомельскай раённай газеце «Маяк». Завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1960 г. – старшы рэдактар, а ў 1961-1989 гг. – галоўны рэдактар Гомельскай абласной студыі тэлебачання, куды паўдзельнічаць у літаратурнай перадачы аднойчы (гэта было ў 1987 г.) ён запрасіў і мяне. З 1977 г. пісьменнік сумяшчаў абавязкі сакратара Гомельскага абласнога аддзялення СП БССР.

Літаратурную працу Іван Сяркоў пачаў у 1965 годзе з гумарэсак і кароткіх гумарыстычных апавяданняў. Але ў гісторыі беларускай літаратуры ён застаўся як дзіцячы пісьменнік, аўтар адметнай трылогіі, якую мы згадалі вышэй.  Родная вёска, яе жыхары, непаўторная прырода наваколіц – тое, што натхняла пісьменніка ў яго творчасці.

Дзень сённяшні

Адным з любімых пісьменнікаў Іван Сяркоў застаецца і для сучасных юных чытачоў. Ды і дарослыя нярэдка перачытваюць яго творы. І ў маёй уласнай бібліятэцы кнігі гэтага аўтара заўсёды на відным месцы.

…У гэтыя дні з нагоды 95-годдзя з дня нараджэння Івана Сяркова ў Жлобінскай раённай дзіцячай бібліятэцы праходзіць выстаўка яго твораў і літаратуры пра пісьменніка.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота прадастаўлена Жлобінскай раённай дзіцячай бібліятэкай.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube