НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen


Сёння, 11 лютага, напярэдадні Дня памяці беларускага пісьменніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна г. Жлобіна Аляксандра КАПУСЦІНА (1924–1996 гг.), у гарадскім цэнтры культуры прайшлі штогадовыя чытанні, прысвечаныя гэтаму слыннаму сыну Жлобінскай зямлі.

Чалавекам вялікай і светлай душы назвала Аляксандра Пятровіча намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Няхай. Яго кнігі напоўнены дабрынёй і верай у пераможнасць жыцця. І сам пісьменнік зрабіў шмат для таго, каб быў мір на нашай зямлі, новыя пакаленні жлабінчан ведалі аб подзвігах нашых землякоў, якія яны здзейснілі ў гады вайны. «Гэта асабліва актуальна сёння – у Год гістарычнай памяці», – падкрэсліла Валянціна Васільеўна.

Па традыцыі ў гэты ж дзень адбылося ўручэнне літаратурнай прэміі імя Аляксандра Капусціна, заснаванай па ініцыятыве Жлобінскага гарвыканкама ў 1997 годзе. Новым яе лаўрэатам стаў жлобінскі паэт, песеннік, ветэран чыгункі Павел Луд, творы якога жлабінчане ведаюць па публікацыях у нашай газеце. А друкаваць свае вершы Павел Канстанцінавіч пачаў яшчэ ў гады, калі газетай кіраваў Пётр Шутаў – цяперашні старшыня раённага савета ветэранаў і таксама лаўрэат літаратурнай прэміі імя А. Капусціна. Ён павіншаваў паэта з высокай адзнакай яго творчасці.

Да гэтых слоў далучыўся яшчэ адзін лаўрэат – супрацоўнік «Новага дня» Мікалай Шуканаў. Ён павіншаваў Паўла Луда і ад імя раёнкі, галоўнага рэдактара газеты Галіны Мельнікавай, журналісткі Юліі Андросавай – усе, у тым ліку і газета, таксама лаўрэаты.

Ад чыгуначнікаў творцу шчыра вітаў намеснік начальніка лакаматыўнага дэпо Сяргей Лашкевіч. На гэтым прадпрыемстве Павел Луд працаваў машыністам не адно дзесяцігоддзе.

Прагучала шмат цёплых слоў у адрас новага лаўрэата і ад многіх іншых яго сяброў і знаёмых. Сам Павел Луд прачытаў свае вершы – ужо вядомыя і напісаныя зусім нядаўна. Усе яны кранаюць душу слухача глыбокім унутраным сэнсам і па-майстэрску падабраным словам.

У мерапрыемстве прымала ўдзел сястра пісьменніка Любоў Пятроўна Капусціна.

 

М. Варановіч.
Фота: М. Семянец.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук"instagramtwitterTelegram