НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей падчас правядзення кожнай прамой тэлефоннай лініі для жыхароў Гомельшчыны прымае да паўсотні званкоў ад грамадзян з розных куткоў рэгіёна. Прамыя лініі губернатара традыцыйна атрымліваюцца «гарачымі»: уздымаюцца пытанні будаўніцтва дарог, аднаўлення камунікацый, якасці вады, працаўладкавання, падтрымкі фермерскіх гаспадарак, просяць людзі рады і ў вырашэнні зямельных спрэчак выступаюць з канструктыўнымі прапановамі. Часта звяртаюцца, каб выказаць удзячнасць за работу кіраўніцтва рэгіёна і мясцовых улад.

Журналісты, якія таксама прысутнічаюць на «гарачых лініях» і асвятляюць гэтую работу, не раз цікавіліся ў кіраўніка рэгіёна яго меркаваннем наконт эфектыўнасці работы па тэлефонных зваротах. У яго выпрацаваны свой падыход: чалавек заяўляе пра праблему, Генадзь Салавей слухае і, застаючыся на тэлефоне, па другой лініі дае даручэнне разабрацца ў праблеме тым кіраўнікам, у чыёй яна кампетэнцыі. Камунальныя аварыі, напрыклад, выпраўляюцца ў лічаныя гадзіны.

— Калі праблема вырашальная, рэакцыя павінна быць імгненнай, — лічыць Генадзь Салавей. — Але часам рашэнне таго ці іншага хвалюючага нашых жыхароў пытання патрабуе дадатковага вывучэння і разгляду. Людзі шукаюць дапамогі не толькі ў сваім рэгіёне, звяртаюцца ў Адміністрацыю Прэзідэнта, іншыя органы. Але ў раёнах усё можна вырашыць больш аператыўна. Менавіта мясцовыя ўлады павінны забяспечыць камфорт людзей у зоне іх пражывання.

Між тым пасля асабістых прыёмаў ёсць грамадзяне, якія пакідаюць кабінет з адказам: пытанне на кантролі старшыні аблвыканкама. За фармулёўкай — рэальная работа. Генадзь Салавей не раз выязджаў на падворак да заяўнікоў, сустракаўся з імі на вуліцах населеных пунктаў, аглядаў зямельныя ўчасткі, якія станавіліся аб'ектам спрэчак. За апошні час тройчы за такой работай па зваротах грамадзян удалося паназіраць журналістам.

Так, некалькі месяцаў таму на ўзровень кіраўніка рэгіёна выйшаў зямельны канфлікт паміж дзвюма жанчынамі — жыхаркамі пасёлка Забіяка Гомельскага раёна. Звярнулася Лідзія Дзедзікава, якая шэсць гадоў таму вырашыла прыватызаваць свой зямельны ўчастак. Тады і пачаўся канфлікт з суседкай. Ён разгарэўся, па сутнасці, з-за 30 сантыметраў зямлі, але гісторыя супрацьстаяння цягнецца не адзін год. Падчас асабістага прыёму губернатар паабяцаў разабрацца ва ўсім дэталёва і, як кажуць, паглядзець на аб'ект канфлікту на свае вочы. Ён сустрэўся на месцы і выслухаў абедзвюх жанчын.

— У любой спрэчцы ўлада не мае права абіраць чый-небудзь бок. Галоўнае — справядлівасць, усё павінна быць зроблена па законе, — падкрэслівае Генадзь Салавей.

Дарэчы, да візіту губернатара сюды неаднаразова прыязджалі прадстаўнікі розных ведамстваў, у тым ліку зямельнай службы. Ёсць афіцыйны дакумент 2017 года, з подпісамі ўладальнікаў зямельных участкаў, і ён дакладна вызначае межы, — апелююць да фактаў, а не да эмоцый і крыўд прадстаўнікі ўлады. Безумоўна, вырашыць падобны канфлікт дапаможа толькі суд. Мясцовыя ўлады забяспечаць выкананне яго рашэння. Калі размова ідзе аб суседзях і барацьба ажыццяўляецца ўсяго за некалькі дзясяткаў сантыметраў зямлі — эмоцыі вылітыя, і застаецца надзея на мірны зыход канфлікту.

На кантролі — культура землекарыстання

Пасля аднаго з нядаўніх зваротаў Генадзь Салавей вырашыў наведаць фермерскую гаспадарку ў Буда-Кашалёўскім раёне. Гэты візіт наспеў, калі на прыём да старшыні аблвыканкама прыйшоў кіраўнік сялянскай гаспадаркі Мікалай Гарохаў. На пачатку 2018-га ён атрымаў зямельны ўчастак на Буда-Кашалёўшчыне. Год працаваў над выкарчоўваннем старога саду, потым заняўся вырошчваннем кукурузы. Але ўжо летась здарылася фарс-мажорная сітуацыя: з-за хваробы і працяглага лячэння фермер не ўбраў культуру своечасова. Райвыканкам паведаміў аб рашэнні вярнуць участак сельгаспрадпрыемству. Старшыня аблвыканкама паабяцаў разабрацца з сітуацыяй на месцы. У вёску Бацунь, дзе знаходзіцца ўчастак Мікалая Гарохава, Генадзь Салавей прыехаў разам з кіраўніцтвам раёна. Фермер звяртаў увагу на вынікі сваёй работы, запэўніў, што імкнецца працягваць вырошчваць сельскагаспадарчыя культуры і нават не супраць яшчэ напалову павялічыць участак, тым больш што такая магчымасць ёсць. Вызначылі, наколькі фермер забяспечыў сваю гаспадарку тэхнікай, якія мае падыходы да належнага землекарыстання.

Падобная работа са зваротам непасрэдна на месцы дала магчымасць паглядзець на канкрэтны прыклад: наколькі эфектыўнай можа быць работа невялікіх фермерскіх гаспадарак на значных зямельных плошчах. Генадзь Салавей звярнуў увагу, што сёння сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў Гомельскай вобласці складаюць звыш 1 мільёна 200 тысяч гектараў, і толькі каля 30 тысяч з іх апрацоўваюцца фермерамі. Для таго каб атрымліваць больш значныя ўраджаі, неабходна павышаць культуру землекарыстання на буйных прадпрыемствах. Што датычыцца звароту фермера Мікалая Гарохава, пасля дэталёвага вывучэння сітуацыі па рашэнні старшыні аблвыканкама зямельны ўчастак плошчай больш за 60 гектараў застанецца ў карыстанні сялянскай гаспадаркі.

Каб вада была не бяда

Між тым цікавы яшчэ адзін нядаўні прыклад «некабінетнага» рэагавання на калектыўны зварот жыхароў аграгарадка Яроміна, што ў Гомельскім раёне. Яны наракаюць на якасць пітной вады і ўзнімаюць дарожнае пытанне. Генадзь Салавей вырашыў азнаёміцца з сітуацыяй на месцы і сустрэўся з мясцовым жыхарамі.

Выснова па выніках агляду дарог: нельга сказаць, што ўсе яны дрэнныя, але частка вуліцы Вакзальнай, відавочна, праблемная. Асфальтавага пакрыцця тут не было ніколі. Пастаянныя падсыпкі дазвалялі зрабіць дарогу праезнай толькі на пэўны час. І ўсё ж высветлілася, што самыя актуальныя праблемы для жыхароў вуліцы — з вадой. Існуючая сетка састарэла, часта не вытрымлівае нават мінімальнага ціску сельскага водаправоду. Людзям даводзяць, што хутка іх водаправод возьме на свой баланс Гомельводаканал, які плануе замяніць трубы і забяспечыць падачу вады па сучасных стандартах. Старшыня аблвыканкама прапаноўвае спачатку вырашыць праблему з вадой, пасля чаго знайсці магчымасць заасфальтаваць праблемны ўчастак праезнай часткі. Жыхары аграгарадка з такім варыянтам пагадзіліся.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

“Звязда”

Фота з архіву gp.by

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagramtwitterTelegram