3 ліпеня спаўняецца 100 гадоў з моманту надання мястэчку Жлобін статуса горада. Да гэтага юбілею ў мясцовай друкарні ГП «Тэхнічная кніга» ўбачыў свет зборнік нарысаў і апавяданняў «Благословенная Жлобинщина и её люди» (на рускай і беларускай мовах).
Аўтары кнігі – людзі неабыякавыя да свайго краю: старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Няхай, ветэран аховы здароўя, сёння – прадпрымальнік, за грошы якога была надрукавана і гэтая кніга, Алег Попчанка, старшы навуковы супрацоўнік Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага комплексу Кацярына Цісецкая, ветэран металургіі, вынаходнік (патэнтны павераны Рэспублікі Беларусь) Барыс Мінееў, супрацоўнік газеты «Новы дзень» Мікалай Шуканаў.
Новая кніга ў пэўнай ступені прэтэндуе на статус энцыклапедыі жыцця Жлобіна і Жлобінскага раёна за апошнія 100 гадоў і раней. Гэта гісторыя буйнейшых прадпрыемстваў: чыгуначнага вузла, Беларускага металургічнага завода, лясгаса, мясакамбіната, Жлобінскіх электрычных сетак, аграрнага сектару, інш. Асобныя главы адведзены перыяду Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі адукацыі, праваслаўя, друку, музейнай і бібліятэчнай справы, сістэмы аховы здароўя, раённай ветэранскай арганізацыі і г. д.
Значнае месца ў кнізе адведзена знакамітым людзям, ураджэнцам Жлобіншчыны і тым, чый лёс быў звязаны з ёю. Сярод іх – заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Віталь Гузаў (яго імя сёння носіць СШ № 13, дзе ён доўгі час працаваў і дзе па яго ініцыятыве прайшла першая ў незалежнай Беларусі рэспубліканская алімпіяда па працоўнаму навучанню).
М. ВАРАНОВІЧ.
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram, YouTube