НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Сумная вестка прыйшла з Гомеля – 13 лютага 2022 года перастала біцца сэрца таленавітага беларускага пісьменніка Васіля Юр’евіча Ткачова, жыццё і творчасць якога таксама былі звязаны са Жлобіншчынай. Ён – лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Аляксандра Капусціна.

Васіль Юр’евіч Ткачоў нарадзіўся 1 студзеня 1948 года ў в. Гута Рагачоўскага раёна. Вучыўся ў Ісканскай васьмігадовай школе Быхаўскага раёна (1955-1963). Пасля заканчэння Ільічоўскай СШ Рагачоўскага раёна працаваў у раённых газетах (г. Івацэвічы, г.п. Карма).

У 1967 г. прызваны ў савецкую армію. Служыў на касмадроме Байканур.

Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1973). Быў ваенным карэспандэнтам у Сярэдняй Азіі.

З 1980 года жыў і працаваў у Гомелі: карэспандэнт шматтыражкі «Сельмашавец», стыліст і спецыяльны карэспандэнт абласной газеты «Гомельская праўда», у 1989-2005 гг. узначальваў Гомельскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Удзельнічаў у рабоце ІХ з'езда Саюза пісьменнікаў СССР (Масква, 1992). Член Саюза тэатральных дзеячаў (2006). З 1989 г. – член Саюза пісьменнікаў СССР і БССР. З 2006 года – член Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Аўтар 25 кніг прозы, публіцыстыкі і драматургіі.

Лаўрэат прэмій: Федэрацыі прафсаюзаў у галіне літаратуры (2011), імя Васіля Віткі за творы для дзяцей (2012) і расійскай імя Баяна за ўмацаванне літаратурных сувязяў (2000), абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага (2013, 2018), Нацыянальнай літаратурнай прэміі па драматургіі (2017), абласной – імя Аляксандра Капусціна (2001).

Шырока вядомы як драматург. Спектаклі па п’есах Васіля Ткачова запатрабаваны ў тэатрах нашай краіны, а таксама ў Расіі, Казахстане, Эстоніі, Таджыкістане.

Пераможца закрытага Рэспубліканскага конкурсу на лепшую п'есу («Стары і дарога») і іншых творчых конкурсаў.

Асобныя яго апавяданні ўключаны ў чытанкі для вучняў малодшых класаў.

Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі РБ (2007), медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру» (2012). Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2014). Адзначаны прэміяй Рагачоўскага райвыканкама «Залаты Рог» (2014). Ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна (2016).

Да апошняга дня творы, артыкулы, інтэрв’ю В. Ткачова з’яўляліся ў перыядычным друку Беларусі. Ён шчыра адгукаўся на прапановы савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» аб удзеле ў творчых літаратурных акцыях і мерапрыемствах па папулярызацыі літаратуры і чытання. Таленавіты творца часта выступаў перад школьнікамі, навучэнцамі, студэнтамі, вайскоўцамі, актыўна ўдзельнічаў у майстар-класах па выніках Форума маладых літаратараў Гомельшчыны.

За актыўную творчую і грамадскую працу В. Ткачоў 5 сакавіка 2020 года ўзнагароджаны медалём Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» «Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру».

Здымак: belkagomel.by

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук"instagramtwitterTelegram