НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў рамках рэдакцыйнага праекта «Новы дзень»: 95 гадоў у цэнтры жыцця» ўзгадаем вядомых беларускіх празаікаў, паэтаў, перакладчыкаў і публіцыстаў, творчасць якіх была звязана з нашай раёнкай.

Жыццё – любімай справе

Адзін з самых вядомых нашых землякоў (ураджэнец Саланога) – беларускі журналіст, публіцыст і пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры БССР Мікалай Марушкевіч (1924–1994). У гады вайны ён быў бясстрашным падпольшчыкам, затым – разведчыкам у партызанскай брыгадзе «Жалязняк». За праяўленую мужнасць у барацьбе з ворагам узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, многімі медалямі.

Каля 40 гадоў Мікалай Цімафеевіч аддаў сваёй любімай справе – журналістыцы. Пачынаў у 1947-м у рэдакцыі жлобінскай раённай газеты «Шлях сацыялізму», дзе працаваў літсупрацоўнікам (была тады такая пасада), праўда, нядоўга. Тым не менш, ён пакінуў след у гісторыі нашай газеты. Быў дэпутатам, яго выбіралі сакратаром выканаўчага камітэта гарадскога Савета народных дэпутатаў, а таксама першым сакратаром раённага камітэта камсамола. Затым кар’ера Мікалая Марушкевіча была звязана з працай у Мінску: у газеце «Чырвоная змена», потым – у «Сельскай газеце». А ў 1971–1983 гадах ён узначальваў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), якое пры ім зрабіла якасны крок наперад.

Мікалай Цімафеевіч асабліва любіў пісаць нарысы. Потым яны з газетных калонак траплялі ў яго кнігі. Адну са сваіх кніг ён прысвяціў знакамітаму земляку – Герою Савецкага Саюза Васілю Іванавічу Казлову (1903–1967), якога пісьменнік ведаў асабіста. Кніга называецца «Сэнс яго жыцця». Аўтар паказаў складаны шлях ператварэння простага сялянскага хлопца ў генерала – сапраўднага народнага правадыра ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У розны час з нашай раёнкай супрацоўнічалі Аляксандр Капусцін (1924–1996), Мікола Лупсякоў (1919–1972), Хведар Жычка (1927–2007), Міхась Чавускі (1904–1984), Уладзімір Федасеенка (1926–2018), Васіль Рагаўцоў (1952–2016), Уладзімір Содаль (1937–2015), Валянціна Кадзетава-Арэстава (нар. у 1951 годзе), Міхась Сліва (Кавалёў, нар. у 1950 годзе), іншыя.

Адрозніваўся прынцыповасцю

Мікола (Мікалай Ігнатавіч) Янчанка (1931– 2000) нарадзіўся на Магілёўшчыне ў сям’і каваля. Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута. Настаўнічаў у сельскіх школах на Бабруйшчыне, быў выхавацелем у Гарадзецкай школе-інтэрнаце Рагачоўскага раёна.

Яго творчы лёс быў звязаны з раённымі газетамі ў Калінкавічах, Карме і Жлобіне. У жлобінскай раёнцы Мікола Янчанка некалькі гадоў (з канца 1960-х і да свайго ад’езду ў Рагачоў) працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў. З 1972 года – адказны сакратар Рагачоўскай раённай газеты «Камунар».

Як успамінае ветэран журналістыкі, былы адказны сакратар нашай газеты Ніна Аляксейчанка, Мікалай Ігнатавіч адрозніваўся сваёй прынцыповасцю, мог любому начальніку сказаць праўду прама ў вочы.

Дэбютаваў ён як паэт з вершам, які быў змешчаны ў 1958 годзе ў бабруйскай раённай газеце «Камуніст». Пісаў на беларускай і рускай мовах. Стаў аўтарам зборнікаў паэзіі «Разнотравье» (1971), «Кросны» (1980), «Залаты вулей» (1986), «Жыцейка-жыта» (1990), кніг апавяданняў для дзяцей «З людзьмі добра» (1973), «Зраблю сонейка» (1978), «Жменька жалудоў» (1989), кніжкі-маляванкі «Лета ў серванце» (1981). Пераклаў на беларускую мову кнігу вершаў Д. Кавалёва «Вечназялёная Ветка» (1990).

Імем Міколы Янчанкі названа адна з вуліц у новым мікрараёне Рагачова. Гэты горад заняў у яго жыцці асаблівае месца. Тут ён доўгі час жыў і працаваў, тут скончыўся яго зямны шлях.

Заставацца чалавекам

Анатоль Казлоў (1962–2023) таксама быў родам з Магілёўшчыны. Яго станаўленне як творцы было звязана з нашым рэгіёнам і раённай газетай. У 1980-х гадах ён вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, працаваў карэспандэнтам у райгазетах «Авангард» (г. Буда-Кашалёва) і «Камуніст» (г. Жлобін). У 1988-м пераехаў у Мінск.

Аўтару гэтых радкоў не давялося працаваць разам з Анатолем Казловым у жлобінскай раёнцы. Але мы разам вучыліся ва ўніверсітэце і сябравалі. Мы былі аднагодкамі і захапляліся беларускай літаратурай. Ён быў у ліку тых, хто першым падтрымаў мае літаратурныя пачынанні. Ужо тады Анатоль Казлоў адрозніваўся сур’ёзным стаўленнем да з’яў народнага жыцця, быў удумлівым чалавекам.

Першая яго замалёўка «Завітаў чорны бусел» была надрукавана ў краснапольскай газеце «Чырвоны сцяг». А калі ў бібліятэцы часопіса «Маладосць» выйшла першая кніга апавяданняў Анатоля Казлова «Міражы ценяў», крытыкам стала зразумела: у беларускую літаратуру прыйшоў адметны празаік. Ведалі Анатоля Сяргеевіча і як дасведчанага, уважлівага рэдактара. Ён працаваў загадчыкам аддзела публіцыстыкі і нарыса часопіса «Полымя», загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць», галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», загадчыкам аддзела часопіса «Нёман». У апошнія гады работы загадваў аддзелам прозы часопіса «Полымя». На яго творчым рахунку таксама кнігі прозы «І тады я памёр...», «Незламаная свечка», «Юргон», «Горад у нябёсах», «Той, хто абганяе сны» і іншыя.

Аднойчы ў адным інтэрв’ю ў Анатоля Казлова спыталі пра яго жыццёвыя прынцыпы. Пісьменнік адказаў: «У любой сітуацыі заставацца чалавекам…»

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота з адкрытых крыніц.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram.