НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета

Шырэй ахопліваць жыццё роднага краю раёнцы дапамагаюць пазаштатнікі

Пазаштатнікі газеты «Новы дзень»: Л. Атрохаў, Г. Пархоменка, А. Іванькоў, А. Лявоненка, А. Садаводаў, А. Хлапкоў, У. Мазур (злева направа).

Гэты здымак быў зроблены 35 гадоў таму, 5 чэрвеня 1991 года, на сцэне сучаснага гарадскога цэнтра культуры падчас святкавання 60-годдзя райгазеты. На ім фотааб’ектыў зафіксаваў актыўных пазаштатных карэспандэнтаў нашага выдання і тых, хто супрацоўнічаў з газетай па роду сваёй дзейнасці ці сам быў героем публікацый.

Уладзімір Мазур

На жаль, большасць тых, каго мы ўспомнім, ужо пайшлі з жыцця. У гэтым спісе і Уладзімір Мазур – былы старшыня праўлення калгаса «Чырвоная зорка» (в. Кіцін). Сёння тут вытворчы ўчастак сельскагаспадарчага прадпрыемства «Сцяпы». Малой радзімай Уладзіміра Мартынавіча была Нараўляншчына. Пасля Чарнобыльскай катастрофы ён са сваімі землякамі пераехаў на Жлобіншчыну, у в. Кіцін, дзе для іх пабудавалі цагляныя дамы. Многія з перасяленцаў сталі працаваць у мясцовым калгасе, кіраўніком якога абралі Уладзіміра Мазура. У в. Вуглы Нараўлянскага раёна Уладзімір Мазур узначальваў мясцовы сельсавет. Таму вопыт кіраўніцтва гаспадаркай і працы з людзьмі ў яго быў. Калгас «Чырвоная зорка» стаў адным з перадавых на Жлобіншчыне.

Анатоль Хлапкоў

Няма ўжо сярод нас і ветэрана педагагічнай працы, актыўнага краязнаўцы Анатоля Хлапкова, які жыў у Чырвоным Беразе. Да апошніх сваіх дзён Анатоль Фёдаравіч быў поўны творчых планаў, працягваў друкавацца на старонках раённай газеты «Новы дзень», у абласным і рэспубліканскім друку.

Тэмы яго публікацый – педагагічныя напрацоўкі і краязнаўчыя даследаванні па гісторыі аграгарадка Чырвоны Бераг. Асаблівую ўвагу ён надаваў матэрыялам перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Так было вернута з небыцця імя падпольшчыка Віктара Васільчыка (1895–1971). У 2013 годзе ў Чырвоным Беразе была адкрыта памятная дошка ў гонар гэтага патрыёта, а ў 2014-м яму пасмяротна было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна аграгарадка.

Аляксандр Лявоненка

Ветэран аграрнага сектара, чалавек, улюблёны ў свой родны край, Аляксандр Лявоненка зрабіў для яго нямала карыснага. Працаваў старшынёй праўлення калгаса імя Я. М. Свярдлова (цэнтральная сядзіба – в. Кірава, сёння – аграгарадок), старшынёй Стараруднянскага сельсавета. Раённая газета друкавала яго артыкулы пра жыццё згаданых гаспадаркі і сельсавета.

Аляксандр Адамавіч таксама актыўна займаўся краязнаўствам. Ён напісаў грунтоўную працу па гісторыі калгаса, у якім працаваў, і аграгарадка Кірава (раней населены пункт называўся Святое). Свае цікавыя даследаванні друкаваў на старонках райгазеты. Але зямнога жыцця яму было адмерана ўсяго 66 гадоў.

Генадзь Пархоменка

У 2021-м пайшоў з жыцця адзін са старэйшых пазаштатнікаў «Новага дня» Генадзь Пархоменка. З юнацтва ён захапляўся спортам, стаў сярэбраным прызёрам Усебеларускай спартакіяды школьнікаў па лёгкай атлетыцы. Пасля заканчэння Беларускага інстытута фізічнай культуры працаваў настаўнікам фізкультуры на Жлобіншчыне, а таксама дзіцячым трэнерам у спартыўнай школе. Каля 20 гадоў з’яўляўся галоўным трэнерам зборных каманд вобласці па валейболе, якія станавіліся чэмпіёнамі Беларусі. Завочна скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны.

Напісаў і выдаў некалькі кніг па гісторыі роднага Жлобіна. Але галоўнай яго краязнаўчай працай стаў дакументальна-мастацкі зборнік «Озаричи» – боль моя» (2005 г.). Вязнем гэтага лагера смерці быў і 8-гадовы Генадзь Пархоменка.

Леанід Атрохаў

На працягу многіх гадоў плённа супрацоўнічаў з раёнкай ветэран працы рамонтна-механічнага завода «Днепр» Леанід Атрохаў. Яго сяброўства з газетай доўжылася амаль 40 гадоў, пачынаючы з 1969-га, калі на старонках тады яшчэ «Камуніста» з’явіўся першы артыкул Леаніда Малахавіча. Пазаштатнік пісаў аб тым, што хвалявала жлабінчан: добраўпарадкаванне горада, работа гандлю і г. д. Часта расказваў аб цікавых і нераўнадушных людзях. Доўгі час Леанід Атрохаў узначальваў вулічны квартал, у якім пражываў. Гэтая яго работа знайшла адлюстраванне на старонках нашай газеты. Падчас заслужанага адпачынку з’яўляўся актывістам гарадскога савета ветэранаў. Пайшоў з жыцця ў 2008 годзе.

Аляксандр Садаводаў

Па роду сваёй дзейнасці Аляксандр Садаводаў доўгі час супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты «Новы дзень». У 1991 годзе ён узначальваў Дзяржаўтаінспекцыю Жлобінскага ГРАУС. Пазней яго кар’ера пайшла ўгору: стаў намеснікам начальніка Жлобінскага ГРАУС, потым – Светлагорскага, у розныя гады ўзначальваў раённыя аддзелы ўнутраных спраў у Рагачове і Жлобіне. Аляксандр Іванавіч з чырвоным дыпломам скончыў Акадэмію МУС Расійскай Федэрацыі ў Маскве. Завяршыў службу на пасадзе начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Гомельскай вобласці ў званні палкоўніка міліцыі. Сёння жыве ў Жлобіне. Паранейшаму цікавіцца жыццём роднага краю.

Аляксандр Іванькоў

Шмат гадоў (з часу заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны) лёс Аляксандра Іванькова звязаны з сістэмай адукацыі Жлобіншчыны. Аляксандр Аляксеевіч працаваў дырэктарам Мормальскай сярэдняй школы, у аддзеле адукацыі райвыканкама, у Стараруднянскай сярэдняй школе. Ён і сёння працягвае педагагічную дзейнасць у Ніўскай сярэдняй школе. У 1990-х узначальваў Дабрагашчанскі сельсавет, аддзел фізічнай культуры, спорту, турызму і па справах моладзі райвыканкама. З’яўляеццца кандыдатам у майстры спорту па спартыўнай хадзьбе і рускіх шашках.

Аляксандр Іванькоў – краязнаўца, грунтоўна даследаваў гісторыю вёскі Мормаль, зрабіў шмат дзеля ўшанавання памяці аб яе вызваліцелях ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Друкаваўся ў раёнцы і рэспубліканскіх газетах.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота з архіва «НД».

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram.