За доўгую гісторыю жлобінскай раёнкі ў рэдакцыі працавала нямала жанчын

Супрацоўнікі «Новага дня» (2021 г.): адказны сакратар Юлія Міхалюк, тэхрэдактар Наталія Камарова, вадзіцель Дзмітрый Пятрэнка, стылістычны рэдактар Людміла Собалева, галоўны бухгалтар Алена Рабцава, рэдактар аддзела Юлія Андросава, галоўны рэдактар Галіна Мельнікава, тэхрэдактар Святлана Фісюк, рэдактары аддзела Мікалай Шуканаў, Эліна Каваленка, намеснік галоўнага рэдактара Таццяна Скобелева, юрысконсульт Вольга Бараноўская, рэдактар аддзела Ганна Шмігірова (злева направа).
З нагоды Дня жанчын у рамках рэдакцыйнага праекта «Новы дзень»: 95 гадоў у цэнтры жыцця» згадаем аб прадстаўніцах цудоўнай паловы чалавецтва, якія ў розныя часы добрасумленна і плённа працавалі ў раёнцы, і аб тых, хто стаіць на рэдакцыйным пасту сёння.
Яны пісалі гісторыю газеты, а ў апошнія дзесяцігоддзі складаюць большую частку яе калектыву. Усіх работніц рэдакцыі за яе амаль векавую гісторыю ў адным артыкуле, зразумела, згадаць немагчыма – імёны многіх з іх будуць названы ў наступных публікацыях.
Наш аповед пра работніц рэдакцыі жлобінскай раёнкі пачнем з перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тады ў летапісе газеты «Шлях сацыялізма» (так у той час называлася наша выданне) згадваецца першая з іх. Гэта Надзея Кавальчук, якая працавала наборшчыцай. Раёнка ў гады вайны была газетай-партызанкай, выходзіла ў размяшчэнні партызанскай брыгады «Жалязняк». Калектыў рэдакцыі складаўся ўсяго з чатырох чалавек, у іх ліку была і наша гераіня. Працавалі ў цяжкіх умовах пры частай змене месца знаходжання. З 22 ліпеня да 13 лістапада 1943 года выйшла 16 нумароў газеты.
Пасля вайны ў рэдакцыі літсупрацоўнікам пэўны час была Таццяна Якімовіч (у замужжы Батракова). Яна марыла быць педагогам. Вучылася ў педінстытуце ў Мінску, але пачалася вайна. Фашысты двойчы спрабавалі вывезці Таццяну Міхайлаўну ў рабства ў Германію, але яна кожны раз уцякала. Дзяўчыне ўдалося трапіць у партызанскі атрад. Ужо ў мірны час разам з мужам вырасцілі дзвюх дачок. Таццяна Якімовіч выбіралася дэлегатам абласных канферэнцый жанчын, узначальвала ветэранскую арганізацыю Салонскага сельсавета.
Шмат абавязкаў у газеце ўскладзена на адказнага сакратара. На гэтай пасадзе доўгі час працавалі нашы жанчыны: у пасляваенны перыяд – Марыя Хадарэнка, у перыяд незалежнасці Беларусі – Ніна Аляксейчанка. Дарэчы, Ніна Мікалаеўна аддала працы ў газеце амаль паўстагоддзя – рэкорд. Пачынала ў 1970 годзе карэктарам, працавала карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, выбіралася членам райкама КПБ, дэпутатам райсавета народных дэпутатаў.
Пэўны час адказным сакратаром працавала Таццяна Котава – чалавек творчы і ініцыятыўны, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аляксандра Капусціна. Зараз яна намеснік галоўнага рэдактара.
З 1955 да 1976 года пасаду бухгалтара займала Фядора Шчыгельская. Спачатку гэта пасада называлася «загадчыца рэдакцыі», пазней – «старшы бухгалтар». Фядора Ціханаўна адначасова адказвала за гаспадарку, справаводства, кадры, працавала з пісьмамі чытачоў. Жанчына перажыла жахі вайны. А ў 1944-м, адразу пасля вызвалення Жлобіншчыны ад фашыстаў, узначаліла адзін з мясцовых калгасаў.
У канцы 1980-х і на пачатку 1990-х бухгалтэрыю ўзначальвала На-дзея Ліпская. Потым да канца 2008-га – Любоў Гаўрыленка, якая любіла парадак і дакладнасць. З 2000 года ў рэдакцыі працуе сённяшні галоўны бухгалтар Алена Рабцава, вельмі адказны і сумленны работнік. Рэдакцыю нельга ўявіць без карэктара (сёння – стылістычны рэдактар). У розныя гады дбалі аб прыгажосці мовы артыкулаў Ніна Кавалёва, Надзея Варчэня, Кацярына Шуканава, Людміла Собалева, інш. Сёння карэктурай тэкстаў займаецца руплівая Алена Рашук.
Не можа газета існаваць і без тэхнічнага аддзела. Гэты ўчастак добрасумленна вялі Аляксандра Говар, Святлана Казлова, Лідзія Барысенка.
Сёння вярстаюць выданне Святлана Фісюк і Наталія Камарова – творчыя і крэатыўныя спецыялісты.
Ёсць у рэдакцыі газеты ўважлівы і адказны юрысконсульт Вольга Бараноўская.
За рэкламу адказвае Інэса Говар – чалавек, які можа знайсці падыход да кожнага рэкламадаўцы.
Раней чысціню ва ўстанове падтрымлівалі Наталля Казлова, Любоў Панамарова, інш. Сёння робіць рэдакцыю ўтульнай Валянціна Шчакалдзіна.
У 2009 годзе райгазету ўпершыню ўзначаліла жанчына – Галіна Мельнікава, якая ўзнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік друку Беларусі», стала ганаровым грамадзянінам Жлобінскага раёна. Пад яе началам газета пачала выходзіць у двух колерах. З’явілася інтэрнэт-версія выдання. А 31 студзеня 2009 года ўпершыню пятнічны нумар выйшаў на 16 старонках. Сёння – на 32 палосах на тыдзень. Раёнка двойчы была пераможцам Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара», шэсць разоў станавілася яго лаўрэатам. У 2020-м газета прызнана лепшай у абласным спаборніцтве сярод СМІ, у 2023-м – адной з лепшых у вобласці сярод сеткавых выданняў і інтэрнэтрэсурсаў (распрацоўшчык сайта, а зараз журналіст Людміла Крычко).
У 2010 годзе раёнка атрымала памяшканне па адрасе: вул. Першамайская, 16.
З 2025-га жаночую эстафету галоўнага рэдактара прыняла Таццяна Скобелева, якая плённа працуе ў газеце з 2010 года.
Звыш дзесяці гадоў з’яўляецца рэдактарам аддзела Ганна Шмігірова, якая валодае добрымі камунікатыўнымі навыкамі, мае свой стыль.
Значны ўклад у развіццё раёнкі ўнесла вопытны журналіст Людміла Арол. З 1984 года яна працавала на журналісцкай ніве, а апошнія дзевяць гадоў перад выхадам у 2020-м на заслужаны адпачынак – намеснікам галоўнага рэдактара. Людміла Аляксандраўна – выдатнік друку Беларусі, лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў у 1990 і 1998 гадах.
Рупліва ў газеце працавалі журналісты Ірына Трыпузава, Юлія Міхалюк, Юлія Андросава, Эліна Каваленка і інш.
Мікалай ШУКАНАЎ.
Фота з архіва «Новага дня».
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram.
















