НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

12 лютага – 102-я гадавіна з дня нараджэння беларускага пісьменніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна Жлобіна, ураджэнца нашага раёна Аляксандра Пятровіча КАПУСЦІНА (1924–1996). У канцы 1990-х Жлобінскі гарвыканкам і Гомельскае абласное аб’яднанне Саюза пісьменнікаў Беларусі заснавалі ў яго гонар літаратурную прэмію, якая ўручаецца ў дзень нараджэння пісьменніка падчас Капусцінскіх чытанняў.

Так было і сёння. А прайшло гэтае мерапрыемства, якое падрыхтавалі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Н. К. Крупскай, у Жлобінскім гісторыка-краязнаўчым музейным комплексе. Сёлета, у Год беларускай жанчыны, галоўнымі героямі чытанняў сталі новыя лаўрэаты Капусцінскай прэміі – жлобінская паэтэса, адказны сакратар раённай газеты «Новы дзень» Таццяна Котава і краязнаўца, урач Жлобінскай ЦРБ Раіса Талканіца.

Таццяна Котава па прафесіі педагог, але ўжо некалькі гадоў плённа працуе ў журналістыцы. Яе вершы рэгулярна з’яўляюцца на старонках розных выданняў, былі надрукаваны яны і ў літаратурным альманаху «Галасы роднага краю», які пабачыў свет у 2016 годзе дзякуючы намаганням жлобінскай раёнкі.

Раіса Талканіца – ветэран сістэмы аховы здароўя. У ліку яе захапленняў – краязнаўства. Яна сааўтар кніг «Справа ўсяго жыцця…» (нарысы і апавяданні аб 100-гадовай гісторыі развіцця медыцыны на Жлобіншчыне), «Панін, легендарны доктар…» і іншых, стваральнік унікальнага музея гісторыі Жлобінскай ЦРБ.

Новых лаўрэатаў з узнагародай павіншавалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Марына Раманенка, галоўны рэдактар газеты «Новы дзень» Таццяна Скобелева, ветэран сістэмы аховы здароўя, ганаровы работнік Беларускай чыгункі, краязнаўца Алег Попчанка, жлобінскі паэт, ветэран Беларускай чыгункі Павел Луд і іншыя госці.

Канешне, падчас мерапрыемства шмат гаварылася пра жыццёвы і творчы шлях Аляксандра Капусціна. Вядучыя сустрэчы адзначылі:

– Жыццё Аляксандра Пятровіча – гэта прыклад адданасці сваёй справе і Айчыне. Праз творчасць пісьменнік распавядаў праўду пра вайну. Усе яго кнігі – гэта мастацка-дакументальныя творы, заснаваныя на рэальных падзеях. Ён меў унікальны талент бачыць і паказваць глыбіню чалавечых пачуццяў, адлюстроўваць гераізм і стойкасць духу. Аляксандр Пятровіч любіў пісаць пра сучаснікаў, асабліва пра сваіх землякоў і людзей, якія зрабілі значны ўклад у развіццё роднай Жлобіншчыны. Найлепшыя з гэтых твораў увайшлі ў яго кнігі «Покліч сэрца», «Размова ў дарозе», «Салёная раса».

Пра сваю малую радзіму Аляксандр Капусцін пісаў:

Тут карані, адсюль вытокі,

Тут чысціня ўсіх роздумаў былых,

Якіх ніколі не забудзе сэрца.

Тут цішыня аж прыгалубіць слых…

Пісьменнік шмат зрабіў для ўшанавання подзвігу 63-га стралковага корпуса пад камандаваннем генерала Леаніда Пятроўскага, які знайшоў вечны спачын у брацкай магіле ў вёсцы Старая Рудня – на малой радзіме пісьменніка.

Аляксандр Капусцін – аўтар 29 кніг. Жлабінчане заўсёды будуць удзячныя пісьменніку за ўсё тое, што ён зрабіў у сваім жыцці для людзей, для сваіх землякоў.

Мікалай ШУКАНАЎ, лаўрэат Капусцінскай прэміі.

Фота Мікалая СЕМЯНЦА.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegram.