НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Сёлета, у год 80-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, нам, жлабінчанам, хочацца з удзячнасцю ўспомніць як мага больш тых, хто заваяваў для нас свабоду. З гэтай нагоды мы звяртаемся да імён перамогі. Сёння мы раскажам пра лёс франтавога ўрача, заслужанага ўрача Удмурцкай АССР, першай удмурцкай паэтэсы і пісьменніцы Акіліны Рыгораўны ВЕКШЫНАЙ (1898–1973; літаратурны псеўданім – Ашальчы Акі), якая ў складзе дзеючай арміі вызваляла наш край ад ворага ў 1943-1944 гадах.

У БАЯХ ЗА ЖЛОБІН І РАГАЧОЎ

У Чырвонай Арміі Акіліна Векшына знаходзілася з 20 ліпеня 1941 года, лічы, з самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Яна была ўжо вопытным урачом (яшчэ ў 1927 годзе скончыла медыцынскі факультэт Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта).

Акіліна Векшына, на той час сціплы ваенны ўрач і нікому не вядомая ў армейскім асяроддзі паэтэса і пісьменніца з няпростым лёсам, ваявала ў складзе 3-й арміі Беларускага, а пасля – 1-га Беларускага, 2-га Беларускага, 3-га Беларускага франтоў. У пачатку вайны ўдзельнічала ў Маскоўскай бітве, Бранскай аперацыі, а потым – у Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён». Вызваляла Прапойск (сённяшні Слаўгарад), Гомель, Рагачоў, Жлобін, Бабруйск, Асіповічы, Навагрудак, Ваўкавыск.

На фронце капітан медыцынскай службы Акіліна Векшына прафесійна спакойна і сумленна рабіла сваю няпростую справу – змагалася за жыццё тых, хто быў на перадавой і атрымліваў раненні. Здаралася, што яна пералівала пацыентам сваю кроў, а потым, зняможаная, станавілася за аперацыйны стол, каб выратаваць жыццё таго байца, які, як здавалася, і выжыць не мог.

21 лютага 1944 года войскі 3-й арміі перайшлі ў наступленне. На працягу двух дзён была прарвана абарона праціўніка, удалося фарсіраваць раку Днепр і перарэзаць чыгунку Магілёў – Рагачоў. Але ў ходзе той наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі Жлобін вызваліць не змаглі. Тым не менш 23 лютага вораг быў выбіты з Рагачова. Воіны 3-й арміі замацаваліся на вялікім плацдарме на правым беразе Дняпра і выйшлі на подступы да Жлобіна (ён таксама знаходзіцца на правым беразе гэтай ракі).

Поўнасцю вызваліць Жлобінскі раён змаглі толькі ў ходзе Бабруйскай наступальнай аперацыі (24– 29 чэрвеня 1944 года). Непасрэдна часці 3-й арміі не ўдзельнічалі ў вызваленні Жлобіна: яны рухаліся на адным з флангаў нашых вайсковых злучэнняў. Тым не менш гэта садзейнічала таму, што наш горад быў вызвалены ад нямецкафашысцкіх захопнікаў.

Гэта былі крывавыя баі. І можна толькі здагадвацца, колькі сіл, цярпення і мужнасці ў тыя цяжкія дні спатрэбілася праявіць урачу Акіліне Векшынай.

Жанчына прайшла ўсю вайну. Яна была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Нагадаем радкі аднаго з узнагародных лістоў за подпісам начальніка хірургічнага палявога шпіталя № 571 ад 5 сакавіка 1944 года: «Таварыш Векшына праявіла сябе як урач – энтузіяст сваёй справы. Працавала на самых цяжкіх і адказных участках... Сваёй нястомнасцю, самаахвярнасцю ў лячэнні яна выратавала жыцці многім сотням параненых. Неаднойчы здавала сваю кроў для выратавання жыцця параненых. Мае мноства падзячных пісьмаў ад параненых...» А вось радкі з характарыстыкі, напісанай начальнікам шпіталя 19 мая 1945 года: «Тав. Векшына... прыгожай душы чалавек і добры таварыш... сціплы ўрач-патрыёт».

«АДКРЫЎШЫ СВАЁ СЭРЦА НАСЦЕЖ»

У 1946 годзе Акіліна Векшына была дэмабілізавана. Яна вярнулася ў родную Удмурцію і зноў пачала працаваць на медыцынскай ніве – урачом Алнашскай раённай бальніцы. У 1958-м Акіліну Рыгораўну ўзнагародзілі ордэнам «Знак Пашаны», ёй таксама было прысвоена званне заслужанага ўрача Удмурцкай АССР.

А што ж да літаратурнага лёсу ўдзельніцы вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў?.. Як паэтэса шырокую вядомасць Ашальчы Акі (далей будзем называць яе літаратурным псеўданімам) атрымала ў 1920-я гады. На той час яна працавала настаўніцай. Дарэчы, Ашальчы Акі лічыцца першай паэтэсай, якая стала пісаць вершы на ўдмурцкай мове.

Пачатак творчасці нашай гераіні адносіцца да 1918 года, калі ў друку, на старонках удмурцкіх газет «Віль сінь» і «Гудыры», з’явіліся яе першыя вершы і апавяданні. Якраз у гэтым годзе адбылася сустрэча маладой паэтэсы з паэтам, празаікам, драматургам і вучоным-этнографам Кузебаем Гердам. Ён клапатліва збіраў нацыянальныя літаратурныя сілы, імкнуўся чым толькі мог дапамагчы кожнаму таленавітаму мастаку слова. Забягаючы наперад, адзначым, што ў 1933 годзе Кузебай Герд трапіў пад каток рэпрэсій, а ў 1937-м быў расстраляны. Рэпрэсавана была і сама паэтэса, але яе лёс быў не такім трагічным.

У 1925 і 1928 гадах былі надрукаваны першыя паэтычныя зборнікі Ашальчы Акі – «Ля дарогі» і «Пра што спявае вацячка». Аўтар даказала, што і на ўдмурцкай мове магчыма ствараць чароўныя лірычныя творы, весці душэўны дыялог з чытачом. Пасляслоўе да першай кнігі таленавітай паэтэсы напісаў якраз Кузебай Герд. Ён адзначаў: «Яе вершы, быццам кветкі, раскіданыя ў розных мясцінах, сустракаліся ва ўдмурцкіх часопісах і газетах. Хаця і былі яны раскіданы, усё адно звярталі на сябе нашу ўвагу. Аднойчы прачытаеш – хочацца чытаць далей яшчэ і яшчэ. Прачытаеш іх – быццам ідзеш па родным квітнеючым полі... Ашальчы Акі піша не толькі пра сябе, яна піша пра ўсіх удмурцкіх жанчын. Скрозь яе вершы, як скрозь адчыненае акно, узіраешся ў сэрцы дзяўчат-удмуртак... Ашальчы Акі... адкрыўшы сваё сэрца насцеж, каб усе бачылі ў ім усё, адкрывае перад намі сэрцы многіх тысяч удмурцкіх жанчын... Калі б яна змагла, яна квітнела б у жыце сінімі-сінімі васільковымі кветкамі! Стала б звонкай чыстай крыніцай, вада якой журчыць з-пад гары, і цякла б яна ў вёдры ўдмурцкіх жанчын!..»

А ў 1933 годзе Ашальчы Акі пачалі крытыкаваць. Яна стала адыходзіць ад літаратуры і захапілася медыцынай. Наша гераіня займалася афтальмалогіяй, змагалася з захворваннем трахомай. Абышла сотні ўдмурцкіх вёсак.

Некалькі разоў Ашальчы Акі ездзіла ў Маскву і Казань для прафесійнага ўдасканальвання. А ў лютым 1933-га яе арыштавалі і абвінавацілі ў тым, што яна быццам бы падтрымлівала сувязь з буржуазнымі нацыяналістамі. Але праз тры месяцы выпусцілі. Праўда, у 1937 годзе арыштавалі зноў і праз некаторы час таксама выпусцілі... Новага арышту яна чакала аж да чэрвеня 1941-га, калі пачалася вайна

23 чэрвеня Ашальчы Акі выклікалі ў райвыканкам і абвясцілі, што прызначаюць яе галоўным урачом, паколькі папярэдняга галоўнага ўрача мабілізавалі на фронт. А праз дзве гадзіны патэлефанавалі і запатрабавалі тэрмінова прыйсці ў ваенкамат. Так што галоўным урачом Алнашскай бальніцы наша гераіня была толькі дзве гадзіны. У яе свядомасці была адна думка: «Паколькі прызываюць на фронт, значыць, давяраюць...»

Пасля 1956 года Ашальчы Акі напісала некалькі апавяданняў для дзяцей. У творчым багажы ўдмурцкай пісьменніцы ёсць і пераклады паэтычных твораў Пушкіна, Гейнэ, іншых класікаў сусветнай літаратуры.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube