НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Вёска Цупер Майскага сельсавета, дзе сёння пастаянна пражывае менш за 30 чалавек, належыць да ліку малых населеных пунктаў. Але ёй не пагражае знікненне з геаграфічнай карты. Чаму? Аб гэтым, а таксама аб мінулым паселішча мы і раскажам.

Загадкі этымалогіі

З чаго пачаць? Напэўна, з назвы. Этымалогія (паходжанне) слова «Цупер» звязана з прыметнікам «цупкі», што значыць «тугі», «цвёрды». Такую мянушку мог атрымаць моцны, рослы і дужы мужчына. З гэтым згодны і старажылы Цупера, якія лічаць, што іх вёску заснавалі «дужыя мужчыны». Так гэта было ці не, сёння ўжо ніхто дакладна не скажа. Але тое, што раней сяляне былі людзьмі сапраўды дужымі, таму што ўсё жыццё працавалі на зямлі, з гэтым, напэўна, ніхто спрачацца не будзе.

Блізка да назвы вёскі і назва рачулкі, якая працякае праз населены пункт,– Цуперка – памяншальна-ласкальнае ад слова «Цупер». І сапраўды, рачулка невялікая – усяго 10,5 кіламетра даўжынёй.

З пісьмовых крыніц

Першай вядомай пісьмовай крыніцай, у якой згадваецца Цупер, з’яўляецца справаздача аб рэвізіі вёскі ў 1858 годзе. З дакумента вядома, што паселішча знаходзілася ў валоданні Турчанінава, які купіў яго ў 1857 годзе ў памешчыка Маліноўскага. Тады Цупер знаходзіўся ў складзе Гарадзецкай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі: фонды 2014 і 2079). З 1880 года тут дзейнічалі млын, хлебазапасны магазін (Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў: фонд 1290). Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы знаходзіліся таксама школа граматы і дзве кузні. Пасля1909 года Цупер падзяліўся на Стары і Новы, але ў пачатку 1920-х гадоў вёска зноў аб’ядналася ў адзін населены пункт. У 1934 годзе тут быў арганізаваны калгас (Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Жлобіна і Жлобінскага раёна. –Мінск. 2000).

Вайна крывавым колам прайшлася па Цуперу. Нямецка-фашысцкія акупанты спалілі 73 двары і забілі 70 мірных жыхароў. А на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі яшчэ 80 мясцовых жыхароў. Вызвалілі вёску 24 лютага 1944 года. У памяць пра загінулых у 1967 годзе на паўднёвай ускраіне Цупера была ўсталявана скульптура савецкага салдата.

Хочацца жыць па-суседску

Колькасць даваеннага насельніцтва Цупера так і не была адноўлена. Калі ў 1940 годзе тут пражывала 292 жыхары, то згодна перапісу 1959 года – толькі 179. А потым колькасць вяскоўцаў зноў пачала змяншацца ўжо пад уплывам урбанізацыі.

На здымку: Марыя Парфёнаўна Семенчукова

Старажылы – 90-гадовая Валянціна Ізотаўна Шылянкова і 81-гадовая Марыя Парфёнаўна Семенчукова, з якімі нам давялося пагутарыць, успамінаюць, што яшчэ ў 50–60-я гады ў Цуперы было зусім іншае жыццё, чым сёння. І справа не толькі ў тым, што тут стаяла многа хат, у якіх жылі шматдзетныя сем’і. А калі быў час сенакосу, дык мужыкі з косамі ў кузаў адной машыны не ўмяшчаліся.

На здымку: Валянціна Шылянкова

– Тады людзі былі зусім іншымі, чым сёння, – кажа Марыя Парфёнаўна. – Жылося цяжка, але ніхто не сумаваў, таму што жылі дружна, падтрымлівалі адзін аднаго. Вечарамі пасля працы ўся вёска збіралася ў мясцовым клубе. Спявалі, танцавалі. А зараз усе жывуць паасобку. Не ведаеш, да каго і за дапамогай звярнуцца, калі яна спатрэбіцца. Хіба толькі ў сельсавет ці «сабес». Не да такога мы прывыклі ў маладосці. Гэта ўжо, як кажуць, «казёншчына», а хочацца, каб было па-суседску...

Сучасны «рэнесанс»

Як мы адзначалі вышэй, гадоў праз трыццаць пасля вайны насельніцтва Цупера пачало скарачацца. Але гадоў дзесяць таму гэты працэс спыніўся. Тут пачалі сяліцца дачнікі, а хтосьці з гараджан і на пастаяннае месца жыхарства перабраўся. Кіраўнік справамі Майскага сельвыканкама Наталля Крыпіневіч, якая разам з намі наведалася ў вёску, адзначыла:

– Прыкладна з 2009 года ў Цуперы навасёлы набылі больш за 20 зямельных участкаў. Штогод будуюцца новыя дамы. Сярод тых, хто вырашыў асталявацца ў вёсцы, – Іван Александроў. Родам ён з Міншчыны. Служыў мічманам на падводнай лодцы на Паўночным флоце. Пасля дэмабілізацыі яшчэ колькі год працаваў на чыгунцы. Потым асеў на зямлі – у Цуперы, на малой радзіме жонкі.– Тут мне спадабалася,– кажа Іван Фёдаравіч. – Зручнае месца: побач горад, рэгулярны аўтобусны рух. А яшчэ тут у мяне атрымалася развярнуцца як індывідуальнаму прадпрымальніку: я ж цясляр.

Да сказанага варта дадаць, што ў Цуперы захавалася і вытворчасць. Больш таго, тут не так даўно быў пабудаваны сучасны буйны жывёлагадоўчы комплекс, які належыць СВУ «Антонаўка-Агра». Канешне, усё гэта добра. Але сёння ў асноўным у Цуперы селяцца людзі, як кажуць, з боку. Нават многія з тых, хто працуе на згаданым комплексе, – гараджане. А значыць, не будзе ўжо таго сапраўднага цуперскага духу, які панаваў тут некалі. І нічога тут не зробіш, новы час дыктуе свае ўмовы.

Знакаміты зямляк

На заканчэнне згадаем і пра той факт, што сярод ураджэнцаў Цупера ёсць і знакаміты чалавек – савецкі военачальнік, контр-адмірал Максім Пятровіч Скрыганаў (1892–1951 гг.). Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года. Унёс значны ўклад у станаўленне савецкага ваеннага флоту.

М. Скрыганаў быў узнагароджаны шматлікімі ордэнамі: Леніна (двума), Працоўнага Чырвонага Сцяга (двума), Нахімава II ступені, Айчыннай вайны I ступені, шматлікімі медалямі, у тым ліку і баявымі: «За абарону Каўказа», «За перамогу над Германіяй…», знакамі: «Воіну Чырвонай гвардыі і чырвонаму партызану»,«Удзельніку Хасанскіх баёў».

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота Мікалая СЕМЯНЦА.

Полная перепечатка текста запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Материал опубликован в газете "Новы дзень" № 94 от 10.12.2019

Чтобы быть в курсе событий, регистрируйтесь в наших группах: 

Наша группа в социальной сети "ВКонтакте" - "С новым днём, Жлобин!

Наша группа в социальной сети "Одноклассники" - "С новым днём, Жлобин!" 

Читайте ndsmi.by в "Одноклассниках"

Читайте ndsmi.by в "Контакте"

Читайте ndsmi.by в "Фейсбуке"

Читайте ndsmi.by в "twitter"   

Наш канал на YouTube

Наш канал в Telegram