НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

30 гадоў таму – у лютым 1992 года – дзверы для наведвальнікаў адкрыў Жлобінскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей, які стаў цэнтрам па захаванні гістарычнай памяці нашай малой радзімы. Яго дырэктар Ніна ШРЭЙТЭР распавядае:

– Спробы стварыць гісторыка-краязнаўчы музей у Жлобіне прадпрымаліся даўно. Яшчэ ў 1971 годзе ў драўляным аднапавярховым будынку былога ваенкамата па вуліцы Першамайскай быў адкрыты музей народнай славы. Значны ўклад у яго стварэнне ўнёс ветэран Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай справы, былы дырэктар СШ № 1, краязнаўца Іван Фёдаравіч Талкачоў. Ён збіраў матэрыялы, экспанаты, фатаграфіі жыхароў горада, сустракаўся з людзьмі, запісваў іх успаміны. І ўсё гэта было перададзена ў музей. Установа доўгі час працавала на грамадскіх пачатках.

У верасні 1989 года для музея ўладамі быў выдзелены новы будынак, у якім раней размяшчаўся дзіцячы сад, а да рэвалюцыі 1917 года – касцёл. Першым дырэктарам музея быў прызначаны былы дырэктар швейнай фабрыкі, краязнаўца Яўген Васільевіч Карцаў.

На момант адкрыцця ўстановы ў яе фондах налічвалася звыш 4 тысяч экспанатаў. Значная іх частка размясцілася ў экспазіцыйных залах: этнаграфіі, дарэвалюцыйнага і рэвалюцыйнага перыядаў даваеннага жыцця, Вялікай Айчыннай вайны, патрыятычнага і партызанскага руху, сучаснасці. Агульная экспазіцыйная плошча склала 243 м2 . Афармленнем музея займаўся Мінскі мастацка-вытворчы камбінат мастацкага фонду Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Валерыя Паўлавіча Храм цэвіча. Дапамогу ў адборы матэрыялаў аказвалі супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у прыватнасці намеснік дырэктара ўстановы Генадзь Іванавіч Баркун і загадчыца аддзела фондаў Ірына Юр’еўна Варанкова. Работнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь перадалі нашаму музею калекцыю крэмневых вырабаў перыяду неаліту, рэшткі керамічнага посуду і іншыя прадметы, якія распавядаюць пра ўмовы жыцця нашых далёкіх продкаў.

З цягам часу музею, у якім налічвалася ўжо звыш 20 тысяч адзінак захоўвання, стала цесна ў невялікім будынку. Таму 7 лістапада 2020 года наша ўстанова ўрачыста пераехала ў суседні двухпавярховы будынак, які быў капітальна адрамантаваны за бюджэтныя грошы і сродкі, сабраныя жлабінчанамі на суботніках. Цяпер у музеі размяшчаюцца 16 экспазіцыйных залаў, карцінная галерэя, лекцыйная зала, музычны салон. Сёння тут вядзецца вялікая культурна-масавая праца, у аснове якой ляжыць захаванне гістарычнай памяці і патрыятычнае выхаванне моладзі.

 

Запісаў Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота з архіваў «Новага дня» і гісторыка-краязнаўчага музея.