НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Кожная вуліца Жлобіна мае сваю гісторыю: Вакзальная (сёння – імя Урыцкага) – таксама.

«Новы дзень» працягвае ўдзельнічаць у рэспубліканскім гісторыка-культурным праекце «Бацькаўшчына», прымеркаваным да Года гістарычнай памяці. Гэтая ідэя належыць Міністэрству інфармацыі і рэалізуецца сумесна са СМІ і з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам ЛІХАДЗЕДАВЫМ, калекцыі паштовак і фатаграфій канца XIX – пачатку XX ст. якога сталі асновай гэтага праекта.

Наша чарговая публікацыя прысвечана адной з вуліц Жлобіна – імя Урыцкага, якая да рэвалюцыйных падзей 1917 года называлася па простаму – Вакзальная. Для гэтага мы вернемся на стагоддзе з лішкам назад, а потым – у сучаснасць.

Сваю першапачатковую назву вуліца Вакзальная атрымала невыпадкова. Яна працягнулася ўздоўж чыгункі (ад Дняпра) да чыгуначнага вакзала. Адзначым, што рэгулярны чыгуначны рух праз Жлобін на ўчастку Бабруйск – Гомель Лібава-Роменскай чыгуначнай магістралі пачаўся ў лістападзе 1873 года. Будаўніцтва гэтай магістралі пачалося ў 1869 годзе, а завяршылася ў 1874-м. Мэтай такога значнага ў эканамічным жыцці тагачаснай Расійскай імперыі будаўніцтва было павелічэнне вывазу сельгаспрадукцыі на экспарт праз Балтыйскае мора. Чыгунка ўдыхнула новае жыццё ў многія беларускія паселішчы, шэраг з якіх па сваім статусе паступова падняўся да гарадоў (Жлобін – з 1925 года).

Тагачасны Магілёўскі губернатар у сваёй справаздачы пісаў: «Мястэчкі, якія раней былі выдаленыя ад гандлёвых шляхоў, з будаўніцтвам чыгунак і вакзалаў пачалі развіваць свае гандлёвыя абароты і паляпшацца, як, напрыклад, мястэчка Жлобін Рагачоўскага павета, размешчанае на рацэ Днепр, што пацягнула за сабой і перавод туды былой у г. Рагачове суднаходнай прыстані. Жлобін узняўся, а гандлёвае значэнне Рагачова ўпала».

І сапраўды, у Жлобіне пабудавалі чыгуначную станцыю з вакзалам і дэпо на 9 паравозаў. Да прыстані на Дняпры была праведзена ад станцыі спецыяльная галінка. Яшчэ адна чыгуначная галінка (пабудавана да 1892 года) ішла ад станцыі да прадпрыемства, дзе нарыхтоўвалі і прэсавалі сена, якое таксама адпраўлялі ў Балтыку, а потым далей – у Еўропу.

У канцы XIX ст. агульная колькасць рабочых, якія працавалі на новай чыгуначнай станцыі ў Жлобіне, складала 500 чалавек. У адным толькі паравозным дэпо – 96 спецыялістаў. Па кваліфікацыі служачыя станцыі дзяліліся на розныя службы: шляхоў і будынкаў, руху і тэлеграфа, рухомага складу і цягі. Яшчэ да адной групы адносіліся машыністы, іх памочнікі, качагары, аглядчыкі і змазчыкі вагонаў, рабочыя майстэрняў і дэпо.

13 снежня 1902 года пачаўся рэгулярны рух па лініі Віцебск – Жлобін (262 вярсты). Такім чынам Жлобін стаў чыгуначным вузлом. На яго станцыі пабудавалі чыгуначную платформу.

Калі чыгунка была прыкладам тэхнічнага прагрэсу і па ёй можна было камфортна ездзіць і пасажырам, дык гэтага зусім нельга было сказаць пра вуліцу Вакзальную. На паштоўцы відаць, што яна патанала ў гразі, а па ёй рухаўся «дапатопны» транспарт – павозкі. Зусім іншая карціна – сёння. Гэта асфальтаваная вуліца, на якой размясціліся прыгожыя будынкі значымых для нашага горада ўстаноў: цэнтр паслуг Беларусбанка, міжраённае аддзяленне энергазбыту, офісы падатковай інспекцыі, зямельнай службы райвыканкама, ЗАГСу, друкарні («Тэхнічная кніга»), іншыя, а таксама – аўтавакзал і культавая пабудова абшчыны хрысціян веры евангельскай царква «Благадаць». А сама вуліца выходзіць на велічны сучасны чыгуначны вакзал.

Новую назву вуліца Вакзальная атрымала яшчэ да вайны. Яе назвалі ў гонар расійскага рэвалюцыйнага і палітычнага дзеяча, старшыні Петраградскай Надзвычайнай камісіі Майсея Саламонавіча Урыцкага (1873–1918 гг.), які быў забіты ў выніку тэрарыстычнага акту.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота аўтара і паштоўка з калекцыі Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube