НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

215 гадоў таму, на Пакроў Божай Маці, у Стрэшыне быў асвечаны новы праваслаўны храм.

У 1807 г. у гісторыі старажытнага Стрэшына адбылася важная падзея. Тут замест старой драўлянай царквы быў узведзены новы каменны храм у імя Пакрова Божай Маці. Будаўніцтва царквы звязана з імем графа Івана Андрэевіча Астэрмана-Талстога, якому Стрэшын падарыла імператрыца Кацярына II. У XIX ст. у гэтым жа мястэчку адбылася яшчэ адна знакавая для праваслаўя падзея – нараджэнне ў 1837 г. (185 г. таму) будучага святога Іаана Кармянскага (Івана Гашкевіча), чый бацька быў мясцовым святаром.

Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 г. Стрэшынскі храм быў закрыты. Крыжы на купалах былі спілены, унутранае ўбранне разрабавана. Трагічна склаўся лёс і мясцовых святароў. У 1931 г. былі арыштаваны айцы Андрэй Белюсцін і Міхаіл Мігай. Айцец Андрэй памёр у 1940 г. у лагерах, а айцец Міхаіл у 1933 г. быў высланы з сям’ёй на поўнач. У 1941 г. Стрэшын занялі нямецкія акупацыйныя ўлады, якія далі дазвол на аднаўленне царкоўна-прыхадскога жыцця.

Пасля вайны праваслаўная абшчына ў Стрэшыне зноў атрымала афіцыйны статус. Але таму, што мясцовы храм у час вайны быў вельмі пашкоджаны, то, як сказана ў дакументах, «церковная община на него не претендовала». Набажэнствы спраўляліся ў малітоўным доме ў вёсцы Шыхаў. У гады савецкай улады ў храме захоўваліся ўгнаенні, соль, была канюшня, потым – клуб, рэстаран. Вярнуць да жыцця храм узяўся малады святар айцец Васілій Піліпенка. Адраджэнне царквы стала ўсенароднай будоўляй. Сродкі выдзялілі раённыя ўлады, мясцовы калгас, многія жлобінскія прадпрыемствы. Асвячэнне адроджанага храма адбылося 28 ліпеня 1991 г.

Сёння Стрэшынская царква ўключана ў турыстычны маршрут «Залатое кола Гомельшчыны» як унікальны помнік архітэктуры класіцызму ХІХ ст. Уладзімір МАЛЕЦ, супрацоўнік Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Фота Мікалая ШУКАНАВА.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube