З 1991 года паломнікі са Жлобіншчыны ездзяць у Добрушскі раён, каб пакланіцца свайму земляку – святому Іаану Кармянскаму.
Многія сувязі, у тым ліку і духоўныя, звязваюць Жлобінскі край з Добрушскім. Да прыкладу можна згадаць лёс праваслаўнага святара Іаана Гашкевіча (1837–1917 гг.), які вядомы сёння як святы праведны Іаан Кармянскі (ад назвы паселішча ў Добрушскім раёне). Ён нарадзіўся і вырас на Жлобіншчыне, у старажытным Стрэшыне. А ў Добрушскім краі прайшла значная частка яго жыцця. Там сёння знаходзяцца і нятленныя мошчы святога (у Св.-Пакроўскім храме а/г Карма). У рамках рэспубліканскага гісторыка-культурнага праекта «Бацькаўшчына», які прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, мы раскажам пра айца Іаана, якому давялося быць сведкам і трагічных падзей пачатку XX ст.
НОВЫ БЕЛАРУСКІ СВЯТЫ
У 1998 г. Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы прылічыў протаіерэя Іаана Гашкевіча да ліку мясцова-шанаваных святых. Былі ўсталяваны і дні святкавання царкоўнай памяці новага святога: 9 верасня – у дзень здабыцця мошчаў праведніка і 31 мая – у дзень яго праслаўлення.
Цяпер звернемся да падзей, якія адбываліся ў пачатку 1990-х гадоў. Аб гэтым пісаў архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, які на той момант служыў у а/г Карма Добрушскага раёна. Уладыка ўспамінае: «Па просьбе вернікаў, жыхароў в. Агародня (населены пункт у Добрушскім раёне, побач з а/г Карма. – Рэд.), мне… прыйшлося весці раскопкі падмурка былой (мясцовай. – Рэд.) Свята-Мікалаеўскай царквы… Раскопкі праводзіліся з мэтай знайсці месцазнаходжанне алтарнай апсіды. На месцы (былога. – Рэд.) прастола збіраліся ўсталяваць вялікі дубовы крыж. …Нарэшце быў знойдзены каменны слуп – падстава пасаду. Колькі было радасці і слёз! … Людзі ўспомнілі, што побач знаходзіцца магіла двух святароў – айца Іаана і яго сына іерэя Міхаіла Гашкевічаў. Калі труна была ўскрыта… пад покрывам аказаліся нятленныя астанкі, убраныя ў зялёнае адзенне... У руках (нябожчыка. – Рэд.) быў драўляны крыж з распяццем, Евангелле на славянскай мове, на грудзях – літаграфічная выява іконы святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова. …З глыбокай павагай і трапятаннем нятленныя астанкі айца Іаана былі пераапрануты ў новую тканіну і перавезены ў храм Пакрова Багародзіцы в. Карма».
Тады ж была створана і царкоўная камісія па вывучэнню знойдзеных астанкаў. Дарэчы, актыўны ўдзел у яе рабоце прымаў благачынны Жлобінскай акругі праваслаўных цэркваў протаіерэй Васілій Піліпенка, які на мяжы 1980–90-х гадоў адрадзіў Стрэшынскі храм.
Цікавы і такі факт. Цяперашні благачынны Добрушскай акругі праваслаўных цэркваў протаіерэй Аляксей Піліпенка (малодшы брат айца Васілія) таксама служыў на Жлобіншчыне.
…І ЯГО ЗЯМНЫ ШЛЯХ
20 кастрычніка 1837 г. у сям’і святара Свята-Пакроўскай царквы мястэчка Стрэшын (сёлета гэтаму храму спаўняецца 215 гадоў) іерэя Іаана Гашкевіча нарадзіўся сын. У хуткім часе немаўля ахрысцілі і далі імя Івана – у гонар апостала Іаана Багаслова.
З 4 гадоў хлопчык, будучы святы, дапамагаў свайму бацьку падчас службы ў храме, а пасля прыбіраў алтар, мыў падлогі і чысціў лампады. Часта маленькі Іван з бацькам і сваім братам спускаўся ў падзямелле храма, дзе яны старанна маліліся. У гэтыя гадзіны і нарадзілася ў яго мара – пабываць у Кіева-Пячэрскай лаўры.
У 1859 г. Іван скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. Яго накіравалі законавучыцелем у царкоўна-прыходскую школу ў в. Агародня цяперашняга Добрушскага раёна. Тут ён бярэ шлюб з дачкой мясцовага іерэя Піліпа Марыяй. Хутка і самога Івана рукапалагаюць у сан святара і накіроўваюць на служэнне ў царкву Раства Багародзіцы вёскі Шарсцін тагачаснага Рагачоўскага павета. Там іерэй Іаан служыў 14 гадоў. За гэты час у яго нарадзілася чацвёра дзяцей. Пасля яго пераводзяць у храм свяціцеля Мікалая вёскі Агародня, дзе ён ужо працаваў у царкоўна-прыходскай школе.
Св.-Мікалаеўская царква ў в. Агародня на пачатку XX cт.
На новым месцы служэння ў поўнай меры раскрываюцца духоўныя здольнасці айца Іаана. Ён прызначаецца на пасаду духоўнага следчага ў благачынні, атрымлівае шматлікія царкоўныя ўзнагароды. Яго ўзводзяць у сан протаіерэя. Але галоўнае не гэта. Айцец Іаан праявіў сябе сапраўдным духоўным пастырам і клапатлівым бацькам для прыхаджан і сваіх дзяцей (у Агародні ў Гашкевічаў нарадзілася яшчэ трое дзяцей).
Ужо пры жыцці многія лічылі яго святым. Гэтаму паспрыяла і тое, што айцец Іаан здзейсніў сваю запаветную мару – пабываў у Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе атрымаў ад старцаў благаславенне весці манаскі лад жыцця. Бацюшка ўжо да самай смерці трымаў строгі пост. Ён прапаведаваў слова Божае, заклікаў усіх да пакаяння, павучаў любіць адзін аднаго, быць пакорлівымі ўладам, якія пастаўлены ад Бога. Свой розум ён займаў заўсёды Ісусавай малітвай. Да яго за духоўнай дапамогай і жыццёвымі парадамі сталі прыходзіць людзі з іншых вёсак. Да Бога айцец Іаан пайшоў у 1917 годзе, калі распачыналіся самыя страшныя ганенні на Царкву.
* * *
Пасля таго як айцец Іаан быў праслаўлены ў ліку святых, часціцы яго нятленных мошчаў былі перададзены ў многія храмы Беларусі, у тым ліку і ў яго родны – Стрэшынскі.
Ікона св. Іаана Кармянскага з часціцай яго мошчаў у Стрэшынскім храме
Мікалай ШУКАНАЎ, супрацоўнік газеты «Новы дзень», узнагароджаны медалём св. праведнага Іаана Кармянскага.
Фота аўтара і з інтэрнэт-рэсурсаў
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram, YouTube