НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Казіміраўскі храм на пачатку XX cт (малюнак).

Адзін з самых старажытных манастыроў Беларусі знаходзіцца на Жлобіншчыне – у Казіміраве.

У рамках рэспубліканскага гісторыка-культурнага праекта «Бацькаўшчына», які прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, сёння мы звернемся да летапісу Казіміраўскага Свята-Успенскага манастыра. Дакумент вядзе свой адлік з 1713 года. Прастольнае свята тут адзначаецца на Успенне Божай Маці – 28 жніўня. У гэты дзень у Свята-Успенскім храме манастыра пройдзе ўрачыстая служба.

Казіміраўскі манастыр першапачаткова быў неправаслаўным: ён заснаваны шляхцічам Казімірам Юдзіцкім у 1713 г. як уніяцкі, калі застаюцца праваслаўныя абрады, але сам манастыр падпарадкоўваецца каталіцкай царкве. На яго ўтрыманне запісалі маёнтак Касагі (сёння ў складзе в. Казімірава).

Трохкупальная царква ў гонар Успення Божай Маці была драўлянай, як і ўсе астатнія манастырскія будынкі, у лік якіх уваходзілі: двухпавярховая званіца, жылы манаскі корпус з кухняй, два засекі, двухпавярховая жытніца, бровар, лазня, гумно, іншыя. Пры манастыры дзейнічала вучылішча для шляхецкіх дзяцей.

У 1794 г. манастыр пазбавіўся маёнтка Касагі. А ўладальнікам мястэчка Казімірава на той час быў ужо Ігнат Гелгуд, стражнік Вялікага Княства Літоўскага. Цяпер манастыр утрымліваўся за кошт грашовых укладаў, запісаных манастыру ад Казіміра і Антонія Юдзіцкіх, іншых.

Пасля вайны 1812 г. уніяцкі прыход у Казіміраве быў пераўтвораны ў каталіцкую парафію. Але пасля польскага паўстання 1830–1831 гг. яна спыніла сваё існаванне. А потым Казіміраўскі касцёл быў пераасвечаны ў праваслаўны храм.

На мяжы XIX–XX ст. Казіміраўскі прыход уключаў у сябе шэсць паселішчаў, прыхаджан налічвалася 818 мужчын і 789 жанчын. У мястэчку дзейнічала царкоўна-прыходская школа. Мясцовы храм славіўся сваёй прыгажосцю, побач з ім раслі велічныя ліпы. Тут на прастольнае свята ладзіўся вялікі кірмаш.

У 1870 г. у Казіміраве служыў святар Антоній Антанікоўскі. Пасля – святар Пётр Перабіла. У 1889 г. – святар Антоній Плаўскі. У 1900 г. – святар Леў Тычына. Перад рэвалюцыяй – святар Мікалай Слупскі.

Пасля 1917 г. Казіміраўскі прыход раздзяліў лёс многіх іншых храмаў. Ён быў закрыты і разбураны. Мясцовая жыхарка Любоў Сямёнаўна Троцкая ў 1990- х гадах паведаміла аўтару гэтых радкоў наступнае: «Калі наш храм закрылі, з разабраных бярвенняў зрабілі школу. Але заняткі ў ёй так і не пачаліся: вёску занялі немцы. Школу разабралі на бліндажы».

У розны час з 1917 па 1930- я гг. тут служылі святары айцец Васіль (прозвішча невядома), айцец Слупскі (імя невядома, але, верагодна, гэта быў згаданы вышэй айцец Мікалай) і айцец Сімяон Торбікаў.

Свята-Успенскі прыход у Казіміраве быў адроджаны ў 1996 г. Пры садзейнічанні раённай улады вернікам быў перададзены пустуючы будынак былога сельскага клуба (першапачаткова гэта быў жылы дом, пабудаваны ў 1911 г., належаў мясцоваму святару). Тады ж узнікла ідэя адрадзіць і манаскае жыццё. Усё пачалося з таго, што ў 1998 г. у Жлобін з Дзівееўскага манастыра (Расія) прыехалі інакіні Аляўціна (Валянціна Стаднічук) і Варвара (Галіна Патачыц). Яны былі ўраджэнкамі Беларусі. Хутка да іх далучылася яшчэ адна інакіня – Іаана (Ксенія Ярэц), якая прыехала ў Жлобін з Мінска. Сёння яна ігумення манастыра (манаскі пострыг прыняла ў 1999 г.).

У 2000 г. па прадстаўленні архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Арыстарха Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы пераўтварыў Казіміраўскі Св.-Успенскі прыход у жаночы манастыр. А тым часам тут ужо вялося будаўніцтва новага драўлянага храма. Значны ўклад у гэтую святую справу ўнеслі жлобінскія энергетыкі. Непасрэдна працамі кіраваў намеснік дырэктара раённых электрычных сетак Сяргей Аляксейчанка. І вось на прастольнае свята, 28 жніўня 2001 г., адбылося малое асвячэнне царквы. Прайшла першая служба. Вёў яе благачынны Жлобінскай акругі протаіерэй Васіль Піліпенка. А 9 жніўня 2002 г. прайшло вялікае асвячэнне храма. Чын гэты здзейсніў архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх у саслужэнні протаіерэя Васіля Піліпенкі, іерэя Леаніда Міхайлоўскага, які на той час акармляў Казіміраўскі прыход, іншых святароў.

У 2003 г. у Казімірава са Жлобіна на пастаяннае месца жыхарства і служэння пераехаў іерэй Віктар Паклін (1939–2012 гг.).

Ужо ў нашы дні ў Казіміраўскі храм быў вернуты цудатворны абраз Божай Маці Казіміраўскай, які лічыўся згубленым. Як аказалася, ён захоўваўся ў жыхаркі Казімірава Ганны Васільеўны Вейс, а пасля яе смерці – у сына Пятра Іванавіча Вейса.

А на Успенне 2008 г. у Казіміраве, пасля больш чым 70-гадовага перапынку, была адроджана званіца і зноў загучаў дабравест. Сёння Казіміраўскі манастыр – гэта не толькі духоўны цэнтр. Тут дзейнічае свая гаспадарка з зямельнымі ўчасткамі, сельскагаспадарчай тэхнікай і жывёлай.

Акрамя ўсяго, тэрыторыя манастыра з’яўляеццца адным з самых добраўпарадкаваных куткоў у мясцовым Малевіцкім сельсавеце. Гэта было адзначана і падчас выязднога пасяджэння калегіі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Саўміна Беларусі, якое праходзіла ў Жлобіне ў чэрвені бягучага года.

Сучасны храм у Казіміраве.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube