НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

"Паштовае месца": сёння.

Рэдакцыя "Новага дня" працягвае гісторыка-культурны праект "Бацькаўшчына", які прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Ён праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" Уладзімірам ЛІХАДЗЕДАВЫМ, калекцыі паштовак і фатаграфій канца XIX – пачатку XX стагоддзя якога выкарыстоўваюцца ў згаданым праекце.

ЧЫГУНКА – ПРАЗ ДНЕПР

У 1869 – 1874 гадах у сувязі з узрастаючым экспартам на еўрапейскі рынак сельскагаспадарчай прадукцыі з Расійскай імперыі была пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, якая прайшла і праз Жлобін. У той жа перыяд, у 1872 – 1873 гадах, тут праз Днепр быў узведзены і чыгуначны мост. А ў 1903 – 1904 гадах побач з ім быў пабудаваны новы. У Вялікую Айчынную вайну за гэты найважнейшы стратэгічны аб’ект ішлі кровапралітныя баі. Мост часта разбураўся, але кожны раз аднаўляўся (спачатку немцамі, а пасля вызвалення Жлобіна летам 1944 года – нашымі войскамі). У 1946 – 1947 гадах быў праведзены капітальны рамонт маста. Пры гэтым новыя яго апоры будаваліся з перспектывай на двухшляховы рух. У 1997 годзе быў заменены рачны пралёт № 3.

На паштоўцы пачатку XX стагоддзя мы бачым, як тады выглядаў мост. Здаецца, ён амаль не адрозніваецца ад сучаснага. Але гэта толькі на першы погляд. Канешне, сёння гэта больш капітальная пабудова.

Пра тое, як выглядаў мост у першыя дні пасля вызвалення Жлобіна ад нямецкафашысцкіх захопнікаў, успамінаў жлабінчанін, былы партызан, ветэран-чыгуначнік Андрэй Сяргеевіч Елісееў:

– Мост быў амаль цалкам разбураны. Прыадступленні немцы ўзарвалі ўсе яго пралёты і апоры ў Дняпры. Пераправа праз раку часова ажыццяўлялася пры дапамозе пантоннага маста, па якім у ліку першых са зброяй у руках у горад увайшоў і я. Патрабавалася неадкладна аднавіць разбураны мост, бо па чыгунцы праз Жлобін пралягалі асноўныя камунікацыі Першага Беларускага фронту, часткі якога працягвалі наступ. У тэрміновым парадку ў распараджэнне камандавання фронту з іншых франтоў былі перакінуты спачатку 8-я, а потым 15-я чыгуначныя брыгады.

Для аднаўлення маста пад Жлобінам спатрэбілася ўсяго 10 дзён! Тут сапраўдны гераізм праявілі не толькі ваенныя чыгуначнікі, але і жыхары нашага горада і навакольных вёсак. Кругласутачна на аб’екце працавала каля пяці з паловай тысяч жлабінчан. Па сведчанні відавочцаў тых падзей, у прыватнасці ветэрана-чыгуначніка Станіслава Вікенцьевіча Міхайлоўскага, да работ былі прыцягнуты і нямецкія ваеннапалонныя, якія тады жылі ў бараках, размешчаных у раёне цяперашняга камбікормавага завода.

Чыгуначны мост праз Дняпро каля Жлобіна ў пачатку XX cт.

 

КАНТОРА СУВЯЗІ

З паштоўкі пачатку XX стагоддзя мы ведаем, што тады ў Жлобіне дзейнічала паштова-тэлеграфная кантора. Вядома таксама, дзе яна знаходзілася, – на вуліцы Паштовай (сёння – вуліца Урыцкага). Праўда, дзе дакладна, сказаць упэўнена нельга. Але з вялікай верагоднасцю можна лічыць, што будынак канторы быў размешчаны ў так званым "паштовым месцы", дзе раней, пасля вайны, знаходзілася пошта – каля сучаснага чыгуначнага вакзала.

Згадаем некаторыя цікавыя факты з гісторыі пошты. Раней у гэтай установе працавалі толькі мужчыны, таму як да XIV стагоддзя карэспандэнцыю перавозілі ганцы – людзі вынослівыя і моцныя. Яны заўсёды мелі пры сабе ражок і молат або стрэлы, каб было чым абараняцца ад ліхіх людзей. Ва ўсе часы да тых, хто перавозіў пошту, былі вельмі высокія патрабаванні. Так, цар Аляксей Раманаў ва ўказе 1671 года запатрабаваў біць фурманаў палкамі, каб лісты прыходзілі своечасова. А пры Пятры I паштару, які сказіў інфармацыю або страціў паведамленне, пагражаў смяротны прысуд.

Аж да сярэдзіны XIX стагоддзя на гэтую службу прымалі выключна адукаваных і дасведчаных у геаграфіі мужчын, якія ведалі некалькі моў. Форма шылася на сродкі саміх жа работнікаў і потым перадавалася ў спадчыну. Жанчын пачалі прымаць на працу, толькі калі з’явілася тэлеграфная сувязь (у Беларусі першыя тэлеграфныя станцыі пабудаваны ў 1859 годзе ў Мінску і Бабруйску). Першая дама ў сталічнай канторы была аформлена тэлеграфісткай у 1905 годзе. Да 1917 года на гэтую пасаду бралі дзяўчат старэйшых за 18 гадоў, удоў і тых, хто быў у шлюбе з чыноўнікамі паштова-тэлеграфнага ведамства (калі жонка хварэла, яе абавязкі павінен быў выконваць муж). Паштовыя скрыні ў гарадах сталі ўсталёўваць у 1850-х гадах. Спачатку яны былі драўлянымі, іх часам падпальвалі. Таму вырашылі рабіць чыгунныя. Праўда, такія скрыні былі занадта масіўнымі: адна магла важыць да 49 кілаграмаў. Матэрыял у выніку замянілі на іншы метал. У 1910 годзе канструктар Павел Шабараў распрацаваў паштовую скрыню з дновымі дзверцамі, якія адкрываліся механічна, калі да іх прыкладвалі спецыяльнае прыстасаванне. Гэтая сістэма захавалася і па сённяшні дзень.

Паштова-тэлеграфная кантора: пачатак XX ст.

Мікалай ШУКАНАЎ. Выкарыстаны паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава і фота аўтара.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegram