НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Сучасны выгляд Пірэвіцкага храма.

Пірэвіцкая царква – помнік архітэктуры, які ўваходзіць у «малое» турыстычнае «Залатое кола Гомельшчыны», – мае цікавую гісторыю.

120 гадоў таму, у 1902 годзе, было завершана будаўніцтва аднаго з самых велічных праваслаўных храмаў у Беларусі – Усясвяцкага ў Пірэвічах (асвечаны ў 1903 г.). Напярэдадні свята Усіх Святых, якое адзначаецца 19 чэрвеня, у рамках рэспубліканскага гісторыка-культурнага праекта «Бацькаўшчына» «Новы дзень» раскажа гісторыю згаданай культавай пабудовы і мясцовага прыходу.

У канцы XIX ст. Пірэвічы былі невялікім паселішчам, дзе, па стану на 1886 г., пражывала 570 чалавек. Царквы тут не было. Бліжэйшы храм знаходзіўся ў сяле Скепня. Але ў пачатку XX ст. паўстала неабходнасць адкрыць асобны прыход і ў Пірэвічах, таму што жыхароў тут налічвалася ўжо звыш 1100. Асноўную частку выдаткаў па будаўніцтву храма ўзяла на сябе мясцовая памешчыца ўдава тайнага дарадцы Аляксандра Раговіч. Яна ж выдзеліла і зямлю. У тыя гады даверанай асобай А. Раговіч быў Леанід Спыткоў. Ён узяў на сябе асноўныя клопаты па арганізацыі будаўніцтва (з 1911 г. ён разам з жонкай М. Спытковай (дваранкай) стаў уладальнікам Пірэвічаў). Пабудавана царква была з чырвонай цэглы, унутраная яе плошча склала каля 500 кв. м, таўшчыня сцен – больш за метр.

Пірэвіцкі храм на мяжы 1950–60 гг.

Усясвяцкі храм у Пірэвічах быў цэнтрам духоўнага жыцця. У яго сценах вучылі добраму і светламу – паважаць бацькоў, настаўнікаў, любіць родную зямлю і працу, жыць сумленна. Але ў 1930-х гадах тут размясцілі калгасны склад збожжа. З царквы скінулі званы. Зрабілі гэта мясцовыя атэісты. А крыжы з царквы скідаў Лупсякоў. Яго ў той жа дзень паралізавала.

У ваенны час у царкве аднавіліся набажэнствы. Як успамінае Паліна Леўчанка (1928 г. нар.), перад тым як служыць у храме, трэба было ачысціць яго ад збожжа. Першымі ўзламалі дзверы партызаны і пачалі раздаваць збожжа. Потым прыйшлі жанчыны, але ніхто з іх не асмеліўся ўвайсці ў алтар (па царкоўных правілах у алтар могуць заходзіць толькі мужчыны), дзе таксама было збожжа. Пазней ужо немцы спрабавалі прымусіць жанчын прыбраць алтар, але ніякія пагрозы не падзейнічалі, і захопнікам прыйшлося шукаць для гэтага мужчын. Падчас вайны снарадам былі пашкоджаны званіца і дах царквы. А звон немцы вывезлі ў Германію.

Храм дзейнічаў і пасля вызвалення Пірэвічаў. Але да 1990-х гадоў улады пастаянна пагражалі яго закрыць. Святары, якія служылі тут, называлі гэты прыход «ссыльным», бо быў ён «неспакойным, бедным, халодным».

* * *

Першым святаром у Пірэвіцкай царкве, да 1907 г., быў айцец Лявонцій Глінскі. Ён нарадзіўся ў 1860 г. у Чэрыкаве ў сям’і святара. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. Арыштаваны ў 1937 г. Асуджаны тройкай НКУС за «антысавецкую агітацыю» да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1989 г. Першым псаломшчыкам быў Хрыстафор Глыбоўскі, а першым званаром храма – панскі вартаўнік Хок. Да званарскай справы ён меў Божы дар. Да таго ж ездзіў вучыцца гэтаму майстэрству ў Маскву. Калі званілі ў Пірэвічах, то чутна было ў Жлобіне.

Наступны святар Пірэвіцкай царквы – айцец Павел Кернажыцкі. Ён праслужыў тут да 1922 г. Невядома, хто са святароў служыў далей. З 1930 па 1931 год прыход у Пірэвічах узначальваў святар Фёдар Сямёнаў, ураджэнец Вязьмы.

Падчас нямецкай акупацыі службы тут пачаў правіць святар-удавец са Скепні айцец Васіль Шыкуноў. У Пірэвічах ён пасяліўся ў царкоўным доміку з дзвюма дочкамі – Верай і Аляксандрай. Па сведчанні мясцовых старажылаў, а. Васіль да сваіх абавязкаў ставіўся з глыбокай павагай. Але доўга праслужыць у Пірэвічах яму не давялося. У Вялікі пост 1943 г. (па іншых сведчаннях – у Калядны пост) тут адбылася трагедыя. Айцец Васіль і яго дочкі загінулі ад рук партызан – жыўцом згарэлі ў агні. Вось што паведаміла аўтару гэтага артыкула сяброўка загінулых сясцёр жыхарка Скепні Алена Назараўна Казлова (1921 г. нар.): «Гібель а. Васіля і яго дочак была правакацыяй. Галоўную ролю ў гэтай справе адыграў мясцовы жыхар Аляксей Т., які хоць і быў у партызанах, але з’яўляўся агентам паліцыі. Пасля вайны, баючыся выкрыцця, ён з’ехаў з родных мясцін».

Пасля вызвалення Пірэвічаў у 1944 г. у мясцовым храме зноў аднавіліся набажэнствы. Прыход узначаліў іераманах, пазней – ігумен, Мануіл (Міхаіл Сівенкоў). Служыў ён тут да 1953 г. У перыяд з 1953 да 1980 года ў Пірэвічах змянілася нямала настаяцеляў. Гэта святары Анатоль Місяюк, Мікалай Кныш, Васіль Рынкевіч, Аляксандр Дзічкоўскі, Міхаіл Мандрык, Яўген Вейга, Аляксей Алексяюк, Пётр Пінчук, Данііл Адзінокі, Іерафей Антоненка, Леў Васільеў, Мікалай Салохін. Дзіўна тое, што ў разгар хрушчоўскай антыцаркоўнай кампаніі на вялікія святы ў храм прыходзіла да 1500 чалавек. Аб гэтым паведамлялася ў прыхадской справаздачы за 1964 г.

З 1980 па 2000 год Пірэвіцкі храм узначальваў протаіерэй Яўменій Малец. Нялёгкім і павучальным быў яго жыццёвы шлях. Нарадзіўся ён у сялянскай сям’і ў Лельчыцкім раёне. Працаваў пастухом. Вылучаўся глыбокай верай у Бога, да сваёй працы ставіўся адказна і лічыўся «ўдарнікам». Калі яго за працоўныя заслугі прадставілі да вышэйшай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Леніна, улады запатрабавалі, каб ён адрокся ад Хрыста, на што будучы святар адказаў: «Вера – вышэй за ўсіх узнагарод». Менавіта пры ім у 1990-х гадах была праведзена рэстаўрацыя разбуранай яшчэ ў вайну званіцы.

У 2000 г. Пірэвіцкі храм узначаліў протаіерэй Васіль Міхайлоўскі. З 14 лістапада 2017 г. па 31 жніўня 2020 г. мясцовым прыходам кіраваў іерэй Сергій Плецяжоў. Потым і па сёняшні дзень – іерэй Васіль Церашкоў.

Унутры Пірэвіцкага храма: службу вядзе архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота з архіва аўтара i ndsmi.by.

Падрабязней пра гісторыю Пірэвіцкага храма гл. у кнізе: Николай Шуканов. Жлобинщина Православная: Записки краеведа. – Минск– Жлобин, 2018 г., с. 137–164.

 

Материал опубликован в газете «Новы дзень» №44 от 17.06.2022

Полная перепечатка текста и фото запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: «ВКонтакте» , «Одноклассники», «Фейсбук»instagramtwitterTelegram