НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

«Новы дзень» працягвае ўдзельнічаць у рэспубліканскім гісторыка-культурным праекце «Бацькаўшчына», прымеркаваным да Года гістарычнай памяці. Чарговая публікацыя прысвечана нашаму земляку Генадзю ПАРХОМЕНКУ (1935–2021 гг.), былому непаўналетняму вязню фашысцкіх канцлагераў, спартсмену, трэнеру і краязнаўцу, які ўнёс значны ўклад у захаванне гістарычнай памяці на малой радзіме. Генадзь Герасімавіч пайшоў з жыцця год назад, у адзін з цёплых майскіх дзён. З гэтай нагоды ў Жлобінскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка, прысвечаная яму. Так супала, што мерапрыемства прайшло напярэдадні Міжнароднага дня музеяў, які адзначаецца 18 мая. І гэта сімвалічна, таму што краязнаўца садзейнічаў стварэнню нашага музея, папаўняў яго фонды.

СПАРТСМЕН І ТРЭНЕР

Дзяцінства і юнацтва Генадзя Пархоменкі прайшло ў Жлобіне. Ён захапляўся спортам, выступаў за зборную горада па футболе, стаў сярэбраным прызёрам Усебеларускай спартакіяды школьнікаў па лёгкай атлетыцы. Вучыўся ў Гомельскім чыгуначным тэхнікуме, працаваў на Урале, потым служыў у арміі (у Забайкаллі). Зноў – Жлобін, потым – Мінск, дзе ён стаў студэнтам акцёрскага факультэта Беларускага тэатральнага інстытута. Пасля першага курса перавёўся ў Вышэйшую школу трэнераў Беларускага інстытута фізічнай культуры. Потым Г. Пархоменка ў чарговы раз вярнуўся ў Жлобін. Працаваў настаўнікам фізкультуры ў вёсцы, дзіцячым трэнерам у спартыўнай школе. Завочна скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Каля 20 гадоў з’яўляўся галоўным трэнерам зборных каманд Гомельскай вобласці па валейболе, якія станавіліся чэмпіёнамі Беларусі. Пабываў на спаборніцтвах у Балгарыі, Румыніі, Венгрыі, Польшчы.

Аб усім гэтым падрабязна на адкрыцці выстаўкі гаварылі дачка Генадзя Пархоменкі Аляўціна, яго родзіч, жлобінскі мастак Уладзімір Слесараў (на выстаўцы таксама прадстаўлены работы мастака з вершамі Генадзя Пархоменкі пра канцлагер «Азарычы»), дырэктар музея Ніна Шрэйтэр, сябры Генадзя Герасімавіча Генадзь Цап, Барыс Мінееў, іншыя.

Уладзімір Слесараў з работамі пра канцлагер «Азарычы».

ГАЛОЎНАЯ КНІГА

На заслужаным адпачынку Генадзь Пархоменка актыўна заняўся краязнаўствам. Напісаў і выдаў некалькі кніг па гісторыі роднага Жлобіна. Але галоўным у творчасці стаў дакументальна-мастацкі зборнік «Азарычы» – боль мой», які ўбачыў свет у 2005 годдзе. У ім аўтар сабраў дакументы, успаміны, якія тычацца адной з трагічных старонак Вялікай Айчыннай вайны – арганізацыі ў пачатку 1944 года адступаючымі нямецка - фашысцкімі войскамі ў прыфрантавой зоне канцэнтрацыйных лагераў. Так узнік канцлагер пад Азарычамі (тэрыторыя цяперашняга Калінкавіцкага раёна). Сюды, у балота, былі сагнаны дзясяткі тысяч людзей з многіх раёнаў Гомельскай, Магілёўскай і іншых абласцей Беларусі і Расіі, у асноўным дзеці, жанчыны і старыя. Яны павінны былі стаць жывым шчытом для фашыстаў падчас наступлення савецкіх войск.

У тым жахлівым месцы апынуўся і Генадзь Пархоменка. Яму тады было ўсяго няпоўных 9 гадоў. Ён успамінаў: «У гэтым лагеры (і зараз стаіць перад вачыма) – штабель трупаў быў недалёка ад таго месца, дзе мы размясціліся. У даўжыню ён быў метраў 15–20 і вышынёй аж да пояса. Дзясяткі трупаў старых, жанчын і дзяцей».

ВІЗІТНАЯ КАРТКА ГОРАДА

У Генадзя Пархоменкі былі, як кажуць у такіх выпадках, залатыя рукі. Шмат гадоў ён захапляўся дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Сёння яго арыгінальныя інсталяцыі на тэму Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца ў Жлобінскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Своеасаблівай візітнай карткай Жлобіна стаў дом Генадзя Пархоменкі, які знаходзіцца на беразе Дняпра, на вуліцы Карпілаўскай. Гэта месца ведаюць не толькі многія жлабінчане дзякуючы «Новаму дню», але і госці нашага горада, якія спецыяльна наведваюцца сюды.

Мікалай ШУКАНАЎ 

Фота аўтара і з архіва «НД».

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: «ВКонтакте» , «Одноклассники», «Фейсбук», instagramtwitterTelegram