НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

На здымку: унук ветэрана Дзмітрый і яго дачка Анастасія Пабядзінскія напярэдадні 75-й гадавіны вызвалення Жлобіншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў праехалі па месцах, праз якія пралёг баявы шлях 115-га ўмацаванага раёна, і ўсклалі кветкі на брацкіх магілах, дзе ляжаць аднапалчане іх дзеда і прадзеда.

Мой прадзед падпалкоўнік у адстаўцы Сяргей Цімафеевіч Пабядзінскі (1912–1999) прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, вызваляў Жлобіншчыну ў складзе 115-га ўмацаванага раёна. Так сталася, што ў Жлобіне, дзе ўжо нарадзілася я, прайшлі апошнія гады яго жыцця.

 

Прадзед карыстаўся вялікай павагай у жлабінчан. Яго заўсёды запрашалі на ўрачыстасці, прысвечаныя святам Перамогі і вызвалення нашага раёна. Аб ім напісаны артыкул на старонках раённай кнігі «Памяць». Але мне хацелася б расказаць пра свайго прадзеда больш падрабязна, пра тое, што мне вядома ад майго дзядулі і бацькі.

Стаў прафесійным ваенным

Нарадзіўся мой прадзед у шматдзетнай сялянскай сям’і пад Варонежам. У 1934 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, як аказалася, – на доўгі час. Спачатку яго накіравалі ў артылерыйскую школу малодшых камандзіраў. Потым была вучоба ў 2-м Ленінградскім артылерыйскім вучылішчы. А ў 1939 годзе ў якасці камандзіра артылерыі ён пачаў службу на Украіне, у Кіеўскай ваеннай акрузе.

У той час у Еўропе было неспакойна. Там ужо ішла вайна. Прадзед расказваў майму бацьку, а ён – мне, што ў склаўшайся сітуацыі Савецкі Саюз імкнуўся ўмацаваць сваё міжнароднае становішча. З гэтай мэтай 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія ўвайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі гістарычна былі беларускімі і ўкраінскімі, але зпачатку 1920-х гадоў знаходзіліся пад Польшчай. У гэтым, як яго называлі, аб’яднаўчым паходзе ўдзельнічаў і мой прадзед (на Львоўскім напрамку). Ён успамінаў, што палякі ў бой не ўступалі, а адступілі на тэрыторыю Румыніі.

Не паспела завяршыцца гэтая кампанія, як пачалася новая – фінская. У ёй мой прадзед таксама прымаў удзел. Толькі тут без баёў ужо не абышлося. Так Сяргей Цімафеевіч Пабядзінскі яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны стаў франтавіком.

Пасля фінскай вайны ён зноў служыў на Украіне. У 1940 годзе ўдзельнічаў яшчэ ў адным аб’яднаўчым паходзе – у Паўночную Букавіну.

Вялікая Айчынная вайна для прадзеда пачалася з абароны Львова. Але 10-му артылерыйскаму палку 10-й танкавай дывізіі, дзе на той час служыў Сяргей Цімафеевіч , разам з фронтам давялося адступіць. Потым былі абарончыя баі за Кіеў і Харкаў. Пад Харкавам прадзед з баявымі таварышамі трапіў у акружэнне, з якога ім удалося прарвацца да сваіх і вынесці сцяг часці, і гэтым мой прадзед асабліва ганарыўся.

Адступленне працягвалася да Сталінграда. Пры абароне гэтага горада прадзед зноў праявіў мужнасць і атрымаў свой першы баявы ордэн – Чырвонай Зоркі. У тыя дні нашым артылерыстам даводзілася за суткі адбіваць да 10–11 варожых атак.

У 1943 годзе прадзед удзельнічаў у Курскай бітве, пасля якой фашыстаў канчаткова пагналі з нашай зямлі. Далей баявы шлях прадзеда пралёг праз Беларусь і Польшчу. А Перамогу ён сустрэў у самім Берліне. З яго шматлікіх баявых узнагарод, якія ён атрымаў за час вайны, адзначу яшчэ адну – ордэн Аляксандра Неўскага. Гэта вельмі ганаровая ўзнагарода, якую ўручалі за праяўлены гераізм камандзірам.

Гісторыя аднаго кахання

Дзякуючы таму, што мой прадзед звязаў свой лёс з арміяй, ён яшчэ да вайны трапіў на Жлобіншчыну, дзе сустрэў сваю будучую жонку, маю прабабку – Лідзію Мікалаеўну. Яе я таксама ўжо не застала. Але ў нашай сям’і з пакалення ў пакаленне перадаецца гісторыя іх кахання.

Мае прадзед і прабабка пазнаёміліся ў 1938 годзе. У той год пад Жлобінам праводзіліся чарговыя ваенныя вучэнні, у якіх разам са сваімі таварышамі прымаў удзел і курсант артылерыйскага вучылішча Сяргей Пабядзінскі. Аднойчы на манёўрах ён сустрэў прыгожую дзяўчыну, якая хавалася ў жыце, спужаўшыся вялікай колькасці ваенных. Будучы камандзір супакоіў незнаёмку. Яны разгаварыліся і дамовіліся сустрэцца ў горадзе, калі ў курсанта будзе вольны ад службы час.

Гэтыя сустрэчы былі шчырымі і цёплымі. Але трэба было развітвацца, бо манёўры скончыліся. І мой прадзед вярнуўся ў вучылішча ў Ленінград. Да самай вайны яны перапісваліся, планавалі новую сустрэчу.

Але ўсе планы парушыла вайна. І толькі летам 1944 года, калі часць, у якой служыў Сяргей Цімафеевіч Пабядзінскі, увайшла ў Жлобін, яны зноў сустрэліся. А да гэтага малады камандзір ірваўся ў бой, каб хутчэй вызваліць ад ворага горад, у якім, як ён спадзяваўся, па-ранейшаму жыве яго любая. Сама ж Ліда не магла ведаць, што Сяргей побач. І тут зноў дапамог вы падак. Калі нашы войскі былі ўжо ў Жлобіне, мая прабабка выпадкова пачула ў размове ваенных знаёмае прозвішча. Магчыма, падумала Ліда, што гэта цёзка па прозвішчы Пабядзінскі, але ўсё роўна пачала пошукі. І лёс узнагародзіў яе за настойлівасць. Так нарэшце адбылася доўгачаканая сустрэча маладых закаханых. Праўда, ізноў ненадоўга. Чырвоная Армія імкліва наступала. На развітанне Ліда ўзяла ў Сяргея абяцанне, што ён абавязкова вернецца жывым. Сваё слова прадзед стрымаў, хаця ад варожых куль не хаваўся да самай Перамогі.

У 1946 годзе ён прыехаў у Жлобін і спытаў у сваёй абранніцы, ці гатова яна падзяліць з ім выпрабаванні, якія чакаюць жонку афіцэра? Прабабка рашуча сказала, што гатова ехаць за ім хоць на край свету. Так яно і атрымалася. Служыць прадзеда адправілі на Далёкі Усход. Разам яны пражылі больш за 40 гадоў.

Першай з жыцця пайшла прабабка. Здарылася гэта ў 1989 годзе. На той час Пабядзінскія жылі ўжо ў Жлобіне.

Анастасія ПАБЯДЗІНСКАЯ, вучаніца гімназіі № 8 імя В.І. Казлова.

(Матэрыял да друку дапамог падрыхтаваць Мікалай Шуканаў).

Фота Мікалая ШУКАНАВА і з сямейнага архіва Пабядзінскіх.

Чтобы быть в курсе событий, регистрируйтесь в наших группах: 

Наша группа в социальной сети "ВКонтакте" - "С новым днём, Жлобин!

Наша группа в социальной сети "Одноклассники" - "С новым днём, Жлобин!" 

Читайте ndsmi.by в "Одноклассниках"

Читайте ndsmi.by в "Контакте"

Читайте ndsmi.by в "Фейсбуке"

Читайте ndsmi.by в "twitter"   

Наш канал на YouTube