НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

75 гадоў таму, 23 лістапада 1943 г., воіны 194-й стралковай дывізіі 48-й арміі Беларускага (з лютага 1944 г. – I Беларускага) фронта выбілі нямецка-фашысцкіх захопнікаў з Ніжняй і Верхняй Албы. Так пачалося вызваленне сучаснай тэрыторыі Жлобіншчыны. А ўжо 29 лістапада свабодным стаў Стрэшын – тагачасны раённы цэнтр (з 1956 г. у складзе Жлобінскага раёна).

 

Упартыя баі вяліся за кожную вёску. Аб гэтым сведчаць шматлікія брацкія магілы, якія з’явіліся ў населеных пунктах. А яшчэ падзеі таго часу перадаюцца з пакалення ў пакаленне сярод мясцовых жыхароў.

Вось і за вёску Новыя Маркавічы – цэнтр аднайменнага сельсавета былога Стрэшынскага раёна – аддалі свае жыцці сотні савецкіх воінаў. Бібліятэкар мясцовай сельскай бібліятэкі Галіна Лёгкая, якая ўжо шмат гадоў збірае адпаведныя дакументы, запісвае ўспаміны землякоў пра ваеннае ліхалецце, кажа:

– У Новых Маркавічах таксама ёсць брацкая магіла воінаў-вызваліцеляў. У ёй знайшлі вечны спакой 220 чалавек. У асноўным гэта салдаты і афіцэры, якія загінулі ў дні найбольш жорсткіх баёў за вёску – 26, 27 і 28 лістапада 1943 года. Пахаваны тут і тыя, хто памёр пазней ад ран. З канца 1943 года і ў пачатку 1944-га ў суседніх з Новымі Маркавічамі вёсках – Прыбудку і Жырхаўцы – дзейнічалі палявыя шпіталі нашай арміі. І потым, ужо пасля вайны, у гэтую агульную магілу паступова перапахавалі астанкі савецкіх воінаў з асобных пахаванняў, раскіданых у акрузе. А ў 1955 годзе на брацкай магіле ў Новых Маркавічах быў устаноўлены помнік – скульптура савецкага салдата.  

Галіна Мікалаеўна працягвае:

– Імёны ўсіх загінуўшых за вызваленне вёскі воінаў у адной газетнай публікацыі згадаць, канешне, немагчыма, але некаторыя з іх усё-такі назаву. Гэта – радавыя Аляксей Корнеў, Рохат Абдурахманаў, Аляксей Мядзведзь, Хусім Авіраў, малодшы лейтэнант Аляксей Азараў, іншыя. Хочацца звярнуць увагу на тое, што сярод іх былі беларусы, рускія, украінцы, узбекі, татары, казахі, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Ва ўсіх іх была адна агульная вялікая Радзіма – Савецкі Саюз.

У Новамаркавіцкай сельскай бібліятэцы сёння захоўваюцца многія сямейныя рэліквіі ваеннай пары: пажаўцеўшыя ад часу фотаздымкі землякоў, якія ваявалі, іх лісты дамоў з фронту, успаміны франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, запісаныя шмат гадоў таму. Палічылі за лепшае падзяліцца сямейнымі архівамі з бібліятэкай і жыхары Новых Маркавічаў, ветэраны працы: трактарыст былога мясцовага калгаса «Бярэзіна» Сяргей Міхайлавіч Станкоў, Людміла Сцяпанаўна Шамберава (Смолікава), якая шмат гадоў працавала мадэльерам у горадзе, а сёння вярнулася ў бацькоўскую хату. Таму сустрэцца з імі мы вырашылі не інакш, як у сценах бібліятэкі, каб запісаць тое, што ім распавядалі ў свой час пра вайну іх бацькі.

Расказвае Сяргей Міхайлавіч Станкоў:

 

– На свет божы я з’явіўся як раз у 1943 годзе, калі наступаючыя часці Чырвонай Арміі падышлі да нашых мясцін. Нарадзіўся прама ў лесе, дзе мірныя жыхары Новых Маркавічаў і іншых суседніх вёсак хаваліся ад немцаў і паліцаяў, каб тыя не прымусілі іх адступаць разам з імі. Ды і проста заставацца ў вёсцы ў тыя дні было небяспечна. Як расказвала мая матуля – Ірына Ігараўна, баі за вёску былі вельмі моцныя. Тады згарэла шмат дамоў – звыш 30. І па сённяшні дзень вяскоўцы на сваіх агародах знаходзяць іржавыя снарады і міны. А што тычыцца майго бацькі – Міхаіла Станкова, дык у тыя дні ён знаходзіўся далёка ад родных мясцін, у дзеючай арміі на фронце. Мяне ён ужо не пабачыў, таму што загінуў.

А вось бацьку Людмілы Шамберавай – Сцяпану Смолікаву – пашчасціла вярнуцца з фронту дамоў жывым. На вайну ён пайшоў добраахвотнікам, ваяваў танкістам (аб гэтым у свой час пісала наша газета, гл. № 72, 2001 г.).

– Праўда, бацька мой, як сапраўдны франтавік, аб вайне расказваць не любіў, – гаворыць Людміла Сцяпанаўна, – а вось маці – Анастасія Мікітаўна – часта ўспамінала аб тым, што ёй і яе аднавяскоўцам давялося перажыць у гады акупацыі і ў дні баёў за вызваленне. Маці расказвала, што ў вайну было не толькі голадна і холадна, а больш за ўсё – страшна. Гэта быў штодзённы страх. Асабліва лютавалі паліцаі, якія забілі многіх мірных жыхароў – былых работнікаў мясцовых органаў савецкай улады, актывістаў калектывізацыі, падпольшчыкаў, камуністаў і камсамольцаў. Нацярпеліся страху вяскоўцы і тады, калі фронт стаяў ужо ў нашай мясцовасці. Можна было загінуць як ад варожых куль і снарадаў, так і ад стрэлаў савецкіх салдат, якія хаця і стралялі па немцах, але кулі не разбіралі, дзе хто. Таму многія мірныя жыхары хаваліся ў лесе. Потым, калі немцаў выбілі з вёскі, на подступах да яе, у полі, засталося ляжаць шмат нашых забітых воінаў. Іх падабралі і пахавалі не адразу, таму што не да таго было: вайскоўцы хутка рушылі далей, каб не даць замацавацца немцам і паліцаям у Стрэшыне, а жанчыны з дзецьмі доўга яшчэ не асмельваліся паказацца з лесу. 

У канцы нашай размовы Людміла Сцяпанаўна адзначыла:

– Сёння ўжо засталося зусім мала непасрэдных сведкаў вайны. Таму вельмі важна, каб для нашчадкаў захаваліся дакументы аб тым часе, у тым ліку і сямейныя архівы. І добра, што у нашай сельскай бібліятэцы вядзецца летапіс вёскі, у якім значнае месца адведзена ваеннаму перыяду. Будучыя пакаленні будуць удзячны за такую святую справу.

Мікалай ШУКАНАЎ.

На здымках: уверсе – з сямейных архіваў аб вайне; ветэраны працы Людміла Шамберава і Сяргей Станкоў; злева – ветэран вайны Сцяпан Смолікаў (2001 г.); унізе – на брацкай магіле савецкіх воінаў-вызваліцеляў у Новых Маркавічах.

Фота Мікалая СЕМЯНЦА і з архіва «Новага дня».

Чтобы быть в курсе событий, регистрируйтесь в наших группах: 

Наша группа в социальной сети "ВКонтакте" - "С новым днём, Жлобин!

Наша группа в социальной сети "Одноклассники" - "С новым днём, Жлобин!" 

Читайте ndsmi.by в "Одноклассниках"

Читайте ndsmi.by в "Контакте"

Читайте ndsmi.by в "Фейсбуке"

Читайте ndsmi.by в "twitter

Наш канал на YouTube