НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

12 лютага – 100 гадоў з дня нараджэння ганаровага грамадзяніна Жлобіна, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, беларускага пісьменніка, ураджэнца нашага краю Аляксандра КАПУСЦІНА (1924–1996). Аляксандр Пятровіч – равеснік Жлобінскага раёна, які ён абараняў ад ворага, праслаўляў у сваіх творах. Жлабінчане старанна захоўваюць памяць аб знакамітым земляку.

Матэрыялы аб яго жыцці і творчасці захоўваюцца ў гісторыка-краязнаўчым музеі, цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Н. К. Крупскай і на малой радзіме пісьменніка – у музеі «Родны кут» Стараруднянскай школы і ў мясцовай сельскай бібліятэцы, дзе пабываў журналіст «НД».

Сувязь з малой радзімай

– Жыццё і творчасць Аляксандра Пятровіча Капусціна былі цесна звязаны з яго малой радзімай – Старой Рудняй, – сведчыць бібліятэкар Стараруднянскай сельскай бібліятэкі Алена Войстрыкава. – Тут прайшло яго дзяцінства, тут ён узяў у рукі зброю, калі на родную зямлю прыйшоў вораг, сюды ён часта прыязджаў пасля вайны, калі жыў ужо ў Гомелі, а потым – у Мінску, каб сустрэцца з землякамі, сабраць матэрыял для сваёй чарговай кнігі, падыхаць родным паветрам. Сёння ў нашай бібліятэцы на самым відным месцы захоўваюцца кнігі славутага земляка, якія карыстаюцца нязменным попытам у чытачоў, частка рукапісаў пісьменніка, некаторыя яго асабістыя рэчы – брытва, насценны гадзіннік, іншыя. Жыхарка Старой Рудні, ветэран педагагічнай працы, Людміла Стальчанка, якая дапамагала пісьменніку збіраць матэрыялы для кнігі «Старая Рудня», успамінала: «Гэта быў вельмі інтэлігентны чалавек, сціплы, добры. Старанна занатоўваў у сваім сшытку кожнае сказанае мною слова, бо лічыў, што ў гісторыі няма дробязяў».

– Падпольшчык, партызан, франтавік – вехі ваеннай біяграфіі пісьменніка. А дзе пачынаўся баявы шлях Аляксандра Капусціна?

– Летам 1941 года, калі 63-ці стралковы корпус пад камандаваннем генерала Л. Пятроўскага кантраляваў значную частку Жлобінскага раёна, у Старой Рудні па даручэнні тагачаснага старшыні мясцовага сельсавета Міхаіла Маршына (1910–2004) (пазней – Герой Сацыялістычнай Працы) была арганізавана моладзевая група, якая ў начны час патрулявала вуліцы населенага пункта. Аляксандр як камсамольскі лідар стаў і ў гэтай справе галоўным. А калі Старая Рудня была акупавана, Аляксандр Капусцін узначаліў моладзевае падполле ў вёсцы. Падпольшчыкі не абмяжоўваліся адной агітацыйнай працай. Яны выводзілі са строю тэлефонна-тэлеграфную сетку ўздоўж чыгункі, спілоўваючы тэлеграфныя слупы і выносячы з сабой правады, спальвалі драўляныя масты. Увесну 1943 года група Аляксандра Капусціна ўстанавіла сувязь з партызанамі. І хутка маладыя стараруднянцы сталі байцамі партызанскага атрада імя К. Варашылава. Пайшлі туды хлопцы не з пустымі рукамі, а з цэлым арсеналам зброі. Асабіста Аляксандр Капусцін «прыхапіў» з сабой ручны кулямёт і скрыню гранат, пісталет «ТТ», дзве вінтоўкі і нават бінокль. Пазней Аляксандр Пятровіч гэты перыяд апісаў у кнігах «Салёная раса», «Цвіў бэз, іграла скрыпка», іншых. Пры набліжэнні фронту будучы пісьменнік пайшоў добраахвотнікам у дзеючую армію. Яго залічылі ў 479-ты полк 149-й стралковай дывізіі, якая прымала ўдзел у вызваленні Гомельшчыны. У снежні 1943 года ён атрымаў сваё першае баявое раненне. З красавіка 1944 года Аляксандр Капусцін зноў на фронце. На гэты раз у складзе 17-й механізаванай брыгады 4-й танкавай арміі, якая вяла баі ў перадгор’ях Карпат. Тут, пад Львовам, у ліпені 1944 года наш зямляк, мінамётчык, атрымаў другое цяжкае раненне. У верасні 1944 года ён зноў у дзеючай арміі. Цяпер у якасці памочніка камандзіра ўзвода 203-га гвардзейскага стралковага палка 70-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Вызваляў Прыбалтыку. У кастрычніку гэтага ж года ён у трэці раз быў паранены. Лячэнне зацягнулася да сакавіка 1945 года, пасля чаго Аляксандра Капусціна камісавалі. За праяўленую мужнасць яго ўзнагародзілі ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, медалём «За адвагу».

Алена Войстрыкава дадала:

– Аляксандр Пятровіч, калі прыязджаў дадому, абавязкова наведваўся ў нашу бібліятэку, дзе гутарыў з землякамі, рабіў бібліятэцы падарункі – свае кнігі, кнігі іншых аўтараў з уласнай бібліятэкі. Часта пісьменнік удзельнічаў у памятных мерапрыемствах, якія праходзілі ў нашай вёсцы і былі звязаны з Вялікай Айчыннай вайной: з нагоды вызвалення Старой Рудні, ушанавання памяці воінаў 63-га стралковага корпуса. Сёння Аляксандра Пятровіча няма ўжо побач з намі, але засталіся яго творы, якія вучаць новыя пакаленні стараруднянцаў любіць сваю Радзіму. На кожным патрыятычным мерапрыемстве, якія праводзіць наша бібліятэка, а таксама мясцовая школа, у прыклад ставяцца не толькі героі кніг Аляксандра Капусціна, але і ён сам.

Землякі – уважлівыя чытачы

Аляксандр Капусцін з’яўляецца аўтарам 29 кніг. Многія з іх прысвечаны гісторыі роднай Старой Рудні, яе знакамітым ураджэнцам.

– Чытаць кнігі пра землякоў заўсёды цікава, – кажа чытачка Стараруднянскай сельскай бібліятэкі Алена Савулева. – Аб гэтым шмат пісаў Аляксандр Капусцін. Яго творы я перачытваю пастаянна. І ўсякі раз знаходжу штосьці новае для сябе, на што раней асаблівай увагі не звяртала.

– А мне сёння зноў захацелася перачытаць кнігу Аляксандра Пятровіча «Старая Рудня», – расказала яшчэ адна пастаянная чытачка бібліятэкі Антаніна Барсукова. – Нам, стараруднянцам, пашанцавала, што ў нас быў свой таленавіты летапісец, які захаваў на паперы гісторыю.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота аўтара і з фондаў

Стараруднянскай сельскай бібліятэкі.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube