Такі просты прадукт, як курынае яйка, у наш час можа быць сімвалам палітычных інтрыг на сусветным узроўні, але ў той жа момант не губляе статусу ідэальнага інгрэдыенту для сняданку.
Дэфіцыт і высокі кошт на яйкі ў ЗША напрыканцы мінулага года прывялі да таго, што Дональд Трамп (тады яшчэ кандыдат у прэзідэнты) абяцаў электарату вырашыць праблему адной з першых, калі выйграе выбары. Гэта пытанне сёння актуальнае не толькі для амерыканцаў: напрыклад, дзясятак у Швейцарыі каштуе ў пераліку на нашу валюту каля 20 беларускіх рублёў, у Ісландыі і Новай Зеландыі — каля 15. А што ў нас? Яйкі — сацыяльна значны тавар, таму кошт на яго пад кантролем. Беларусь уваходзіць у дзясятку краін па даступнасці гэтай пазіцыі. Мы не толькі забяспечваем сябе якасным і даступным прадуктам (за мінулы год сярэднестатыстычны беларус з’еў 242 яйкі), але і прадаём на экспарт.
Адварыць, пасмажыць ці добра ўзбаўтаць з малаком для яешні на чыгуннай скавародцы — варыянтаў для сняданку хапае. Пачынаць з іх дзень варта хаця б таму, што ў двух сярэдніх яйках утрымліваецца 15 грамаў бялку, які добра засвойваецца арганізмам чалавека. Акрамя таго, тут хапае вітамінаў (В12, А, D) і мінералаў (жалеза, фосфар і ёд).
Цяпер прапаную адысці ад класічных рэцэптаў і прыгатаваць яйкі з гароднінай і сырам у духоўцы. Ніякіх асаблівых кулінарных навыкаў ці посуду не патрэбна. Бяром чатыры яйкі (на дзве порцыі) і ўзбоўтваем іх відэльцам у місцы. Дадаём дробна нарэзаную гародніну (можна ўзяць гатовую замарожаную сумесь). У мяне гэта перац, памідор, зялёны гарох, каляровая капуста. Туды ж надзіраем сыр на дробнай тарцы, солім. Усё добра перамешваем. Для румянай коркі можна крыху сыра пасыпаць зверху. Разліваем па невялікіх формах (іх патрэбна папярэдне змазаць алеем) і адпраўляем на паўгадзіны ў духоўку, разагрэтую да 180 градусаў. Запечаны амлет крыху ўздымецца і будзе мець мяккую тэкстуру, сыр стане цягучым, а гародніна дадасць яркіх адценняў смаку. Есці лепш гарачым, каб атрымаць максімальную асалоду.
Вам спатрэбіцца (на дзве порцыі):
яйкі — 4 шт.
любая гародніна (можна замарожаная) — 100 г
сыр — 50 г
соль, алей на смак.
Источник СБ.
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", twitter, Telegram, instagram