Новы дзень

Салодкі перац з тварагом і сырам — добрая кулінарная ідэя, калі хочацца заставацца здаровымі і бадзёрымі напачатку сезона вострых рэспіраторных захворванняў.

Вось-вось пад нагамі зашамаціць рознакаляровае лісце… Бясспрэчна, прыгожа. Аднак я прапаную ў першую чаргу звярнуць увагу на чырвоную, жоўтую і зялёную палітру гародніны, якая цяпер радуе прыемнымі цэнамі на адмысловых сельскагаспадарчых кірмашах, сезонных рынках, ды і ў звычайных магазінах. Яшчэ лепш, калі ўся гэта раскоша вырасла на ўласным агародчыку. Але тут ужо як каму пашанцавала і хто як папрацаваў улетку.

Вам спатрэбіцца:

салодкі перац — 3 шт.

тварог — 200 г

сыр — 100 г

смятана — 2 ст. л.

соль, часнок, гарбузікі, любімая зеляніна на смак

алей для змазвання формы

Рука так і цягнецца да яркіх сакавітых салодкіх перцаў, якія ў нас яшчэ завуць балгарскімі. Пакрышыць у салату? Нафаршыраваць рысам і мясам? Ёсць больш арыгінальная ідэя, якая спадабаецца ўсім, хто імкнецца ўзбагаціць свой рацыён карыснымі стравамі і насыціць арганізм вітамінамі напярэдадні зімы, — запячы перац з тварагом і сырам. Такая начынка і збалансуе салодкі смак перцу, і выступіць у якасці крыніцы неабходных целу бялкоў. Тым больш што наша краіна сёння можа па праву ганарыцца сапраўды якаснымі і самымі рознымі відамі тварагу і сыру.

Перцы мыем, абсушваем, разразаем на палавінкі і прыбіраем семечкі. Для начынкі выкладваем у глыбокую міску тварог, надзёрты сыр (напрыклад, сулугуні, але можна і любы паўцвёрды), смятану. Дадаём здробнены часнок (некалькі зубкоў дастаткова), зеляніну, гарбузікі, соль і спецыі. Добра перамешваем. Начыняем перац сырна-тварожнай масай і адпраўляем выпякацца ў духоўку прыблізна на 30—40 хвілін пры 200 градусах. Нам неабходна, каб сыр расплавіўся, а самі перцы сталі мяккімі.

Страву можна падаваць на стол як цёплай, так і халоднай. Гэта залежыць ад таго, гатуеце вы яе ў якасці закускі ці асобна (напрыклад, на сняданак).

Источник СБ.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegram