НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

34 гады мінула з таго часу, як беларускую зямлю пакрыў чарнобыльскі «попел». Але і сёння не сціхае боль у сэрцы тых, хто быў вымушаны пакінуць бацькоўскі дом. Аб гэтым нам расказалі перасяленцы з в. Пагоннае Хойніцкага раёна, якіх у далёкім 1986 годзе гасцінна прынялі на Жлобінскай зямлі.

ПАЖАДАЛІ ЕХАЦЬ «УСІМ САЎГАСАМ»

Успамінае ўдзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі, цяперашні жлабінчанін Васілій ГЛЮЗА: "Памятаю, на другі дзень катастрофы, 27 красавіка 1986 года, была нядзеля, выхадны. Я саджаў бульбу на ўласным агародзе. Раптам мяне выклікалі ў саўгасную кантору (саўгас наш называўся «Перамога сацыялізму», дзе я на той час працаваў галоўным інжынерам). Званілі з райвыканкама. «Па сакрэту» паведамілі, што ў Чарнобылі здарылася бяда, і даручылі тэрміновае заданне – зрабіць замеры радыяцыйнага фону ў Пагонным. Я ўспомніў, што на саўгасным складзе павінен быць спецыяльны прыбор – ДП-5, які да гэтага часу ні разу не спатрэбіўся. Ён аказаўся спраўным. На маё здзіўленне, прыбор паказаў гама-выпраменьванне каля 30 мілірэнтгенаў у гадзіну, што было значна вышэй дапушчальнага. І з кожным наступным днём узровень радыяцыі толькі павялічваўся, перавысіў адзнаку ў 100 мілірэнтгенаў у
гадзіну. Аб тым, што ў нашай мясцовасці становішча пагражае здароўю людзей, пацвердзілі і замеры, якія зрабілі ваенныя спецыялісты. Такім чынам, «наверсе» прынялі рашэнне адсяляць нас у бяспечную зону. Праўда, вывозілі толькі людзей і саўгасную жывёлу. Мне давялося ў ліку апошніх пакінуць роднае Пагоннае..." 

- Нас планавалі рассяліць па розных раёнах, што нікога не задаволіла, - працягвае распавядаць Васіль Трафімавіч далей. -  Мы хацелі ехаць на новае месца «ўсім саўгасам», аб чым я ад імя сваіх землякоў і заявіў чыноўнікам з Гомеля. Госці не былі гатовы на гэта нічога сказаць і з’ехалі. Таму землякі дэлегавалі мяне ў аблвыканкам, каб я там давёў да кіраўніцтва вобласці цвёрдае жаданне жыхароў Пагоннага жыць разам. Мяне прыняў сам старшыня аблвыканкама Аляксандр Грахоўскі, ураджэнец Жлобіншчыны.Не чужым быў Аляксандр Адамавіч і для нас. З нашай вёскі была яго жонка. І мы лічылі яго «сваім зяцем». Ён тут жа звязаўся па тэлефоне з кіраўніцтвам Жлобінскага раёна і спытаўся, ці могуць жлабінчане прыняцьна пастаяннае жыхарства «цэлы саўгас»? Там далі станоўчы адказ. Так мы трапілі ў калгас імя Свярдлова. Нас прынялі як родных...

ЦЯГНЕ ТУДЫ, ДЗЕ ПРАЙШЛО ДЗЯЦІНСТВА...

Ветэран педагагічнай працы, цяперашняя жыхарка а/г Кірава Марыя ГРЫЦАНОК: "Калі здарылася чарнобыльская катастрофа, усе мы яшчэ нейкі час працягвалі займацца сваімі звычайнымі справамі. Праўда, у нашым раёне пачалі пакрываць асфальтам дарогі, вялі дэзінфекцыю населеных пунктаў. Але радыяцыйны фон не памяншаўся. Таму тэрмінова трэба было адсяляць людзей. Цяжка было ўсім, хто павінен быў пакінуць родны дом. Гэта для нас другая вайна, казалі ў нас.

Адсяленне пачалося толькі пасля першамайскіх святаў. Спачатку павезлі дзяцей. Іх пасадзілі ў аўтобусы і ў суправаджэнні міліцыі адправілі ў Калінкавічы, адтуль – аж на Віцебшчыну. Я паехала разам са сваімі вучнямі. Было трывожна на душы...

Ужо летам таго ж года нашы дзеці пакінулі Віцебскую вобласць і вярнуліся да бацькоў, якія чакалі іх на новым месцы – у вёсцы Кірава Жлобінскага раёна.

Час ідзе, але і сёння ў мяне не знікла адчуванне таго, што знаходжуся ў нейкай доўгай камандзіроўцы. Невядомая сіла па-ранейшаму цягне мяне туды, дзе прайшло маё дзяцінства і дзе я вырасла..."

Поўны тэкст артыкула размешчаны ў №32 газеты "Новы дзень".

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота Мікалая СЕМЯНЦА.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"twitterTelegraminstagram