Новы дзень

Уладзімір Скрыганаў: «Аўтапартрэт».

З нагоды 70-годдзя з дня нараджэння члена Беларускага і Еўразійскага саюзаў мастакоў Уладзіміра СКРЫГАНАВА ў Жлобіне, у карціннай галерэі гісторыка-краязнаўчага музейнага комплексу, адкрылася юбілейная персанальная выстава работ гэтага майстра пэндзля.

«Без слоў» – так назваў аўтар сваю выставу.

– Не трэба спрабаваць даць назву той ці іншай карціне, – сказаў Уладзімір Скрыганаў. – Проста паспрабуйце адчуць сэрцам яе ўнутраны змест. У кожнага свае пачуцці.

У падзагалоўку назвы выставы мастак пазначыў, што прапанаваныя на суд аматараў жывапісу карціны ёсць «даследаванне інтуіцыі, памяці і жывой энергіі колеру». Піша ён маслам, акрылам, пастэллю на розных носьбітах. Што тычыцца стылю, то аўтар адзначае:

– Кожная праца ствараецца ў сваім, выключным стылі, на мяжы рэалізму і абстракцыі. Знаходжуся ў пастаянным пошуку.

Творчасць Уладзіміра Скрыганава ведаюць не толькі ў Жлобіне. Ён актыўна ўдзельнічае ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных выставах: у Германіі, Індыі, Кітаі, Сербіі, па Беларусі. І ўсюды – з поспехам, аб чым сведчаць і яго узнагароды, у тым ліку і міжнародныя дыпломы ўдзельніка першай ступені. А ў Жлобіне гэта ўжо не першая яго персанальная творчая справаздача.

Юбіляра павіншавалі з 70-годдзем, адзначылі яго талент, непаўторнасць творчага почырку, пажадалі новых творчых поспехаў і ўручылі ўзнагароды і падарункі начальнік аддзела культуры райвыканкама Вячаслаў Паборцаў, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў Леанід Вялічка. Шмат цёплых слоў у адрас віноўніка мерапрыемства сказалі яго сябры: ад мастакоў Гомеля – Святлана Батракова, жлабінчане Кацярына Цісецкая, Уладзімір Слесараў, Ніна Шрэйтэр, Людміла Чыпкасава, Барыс Мінееў, інш.

Нарадзіўся Уладзімір Скрыганаў у вёсцы Майскае (сёння – аграгарадок), што на Жлобіншчыне. Талент мастака ў яго праявіўся ўжо ў школьныя гады. А пад час тэрміновай службы ў войску (Ленінград) ён быў мастаком-афарміцелем. Пасля службы вярнуўся ў Жлобін. Навыкі мастака-афарміцеля спатрэбіліся і ў цывільным жыцці. Працаваў па гэтай спецыяльнасці ў мастацкай майстэрні фабрыкі штучнага футра. Але першая жывапісная праца была зроблена толькі ў 33 гады.

У 1990 г. мастак пераехаў у Мінск. Працаваў мастацкім рэдактарам часопіса «Бярозка», затым – газеты «Літаратура і мастацтва». Шмат пісаў, актыўна ўдзельнічаў у вулічных выставах. Быў членам мастацкай групы «Жоўты дом», якая прадстаўляла мінскі андэграўнд. У 2010 г. зноў вярнуўся на малую радзіму.

Адну са сваіх карцін, прадстаўленых на данай выставе, «Цені. Мой род. Мой народ», – мастак падараваў музею.

Доўжыцца выстава будзе да сярэдзіны жніўня.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота аўтара.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegram.