Уладзімір Федасеенка.
Беларускі пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір ФЕДАСЕЕНКА (22.04.1926 – 03.01.2018) быў сапраўдным патрыётам Беларусі, за свабоду якой змагаўся з ворагам са зброяй у руках, а таксама адданым сынам малой радзімы. Героямі яго многіх твораў (раманаў) сталі землякі.
БЛІЗКАЕ ЗНАЁМСТВА
Мне пашчасціла быць блізка знаёмым з гэтым чалавекам. Мы сустракаліся даволі часта: і на 100-годдзі Мормальскай школы, выпускніком якой быў Уладзімір Канстанцінавіч і дзе мне давялося працаваць настаўнікам у канцы 1980-х гадоў, і на літаратурных сустрэчах ў Жлобіне, і падчас мерапрыемстваў, прысвечаных вызваленню Жлобіншчыны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў.
Перад тым як адправіцца з Мінска, дзе ён жыў, на малую радзіму, Уладзімір Федасеенка тэлефанаваў мне, каб дамовіцца аб сустрэчы. Ён не раз паўтараў:
– Пра родны край я думаю пастаянна. На Жлобіншчыне я нарадзіўся, змагаўся з ворагам, чэрпаў матэрыялы для сваіх твораў. І ва ўсіх маіх кнігах адна праўда.
Мне давялося праводзіць пісьменніка і ў апошні шлях. Ён пахаваны з ваеннымі ўшанаваннямі на Паўночных могілках у Мінску.
БЯССТРАШНЫ ПАРТЫЗАН
У свой час Уладзімір Федасеенка даслаў у рэдакцыю жлобінскай раёнкі свае ўспаміны:
– Нарадзіўся я ў 1926 годзе. Быў час НЭПа (Новая эканамічная палітыка. – Прым. аўт.). Бацька працаваў тады ў Жлобінскай гарбарнай майстэрні. Маці жыла ў сваёй хаце на хутары Бор Мормальскага сельсавета. Неяк сусед ехаў на кані ў Жлобін, і яна, цяжарная, рызыкнула з ім наведаць бацьку. На зваротным шляху сусед дужа гнаў каня, спяшаўся хутчэй дадому. Пад’ехаўшы да першай хутаранскай хаты, спыніўся. Ледзь паспеў давесці маці за парог да бабулі… Так пісаў я ў 1941 годзе аб сваім з’яўленні на свет, калі вучыўся ў восьмым класе Мормальскай сярэдняй школы…
Неўзабаве пачалася вайна. У першыя месяцы нямецка-фашысцкай навалы на Жлобіншчыне вяліся актыўныя баі. Ужо тады юны Уладзімір уключыўся ў барацьбу.
– Мой дзядзька (Афанасій Мартынаў. – Прым. аўт.), стары камуніст, старшыня калгаса, стаў байцом знішчальнага батальёна, – успамінаў пісьменнік. – Тады ж і я ўступіў у гэтае злучэнне і стаў разведчыкам. За мной дзядзька замацаваў добрага калгаснага каня. Але ў разведку я хадзіў найбольш пехатою.
12 жніўня 1941 года юны разведчык быў схоплены гітлераўцамі. Нямецкі унтэр без доўгага следства паставіў Уладзіміра над ямай на расстрэл. Пачаў ужо цэліцца ў юнака з вінтоўкі. Але раптам немец, што стаяў на пагорку, нешта крыкнуў афіцэру. Аказалася, што да месца расправы па прасёлкавай дарозе набліжася легкавая машына.
– Унтэр хуценька аддаў салдату вінтоўку і адскочыў на абочыну, – чытаем ва ўспамінах Уладзіміра Федасеенкі. – Машына спынілася. З яе вылез генерал. Унтэр адрапартаваў, працягнуў генералу бінокль. Той пачаў углядацца на ўсход, потым вярнуўся да машыны. Я працягваў стаяць над ямай з паднятымі рукамі. Афіцэр, які суправаджаў генерала, заўважыў гэта і накіраваўся да мяне. Не дайшоўшы некалькі крокаў, ён рукой махнуў, каб я ішоў услед за ім да машыны. Паказаўшы, дзе мне сесці, загадаў рукі трымаць угары. Генерал сядзеў наперадзе.
Юнага разведчыка даставілі ў вёску Галы. Там дапыталі і ўпіхнулі ў ёўню, дзе было ўжо чалавек 20 ваеннапалонных. А праз пару тыдняў іх пасадзілі ў вялізную крытую машыну і павезлі ў Бабруйск, дзе быў лагер для ваеннапалонных. Па дарозе Уладзіміру ўдалося ўцячы.
…Фронт далёка прасунуўся на ўсход. Жлобіншчына апынулася ў глыбокім тыле. Але тут акупанты адчувалі сябе даволі няўтульна. Набіраў моц партызанскі рух. Не сядзеў склаўшы рукі і наш герой.
– У нас, дзе была перадавая, засталося многа зброі, – расказваў пісьменнік. – Я захаваў некалькі вінтовак, мін, скрыні з патронамі. З гітлераўцамі прымірыцца не мог. Адзін рабіў засады, страляў з балота па нямецкіх калонах. Рабіў гэта так, каб ніхто не ведаў, нават бацькі.
Успамінаючы тыя грозныя гады, Уладзімір Федасеенка пісаў на старонках жлобінскай раёнкі:
– Хочацца шчыра падзякаваць землякам, якія дапамагалі мне выжыць у гады ваеннага ліхалецця. На маёй зямлі не сустрэлася ніводнага здрадніка, які б прадаў разведчыка-дыверсанта. Наадварот, многія людзі папярэджвалі мяне аб небяспецы, хавалі («Новы дзень», 20 красавіка 1996 года).
У канцы 1943-га пачалося вызваленне Жлобінскага раёна. Перад самым злучэннем партызанскіх атрадаў з рэгулярнымі часткамі Чырвонай арміі Уладзімір Федасеенка быў паранены. Так закончылася для яго вайна. Ды і было яму ўсяго 17 гадоў. За праяўленую мужнасць ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Пазней – ордэнам Айчыннай вайны I ст., медалямі «Партызану Айчыннай вайны» I і II ст. (даволі рэдкі выпадак). У гады незалежнасці Беларусі – медалём Францыска Скарыны.
ЖЫЦЦЁВАЕ ПРЫЗВАННЕ
Пасля вайны Уладзімір Канстанцінавіч скончыў Гомельскі рачны тэхнікум, потым – Рэспубліканскую партыйную школу, працаваў ў камсамоле. Але хутка праявілася яго сапраўднае жыццёвае прызванне – ён стаў пісьменнікам.
Барацьба з нямецка-фашысцкімі акупантамі была асноўнай тэмай літаратурнай творчасці аўтара. Пры гэтым яго раманы «Дубовая града» (1965), «Віхуры на скрыжаваннях» (1970), «Пасля смерчу» (1975) па сваім змесце амаль поўнасцю аўтабіяграфічныя.
У 1999 годзе ўбачыла свет новая кніга Уладзіміра Федасеенкі – раман «Мутныя росы». Гэта апісанне жыцця аднаго пакалення людзей, землякоў пісьменніка са Жлобіншчыны. Героі твора балюча ўспрымаюць гібель роднай прыроды – яе гаёў, лазовых зараснікаў, чаротаў і ўсяго таго, чым некалі славіўся цудоўны прыдняпроўскі край.
ПАРТРЭТНЫЯ ВОБРАЗЫ
Далёка не ўсе ведаюць, што вобраз пісьменніка і патрыёта Уладзіміра Федасеенкі прывабліваў вядомых беларускіх мастакоў. Так, яго партрэт напісаў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР, член Саюза мастакоў СССР Мікалай Кірылаў (1930– 2007), які ў свой час працаваў галоўным мастаком Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны і добра ведаў многіх удзельнікаў вайны. Гэты партрэт з 2000 года ўпрыгожвае адну з выставачных залаў Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага комплексу.
Другі партрэт выдатнага жлобінскага пісьменніка напісаў алоўкам яго зямляк, член Беларускага саюза мастакоў, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў, ганаровы грамадзянін Жлобінскага раёна і Навабеліцкага раёна (Гомель) Генадзь Говар (нарадзіўся ў 1945 годзе). Гэтая мастацкая работа захоўваецца ў Жлобінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Н. К. Крупскай.
Мікалай ШУКАНАЎ.
Фота Мікалая СЕМЯНЦА.
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram.