Новы дзень

У Жлобінскім гісторыка-краязнаўчым музеі: другі справа – К. Міцкевіч, другі злева – Ул. Ганжа, 1995 год.

Жыццё часта падкідвае сюрпрызы, доказ таму – біяграфія жлабінчаніна Канстанціна Міцкевіча

Летась мы адзначылі 100 гадоў утварэння Жлобінскага раёна. А сёлета святкуем векавы юбілей з моманту надання Жлобіну статусу горада. З гэтай нагоды працягваем рэдакцыйны праект «100 яркіх лёсаў у гісторыі раёна» і расказваем пра незвычайнага (у плане свайго радаводу) земляка, ураджэнца нашага горада, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, самабытнага мастака Канстанціна Міцкевіча (1920–2007). Сёлета – 105 гадоў з дня яго нараджэння.

 К. М. Міцкевіч у 85 гадоў.                                                                  Карціна К. Міцкевіча «Дуб памяці».

Першае знаёмства

Было гэта ў далёкім 1995 годзе. У Жлобінскім гісторыка-краязнаўчым музеі (яго старым будынку) праходзіла адкрыццё чарговай персанальнай выстаўкі карцін з ліку мясцовых мастакоў. На гэты раз свае работы на суд аматараў жывапісу прадстаўляў адзін са старэйшых жлобінскіх самадзейных мастакоў, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – 75-гадовы Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Шчыра кажучы, мяне ў той момант зацікавілі не толькі карціны віноўніка мерапрыемства, але і яго імя, ды і па выгляду ветэран – выліты Якуб Колас. Ці мае наш Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч нейкае дачыненне да класіка і аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча, вядомага ва ўсім свеце пад псеўданімам Якуб Колас, ці няма тут звычайнага супадзення?

– Не, няма, – запэўніў у нашай размове ветэран. – Мой бацька, Міхаіл Карлавіч Міцкевіч, і пісьменнік Якуб Колас нарадзіліся ў адной мясцовасці і з’яўляліся стрыечнымі братамі, добра ведалі адзін аднаго, але ўжо ў маладосці жыццё параскідала іх у розныя бакі.

Пасля гэтых слоў у мяне, канешне ж, узнікла жаданне бліжэй пазнаёміцца з Канстанцінам Міхайлавічам, і мы разам з фотакорам райгазеты з удзячнасцю прынялі запрашэнне наведацца да яго ў госці. Падчас той сустрэчы даведаліся шмат цікавага з жыцця родзіча Якуба Коласа. Дарэчы, я па тэлефоне звязаўся з супрацоўнікамі мінскага музея класіка. Як паведаміла мне яго тагачасны дырэктар Зінаіда Мікалаеўна Камароўская, сапраўды, ёсць дакументальныя пацверджанні роднасці Якуба Коласа і Міхаіла Карлавіча Міцкевіча. Але больш падрабязныя звесткі аб далейшым лёсе стрыечнага брата класіка адсутнічаюць, і «адкрыццё» ў Жлобіне К. М. Міцкевіча з’яўляецца прыемнай нечаканасцю. Каб папоўніць радавод славутага роду Міцкевічаў, супрацоўнікі музея паабяцалі ў бліжэйшы час наведацца ў Жлобін. Так яно і адбылося.

На Жлобіншчыне

Як жа трапілі Міцкевічы на Жлобіншчыну? Віной таму – неспакойны час пачатку XX стагоддзя: рэвалюцыі, войны, якія прымушалі людзей пакідаць свае родныя мясціны. Так Міхаіл Карлавіч Міцкевіч апынуўся ў гэтых мясцінах, дзе, будучы чалавекам адукаваным і, трэба разумець, лаяльным да новай улады, займаў адказныя пасады ў Стараруднянскім сельсавеце і нават у райвыканкаме. На Жлобіншчыне Міхаіл Карлавіч сустрэў і сваю будучую жонку – Мітрадору Канстанцінаўну Мядзведзеву (1890–1972). У іх нарадзілася пяцёра дзяцей: Яўген, Лідзія, Ірына, Канстанцін і Міхаіл. Усім ім выпаў нялёгкі жыццёвы лёс. Што тычыцца Канстанціна Міхайлавіча, дык яму было ўсяго два гады, калі ў 1922 годзе маладым памёр бацька. Потым лёс кідаў яго па розных дзіцячых дамах: у Рагачове, Оршы, Мінску, іншых гарадах. У 1937-м ён канчае школу ў Жлобіне, працуе мастаком-афарміцелем (талент мастака ў яго праявіўся рана) у розных установах культуры. У 1939 годзе Канстанцін Міхайлавіч перабіраецца ў Брэст. Тут яго і застала вайна. Давялося зведаць нямецкі канцлагер, а потым акупацыю ўжо ў родным Жлобіне.

Але Канстанцін Міхайлавіч быў не з тых, хто змірыўся са сваім становішчам. Ён уключыўся ў падпольную і партызанскую барацьбу супраць захопнікаў. Ваяваў у 117-м партызанскім атрадзе брыгады «Жалязняк», з 1943 года – у рэгулярнай арміі. Вызваляў Мазыр, Калінкавічы, Варшаву, браў Берлін. Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны», «За вызваленне Варшавы», іншымі.

Сціплы чалавек

У 1945-м Канстанцін Міхайлавіч вярнуўся ў Жлобін, потым пэўны час працаваў на Украіне, але на пачатку 50-х гадоў зноў вярнуўся на Радзіму. І ўсе гэтыя гады, канешне ж, маляваў, маляваў… Але сваю творчасць не надта афішыраваў, хіба толькі паказваў родным і блізкім сябрам. І вось у 75 гадоў нарэшце вырашыў прапанаваць музею сваю персанальную выстаўку (дарэчы, шэраг яго работ захоўваецца ў сценах гэтай установы).

– Калі мы прапанавалі Канстанціну Міхайлавічу правесці яго персанальную выстаўку, – сказаў у час яе адкрыцця тагачасны старшыня творчага аб’яднання мастакоў Жлобіншчыны, вядомы ў Беларусі творца Уладзімір Ганжа, – ён нам спачатку не паверыў, а потым на яго вачах з’явіліся слёзы. Гэта сведчыла аб сціпласці Канстанціна Міхайлавіча. Не стала героя нашай публікацыі 5 чэрвеня 2007 года.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота Аляксандра ШАЙНОВА і Анатоля ГАЛІЧА.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube