Новы дзень

Сёння, 6 лютага – 110 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова (1914–1978).

З нагоды юбілея паэта ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Н.К. Крупскай праходзіць выстава «Аркадзь Куляшоў: штрыхі да партрэта», якая знаёміць з творчасцю і жыццём творцы. Таксама ў гэтыя ж дні ва ўсіх гарадскіх і сельскіх бібліятэках раёна праходзяць розныя тэматычныя выставы, паэтычныя гадзіны, віктарыны, відэапрэзентацыі: «День беларускага класіка Аркадзя Куляшова», «Класік беларускай паэзіі», «Я – акіяна жытняга калоссе», «Паміж наступным і былым», інш.

Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў – яркі прадстаўнік беларускай паэзіі савецкай эпохі, выдатны майстар слова. У сваёй творчасці ён паказаў лёс цэлага пакалення, да якога належаў і сам. Яго паэзія ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры ХХ ст. Імя Аркадзя Куляшова прыходзіла ў свядомасць савецкіх людзей з дзяцінства – праз верш «Камсамольскі білет» і паэму «Сцяг брыгады».

Нарадзіўся паэт у мястэчку Саматэвічы сучаснага Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Яго бацькі былі сельскімі настаўнікамі. У хаце было шмат добрых кніг, была магчымасць слухаць грамафон. На той час гэта быў сапраўдны цуд. Маці Куляшова была беларускай. А вось бацька меў далёкія італьянскія карані.

Паэтычны талент А. Куляшова абудзіўся рана. Пісаць вершы ён пачаў з сямі гадоў. У 1926 годзе Клімавіцкая раённая газета «Наш працаўнік» надрукавала яго першы верш «Ты мой брат». Пасля заканчэння Саматэвіцкай сямігодкі пваэт у 1928 годзе паступіў у Мсціслаўскі педтэхнікум. Тут ён блізка сышоўся з маладымі паэтамі, якія групаваліся вакол студыі тагачаснага літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1930 годзе, калі паэту было 16 гадоў, выйшаў яго першы зборнік «Росквіт зямлі» з прадмовай самога Міхася Чарота. З 1931 па 1933 гады Аркадзь Куляшоў вучыўся на літаратурным факультэце ў Мінскім педінстытуце.

У пачатку 30-х гадоў выйшлі зборнікі яго вершаў і паэм «Па песню, па сонца!…» і «Медзі дождж». Этапным творам Аркадзя Куляшова, які засведчыў аб сталасці паэта, стала яго паэма «Хлопцы апошняй вайны» (1940).

Аркадзь Куляшоў востра перажываў трагедыю першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. 24 чэрвеня 1941 года ён пакінуў разбураны Мінск, пехатой прайшоў «горкі шлях» да Оршы, а ў Калініне добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Пасля вучобы ў Ноўгарадскім ваенна-палітычным вучылішчы паэт працаваў у армейскай газеце «Знамя Советов». Ва ўмовах франтавога жыцця А. Куляшоў здолеў напісаць выдатныя мастацкія творы за незвычайна кароткі час. У жніўні 1942 года была напісана паэма «Сцяг брыгады» – кніга пра байца, які зведаў горыч разгрому брыгады, страту баявых сяброў, але выйшаў з варожага акружэння разам з параненым камісарам. У 1946 годзе твор быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

Са снежня 1943 года і да вызвалення Беларусі паэт працаваў у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945–1946 годах – галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Таксама працаваў галоўным рэдактар на кінастудыі «Беларусьфільм».

У 1968 годзе А. Куляшову было прысвоена высокае званне народнага паэта Беларусі. В ў 1970 годзе за пераклады вершаў М. Лермантава, «Энеіды» I. П. Катлярэўскага, «Спеў аб Гайаваце» Г.У. Лангфела паэт быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Купалы.

У 1976 годзе пабачыла свет апошняя кніга паэта – «Хуткасць». А ўсяго ён пакінуў пасля сябе каля 30 кніг паэзіі. Аркадзь Куляшоў таксама займаўся перакладамі, меў дачыненне да стварэння сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце», «Першыя выпрабаванні», «Запомнім гэты дзень».

Таксама паэт быў узнагароджаны 2 ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, 2 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яго імем названы Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, на малой радзіме дзейнічае музей яго імя. У Мінску, Магілёве, Касцюковічах імем паэта названы вуліцы. У Мінску на будынку, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка.

Святлана КУДРАВЕЦ,

метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

Жлобінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Н.К. Крупскай. 

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube