Сёння, 7 ліпеня, – 140 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы Янкі Купалы (Івана Дамінікавіча Луцэвіча).
Янка Купала, палымяны трыбун, пранікнёны лірык, удумлівы філосаф, яшчэ пры жыцці быў духоўным лідарам нацыі. Ён стаў выразнікам беларускага духу, звонкай песняй свайго народа, яго чыстым і непадкупным сумленнем, яго слова аддана служыла адраджэнню Бацькаўшчыны, станаўленню беларускай дзяржаўнасці. Сёння яго словы жывуць у нашай мове і ў сэрцах беларусаў.
На ўроках беларускай літаратуры юнакі і дзяўчаты прачула і натхнёна ўспрымаюць знакамітыя вершы гэтага класіка – «Спадчына», «Мой край», «Бацькаўшчына», іншыя. Галоўны лейтматыў гэтых твораў – асэнсаванне гістарычнага лёсу беларускага народа, прызнанне ў любові да роднага краю, малітва за Беларусь.
Амаль у кожным буйным населеным пункце Беларусі ёсць вуліца, якая носіць імя Янкі Купалы. Ёсць яна і ў Жлобіне, знаходзіцца паблізу СШ №6. Аўтар гэтых радкоў пабываў тут і пагутарыў з мясцовымі жыхарамі. Усе яны ведаюць, хто такі Янка Купала. Кажа Анатоль Дзера:
– Імя Янкі Купалы мне вядома са школы. Ужо першыя прачытаныя вершы кранулі маю душу з і засталася ў сэрцы на ўсё жыццё. Паэт пісаў праўду, аб тым, што хвалюе беларуса, аб чым ён марыць і ўва што верыць. Многія яго вершы сталі песнямі. Гэта і ёсць сапраўдная класіка.
Жыхар вуліцы Янкі Купалы Анатоль Дзера.
Мікалай Шуканаў.
Фота аўтара.
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram