Новы дзень

«Васільковае неба, плынь жураўліная, васільковыя далі – за небакрай, васільковая казка, кветкі любімыя, васількі, васількі, родны край...» Словы гэтай вядомай многім беларускай песні загучалі ў маёй галаве адразу ж, як я толькі ўбачыла герояў сённяшняй публікацыі. Іх дзівосныя вобразы, прасякнутыя нацыянальным каларытам, выклікаюць не толькі добрую шчырую ўсмешку, але і захапленне. Аказалася, што піянерская брація Жлобіншчыны не проста так апранула гэтыя васільковыя ўборы…

– Дык мы ж рыхтуемся, – упэўнена і цвёрда, як, уласна, і належыць сапраўднаму лідару раённай піянерыі, заявіла журналістам «Новага дня» педагог-арганізатар ЖГЦТДіМ «Эўрыка» Аліна Міхайлаўна Байкачова. – Усяго пару дзён застаецца да аднаго з самых галоўных святаў нашай краіны – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Маім выхаванцам пашчасціла прымаць удзел у маштабным шэсці, якое пройдзе ў Жлобіне ўжо ў гэтую нядзелю. Адказна рыхтуемся, шліфуем крок і... вядома ж, уносім апошнія штрыхі ў васільковыя вобразы. Дарэчы, створаны яны ўмелымі рукамі касцюмера Людмілы Барадзіной. Хочацца, каб нашы піянеры ў святочны дзень былі самымі прыгожымі.

Аліна Міхайлаўна гаворыць, гаворыць… а мы заўважаем, як яе вочы пачынаюць свяціцца сапраўднай шчырасцю – такой, што словамі нават не перадаць. Маладая, мэтанакіраваная, сёння яна вучыць піянераў сябраваць і дапамагаць адзін аднаму, прывівае культуру і павагу да гістарычных каштоўнасцей і нацыянальных традыцый. Ды і сама яна – найлепшы прыклад: двойчы пераможца рэспубліканскага конкурсу малых грантаў арганізацыйных структур ГА «БРПА», член Моладзевага савета пры раённым Савеце дэпутатаў, лаўрэат маладзёжнай прэміі «Сузор’е» бягучага года ў намінацыі «За высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці».

Адкуль у гэтай жлабінчанкі столькі мудрасці і імкнення рухацца наперад, кожны дзень выказваць сваю любоў да малой радзімы праз добрасумленную працу? Адказ просты – трывалы падмурак патрыятызму закладзены яшчэ ў дзяцінстве: бацькамі, старэйшай сястрой, для якіх працавітасць – не проста слова. Аліну Байкачову падтрымліваюць і яе родныя. Так, сямігадовы сыночак Кірыл разам з мужам Аліны Аляксеем Віктаравічам часта бываюць на мерапрыемствах, якія яна арганізуе. Назіраюць збоку, захапляюцца і адчуваюць у душы самае галоўнае – яднанне з роднай краінай, дзе так важна сёння зберагчы мір… Каб кожнае лета мець магчымасць дарыць клапатлівай матулі і каханай жонцы валошкі…

ДАРЭЧЫ! Аліна Байкачова ўдастоена гонару ў складзе дэлегацыі ад Жлобінскага раёна 3 ліпеня прыняць удзел у святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Мінску.

Юлія АНДРОСАВА.

Фота Мікалая СЕМЯНЦА.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук"instagramtwitterTelegram