Новы дзень

Якое месца займае свята Вялікдня (Пасха) у жыцці католікаў? Ці можа яно нейкім чынам садзейнічаць еднасці нашага грамадства, аб’яднаць не толькі вернікаў адной канфесіі, а і ўсіх беларусаў? На гэтыя пытанні адказвае настаяцель Рымска-каталіцкай парафіі св. Казіміра ў Жлобіне айцец Алег ГРЫГАРОВІЧ:

– У гэты дзень Хрыстос сваёю крывёю адкупіў усё чалавецтва. Гэта ўвасабленне любові Божай да кожнага з нас. Гэта доказ таго, што Хрыстос з’яўляецца Сынам Божым. Такім чынам, для вернікаў Пасха становіцца пераходам да іншага, лепшага жыцця. Яна абяцае надзею на ўваскрашэнне ў супакоі, справядлівасці і хвале. Безумоўна, гэтае свята аб’ядноўвае ўсе канфесіі – католікаў, праваслаўных, пратэстантаў і нават грэе сваім светам атэістаў.

Радасная вестка Хрыстова Уваскрасення ўносіць змены ў сучасны матэрыяльны свет. Яна дае нам духоўную моц для працы, ахвярнасці, прабачэння, цярпення і кахання. Свята нагадвае нам, што ў беларусаў агульная гісторыя, адны карані. Вялікдзень дорыць адчуванне, што, нягледзячы на пэўныя разыходжанні, усе мы – дзеці адзінага Бога і ў нас шмат агульнага.

– Айцец Алег, католікі ўжо не першы год практыкуюць агульныя малітвы за адзінства хрысціян. Раскажыце крыху аб гэтай духоўнай традыцыі.

– Штогод паміж 18 і 25 студзеня хрысціяне розных канфесій па ініцыятыве католікаў сустракаюцца ва ўсім свеце на экуменічных набажэнствах, малітвах, канферэнцыях, канцэртах і іншых мерапрыемствах. На гэты тыдзень рыхтуюцца спецыяльныя матэрыялы з біблейскімі тэкстамі, малітвамі, прапановамі набажэнстваў. З 1975 года матэрыялы штогод рыхтуюць хрысціяне розных краін.

Сёлета тыдзень еднасці хрысціян праходзіў пад знакам настаўлення Езуса: «Заставайцеся ў Маёй любові: прынясеце багаты плён». Штогод шырыцца гэта традыцыя і на Беларусі.

Католікі і праваслаўныя здаўна жылі ў нашай краіне як браты разам аралі зямлю, разам баранілі яе ад ворагаў, разам гадавалі дзяцей. У тыповым беларускім горадзе або мястэчку касцёл і царква заўсёды стаяць недалёка адзін ад аднаго. Гэта можна назіраць і ў Жлобіне. Ні ў католікаў, ні ў праваслаўных не ўзнікае сумнення, што ва ўсіх нас адзіны Бог. У нас адна Біблія, адзін Сімвал веры (з адным невялікім адрозненнем, аднак сёння багасловы абедзвюх канфесій не бачаць у гэтым праблемы), а таксама безліч агульных святых – сведкаў веры першага тысячагоддзя хрысціянства.

Беларусь – адзінае, бадай што, месца ў Еўропе, дзе хрысціяне розных канфесій ніколі не варагавалі паміж сабою, ніколі не дзялілі Бога на «нашага» і «вашага». Вера ў аднаго Бога вядзе католікаў і праваслаўных да пошуку адзінства, а значыць, і міру на нашай зямлі. Гэтаму садзейнічаюць і агульныя малітвы, якія, акрамя ўсяго, спрыяюць адкрытаму дыялогу ў грамадстве. Да адзінства беларускай нацыі заклікаў і былы кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Філарэт, якога католікі вельмі паважалі.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота з архіва «Новага дня»

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

«Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» – гэтым традыцыйным прывітаннем спяшаемся мы падзяліцца адзін з адным, выказваючы велікодныя віншаванні.

Свята Уваскрасення Пана Езуса – гэта час радасці і сустрэчы нашых сэрцаў з жывым Хрыстом, які перамог смерць і грэх. Раздзяляючы гэтую радасць з прыхаджанамі нашай парафіі і ўсімі жлабінчанамі, жадаю, каб жыццё кожнага з нас было напоўнена трывалым здароўем і глыбокім духоўным досведам.

Няхай святочная радасць расцвіце ў нашых сэрцах як веснавыя галінкі вярбы і кожны дом будзе напоўнены Божым святлом, сяброўствам, добразычлівасцю і дабрынёй, дзе не будуць успамінацца ніякія крыўды, а будзе панаваць любоў, якая ўсё прабачае. Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Айцец Алег ГРЫГАРОВІЧ,

настаяцель Рымска-каталіцкай парафіі св. Казіміра ў Жлобіне.

Парадак набажэнстваў у Жлобіне:

Пятніца:

18.00. Крыжовы шлях; 19.00. Набажэнства Мукі Пана.

Субота:

21.00. Пачатак Пасхальнай літургіі.

Нядзеля:

10.00. Літургія Уваскрасення Хрыста.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук"instagramtwitterTelegram