НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

«Стрэчанне», «Каляды», «Юр’я», «Вялікдзень»… Гэтыя святы вядомы ўсім, але мала хто ведае, як іх адзначалі нашы продкі, якія абрады выконвалі ў святочныя дні… А вось дзеці, якія займаюцца ў фальклорных калектывах «Спадчына» і «Валошкі» сярэдняй школы № 9, ведаюць. Бо яны ўпэўнены, што фальклор – гэта мастацкі летапіс народа, захавальнік яго багацейшых духоўных традыцый, быту і гаспадарчага вопыту, абуджальнік творчых здольнасцяў беларусаў.

 

Захоўваць і развіваць культуру

Фальклорныя экспедыцыі і назіранні між тым паказваюць, што каляндарнапесенная сістэма ў многіх раёнах Беларусі ўжо не існуе як цэласная з’ява. Зніклі многія абрады і звычаі, а з імі і народныя песні, танцы, інструментальныя творы. З кожным годам становіцца ўсё менш носьбітаў самой традыцыі – людзей старэйшага ўзросту. Працэс гэты ў многім заканамерны, бо знікаюць сацыяльныя ўмовы для існавання фальклору. Таму мы павінны зрабіць зараз усё магчымае для захавання, развіцця ў новых умовах і перадачы нашчадкам лепшых здабыткаў роднай культуры. Адраджэнне нацыянальнай культуры, роднай мовы немагчыма без ажыццяўлення цэласнай сістэмы мерапрыемстваў. Важнае месца ў гэтым працэсе займае школа.

Школа і фальклор

Агульнавядома, што народныя святы і абрады маюць свае адметнасці: калектывізм, выяўленне і паказ здольнасцяў, яскравая, гульнявая форма правядзення, эстэтычнае афармленне, перажыванне аднолькавых пазітыўных пачуццяў. Менавіта таму ў сярэдняй школе № 9 справе духоўнага і эстэтычнага выхавання дзяцей адводзіцца значная роля. Пачынаючы з 2008 года тут дзейнічае дзіцячы фальклорны калектыў «Спадчына». У 2014 годзе быў створаны яшчэ адзін фальклорны калектыў – «Валошкі».

Дзіцячыя калектывы

На занятках дзеці знаёмяцца з народнымі песнямі, танцамі, гульнямі, адпаведнымі атрыбутамі народнага мастацтва і побыту, музычнымі інструментамі, прадметамі дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, тэатрам «Батлейка». Асаблівая ўвага надаецца вырабу народных касцюмаў калінкавіцкага строю. У гэтым накірунку вядзецца вялікая праца. У школе створана майстэрня пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання К. Дорахавай, дзе вучаніцы 8-х класаў займаюцца пашывам і аздабленнем святочных традыцыйных касцюмаў. Не застаецца без увагі і даследчая праца. У гэтым годзе наведвальнікі гуртка «Спадчына» прымалі ўдзел у раённым этапе абласнога конкурсу даследчых работ «Звычаі, традыцыі і абрады сваёй мясцовасці» і прадставілі работу «Магічныя сімвалы ў арнаменце вышываных вырабаў Жлобіншчыны» (атрымалі 2-е месца). Але галоўнай справай з’яўляецца пастаноўка каляндарназемляробчых абрадаў («Стрэчанне», «Каляды», «Юр’я», «Саракі», «Вялікдзень», «Багач»).

Пераможцы конкурсаў

Вялікую дапамогу кіраўніку калектываў аказваюць настаўнікі школы: харэограф Т. Рабянок – у пастаноўцы гісторыка-бытавых танцаў, настаўнік працоўнага навучання Ш. Пражэсмыцкая – у вырабе народных касцюмаў, настаўнікі выяўленчага мастацтва Г. Курыльчык, А. Літвінка – у стварэнні дэкарацый.

Калектывы «Спадчына» і «Валошкі» неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў фальклорных калектываў. У гэтым годзе іх удзел у конкурсе «Шануйце спадчыну сваю» прынёс у скарбонку школы 9 узнагарод. Атрымаўшы перамогу ў раённым этапе, 26 вучняў прынялі ўдзел у абласным, па выніках якога калектыў «Спадчына» атрымаў дыплом II ступені ў намінацыі «Каляндарназемляробчыя святы і сямейна-бытавыя абрады», калектыў «Валошкі» – дыплом II ступені ў намінацыі «Дзіцячы гульнявы фальклор», калектывы «Спадчына» і «Валошкі» – дыплом III ступені ў намінацыі «Харэаграфічнае мастацтва», Аляксандр Верасаў – дыплом III ступені ў намінацыі «Народная проза, казкі, скорагаворкі». 19 студзеня гэтага года адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне калектываў у Гомельскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Дзіцячыя фальклорныя калектывы «Спадчына» і «Валошкі», а таксама яго мастацкі кіраўнік выказваюць словы падзякі ўсім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы да конкурсу.

Наталля САДЗIЛАВА,

настаўнік музыкі СШ № 9, мастацкі кіраўнік фальклорных калектываў «Спадчына» і «Валошкі».

На здымку: фальклорныя калектывы «Спадчына» і «Валошкі» на абласным конкурсе «Шануйце спадчыну сваю» ў г. Чачэрску 30.11.2018 г.

Чтобы быть в курсе событий, регистрируйтесь в наших группах: 

Наша группа в социальной сети "ВКонтакте" - "С новым днём, Жлобин!

Наша группа в социальной сети "Одноклассники" - "С новым днём, Жлобин!" 

Читайте ndsmi.by в "Одноклассниках"

Читайте ndsmi.by в "Контакте"

Читайте ndsmi.by в "Фейсбуке"

Читайте ndsmi.by в "twitter"