Новы дзень

За сваю шматгадовую гісторыю Жлобінская раённая газета неаднаразова мяняла месца прапіскі, уключаючы «экзатычна-экстрэмальнае» – у лесе падчас Вялікай Айчыннай вайны. У рамках юбілейнага рэдакцыйнага праекта «Новы дзень»: 95 гадоў у цэнтры жыцця» мы раскажам і аб гэтай старонцы гісторыі нашага выдання, якая пасвойму цікавая і дапаўняе летапіс адной са старэйшых газет Гомельшчыны.

Як вядома, першы нумар Жлобінскай раённай газеты «Шлях сацыялізму» (пазней – «Шлях сацыялізма») – органа раённага камітэта Кампартыі бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б), раённага выканкама і райпрафсавета – пабачыў свет 5 чэрвеня 1931 года. Ён быў надрукаваны ў Гомелі, на фабрыцы «Палесдрук». Але мы не ведаем дакладнага месцазнаходжання рэдакцыі з невялікім на той час штатам. Магчыма, яе супрацоўнікі туліліся ў райкаме партыі ці ў райвыканкаме.

Перад тым, як у Жлобіне ў жніўні 1941-га амаль на тры гады ўсталявалася ўлада фашыстаў, раёнка выйшла апошні раз 25 ліпеня. І толькі праз два гады, 22 ліпеня 1943 года, яна аднавіла выхад у свет. Гэта была газета-партызанка. Незадоўга да гэтага, 12 ліпеня, сакратар падпольнага райкама партыі Іоў Крышнёў у сваім дзённіку запісаў, што ён ужо некалькі дзён знаходзіцца ў в. Атрубы з мэтай арганізацыі вырабу клішэ-загалоўка для раённай газеты «Шлях сацыялізма» (яно было зроблена партызанамі з кавалка яблыневай драўніны).

Да гэтага часу ўжо былі набыты партатыўны друкарскі станок і шрыфты. Першы нумар «лясной» газеты хаця і атрымаўся невялікі па фармаце, але стаў вялікім падарункам для партызан і жыхароў раёна. На яе дзвюх старонках былі змешчаны паведамленні Савецкага інфармбюро, аповед аб дзейнасці партызан брыгады «Жалязняк». Дарэчы, адным з аўтараў райгазеты стаў камандзір гэтага партызанскага злучэння Васіль Шаруда. Так месцы базіравання партызан – глухія вёскі і лес – былі і месцамі часовай прапіскі райгазеты.

Усяго ў лясных умовах выйшла 16 нумароў раёнкі. Наступны яе нумар пабачыў свет 1 студзеня 1944 года ў Пірэвічах, адкуль вораг быў выбіты 2 снежня 1943-га і дзе часова размясціліся раённыя органы ўлады і кіравання. Тут знайшлося месца і для рэдакцыі райгазеты. І толькі пасля вызвалення Жлобіна, 26 чэрвеня 1944 года, раёнка вярнулася ў райцэнтр. Месцам яе прапіскі стаў будынак на вуліцы Парыжскай Камуны. Рэдакцыя размяшчалася ў даваеннай драўлянай пабудове, дзе немцы трымалі коней. Меркавалася, што прыведзенае ў парадак памяшканне стане часовым прытулкам для журналістаў і друкароў. Але яны затрымаліся тут надоўга. У архіве «Новага дня» захаваліся тэхнічныя паспарты 1951 і 1972 гадоў і дамавая кніга 1966 года, з якіх мы ведаем, што рэдакцыя і друкарня газеты «Шлях сацыялізма» (потым – «Камуніста») размяшчаліся ў адным будынку 1941 года пабудовы. Тут знаходзіліся цэхі друкарні, рабочыя кабінеты рэдакцыі газеты і жылыя памяшканні – для супрацоўнікаў рэдакцыі, друкарні і іх сем’яў. Так, з 1966-га тут пражываў (быў прапісаны) тагачасны рэдактар газеты Уладзімір Штапенка (1931–1998), які ўзначальваў раёнку з 31.12.1964 да 22.07.1973; з 1973-га – шафёр газеты Фёдар Бераснеў і яго жонка Лідзія Бераснева, якая працавала ў друкарні наборшчыцай. Тут жа былі прапісаны Віктар Шчукін, яго жонка і дачка. Ён працаваў у друкарні лінатыпістам (лінатып – радкаадліўная наборная машына).

З плана рэдакцыі газеты «Камуніст» і друкарні вядома, што ў адным крыле згаданага будынка размяшчаліся два друкарскія і два наборныя цэхі, іншыя памяшканні друкарні, у другім – кабінеты рэдактара раёнкі, журналістаў, бухгалтэрыі, карэктара. Самым вялікім па плошчы ў друкарні быў адзін з друкарскіх цэхаў – 59,28 кв. м, у рэдакцыі – кабінет рэдактара – 18,32 кв. м. Пры гэтым з цягам часу памяшканні перабудоўваліся: замест некаторых рабочых кабінетаў з’явілася жыллёвая плошча.

І толькі ў 1988 годзе рэдакцыя райгазеты змяніла адрас: на правах арэнды пераехала на вуліцу Урыцкага (д. 62), дзе на той час быў пабудаваны будынак друкарні (з 1993-га – дзяржаўнае выдавецкапаліграфічнае прадпрыемства «Тэхнічная кніга»). Ужо тады наша газета і друкарня былі самастойнымі арганізацыямі.

У пачатку 2009 года раёнку ўзначаліла Галіна Мельнікава, якая адной са сваіх галоўных задач лічыла пошук новага месца прапіскі рэдакцыі, каб быць у гэтым плане незалежнымі. Часовым варыянтам стаў пераезд у тым жа годзе на вуліцу Шасейную, дзе ў будынку № 147 на другім паверсе ўстанова заняла памяшканні адміністрацыі прадпрыемства «Цепласэрвіс» (сёння ў гэтым будынку размяшчаецца станцыя хуткай дапамогі). Але адсюль было далёка да цэнтра горада. Акрамя таго, месца для такой адносна невялікай установы, як райгазета, аказалася занадта многа. Напрыклад, аўтар гэтых радкоў (на той час загадчык аддзела сельскага жыцця) і фотакарэспандэнт Мікалай Семянец сядзелі ў кабінеце, які па плошчы нагадваў школьную спартыўную залу.

Ужо праз год, у канцы 2010-га, у рэдакцыі з’явілася магчымасць пераехаць на вуліцу Першамайскую, у дом № 16, дзе да гэтага размяшчаўся тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут сёння і знаходзіцца рэдакцыя газеты «Новы дзень». На новым месцы прапіскі былі абсталяваны восем рабочых кабінетаў, прасторны прэс-цэнтр, утульны пакой для прыняцця ежы, пакой для архіва. Ёсць невялічкае, але ўтульнае фае.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота аўтара, Мікалая СЕМЯНЦА і з архіва «НД».

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegram.