Новы дзень

 

Аляксандр Капусцін і Пётр Шутаў у рэдакцыі газеты «Новы дзень» (злева направа), 1992 год.

Значны ўклад у распаўсюджванне творчай спадчыны Аляксандра Капусціна і захаванне памяці пісьменніка ўнеслі супрацоўнікі раёнкі.

12 лютага – 102-я гадавіна з дня нараджэння нашага земляка, ураджэнца в. Старая Рудня, беларускага пісьменніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна Жлобіна Аляксандра Пятровіча КАПУСЦІНА (1924–1996). У канцы 1990-х Жлобінскі гарвыканкам і Гомельскае абласное аб’яднанне Саюза пісьменнікаў Беларусі заснавалі ў яго гонар абласную літаратурную прэмію, якая ўручаецца ў дзень нараджэння пісьменніка на Капусцінскіх чытаннях. Яе лаўрэатамі ў свой час сталі рэдакцыя газеты «Новы дзень» і супрацоўнікі раёнкі. Падрабязней – у юбілейным рэдакцыйным праекце «Новы дзень»: 95 гадоў у цэнтры жыцця».

ГЛЫБОКА СІМВАЛІЧНА

Першым з супрацоўнікаў жлобінскай раёнкі прэміяй імя А. Капусціна ў 2003 годзе быў узнагароджаны галоўны рэдактар Пётр Шутаў (1946–2025). Гэта было глыбока сімвалічна: Пётр Філіпавіч садзейнічаў распаўсюджванню творчасці пісьменніка на яго малой радзіме – новыя творы Аляксандра Пятровіча рэгулярна друкаваліся на старонках «Новага дня». Зрабіў шмат для захавання памяці празаіка, стаў складальнікам і рэдактарам кнігі «Аляксандр Капусцін. Старонкі памяці» (Жлобін. 1999 год).

Пётр Шутаў падчас вучобы на 4-м курсе Гомельскага педінстытута імя В. П. Чкалава рэдагаваў унікальны альманах «Крынічка». У ім намаганнямі членаў літгуртка педінстытута былі сабраны творы вядомых выпускнікоў навучальнай установы, у тым ліку і А. Капусціна. З 07.07.1987 да 30.12.2008 Пётр Шутаў працаваў рэдактарам, а затым – галоўным рэдактарам жлобінскай раёнкі. Быў дэпутатам райсавета дэпутатаў. Ён заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў. Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». У 2015–2022 гадах – старшыня райсавета ветэранаў.

У ЦЕСНАЙ ТВОРЧАЙ СУВЯЗІ

У 2004-м лаўрэатам Капусцінскай прэміі стаў былы рэдактар газеты Павел Якаўлевіч Кірычэнка (1927– 2007), які, як і А. Капусцін, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй…». Да 1951 года служыў у арміі на Балтыцы. Там паспрабаваў сябе ў журналістыцы, друкаваўся ў газеце «Рабочий Кронштадт».

Пасля звальнення ў запас Павел Кірычэнка вярнуўся на Жлобіншчыну, працаваў у раённай газеце «Шлях сацыялізма». З 1959-га – загадчык райаддзела культуры, пазней – сакратар райвыканкама. У 1973–1987 гадах – рэдактар газеты «Камуніст». У 1990-х узначальваў раённую камісію па стварэнні кнігі «Памяць. Жлобін. Жлобінскі раён». Усе гэтыя гады Павел Якаўлевіч падтрымліваў цесныя творчыя сувязі з А. Капусціным. Стаў рэдактарам яго аповесці «Салёная раса», у якой наш зямляк-пісьменнік расказаў аб мужнасці першых вызваліцеляў Жлобіншчыны ў 1941 годзе.

ЛЯ ВЫТОКАЎ КАПУСЦІНСКІХ ЧЫТАННЯЎ

У 2013 годзе лаўрэатам прэміі стала газета «Новы дзень» як самы актыўны папулярызатар твораў А. Капусціна, а таксама маладых і сталых аўтараў з Гомельшчыны. У той час рэдакцыю газеты ўзначальвала Галіна Мельнікава. А ў 2016-м Галіна Уладзіміраўна сама стала лаўрэатам прэміі. Яна была сярод тых, хто заклаў традыцыю праводзіць на Жлобіншчыне Капусцінскія чытанні. Так, у 1999 годзе Галіна Уладзіміраўна, якая на той час працавала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Н. К. Крупскай, стала адным з арганізатараў і вядучай вечарыны, прысвечанай 75-годдзю А. Капусціна. Удзел у тым мерапрыемстве прынялі пісьменнікі з Гомеля і Мінска.

Галіна Мельнікава скончыла Беларускі ўніверсітэт культуры, пазней – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яна працавала ў бібліятэчнай сістэме Жлобінскага раёна, узначальвала аддзелы ў гарвыканкаме, потым – у райвыканкаме. У 2009–2025 гадах – галоўны рэдактар газеты «Новы дзень», першая жанчына на гэтай пасадзе. Узнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік друку Беларусі». Абіралася членам Савета Рэспублікі Парламента 6-га склікання, дэпутатам Гомельскага аблсавета дэпутатаў 27- га і 28-га скліканняў, райсавета дэпутатаў 26, 27 і 29-га скліканняў. Больш за 20 гадоў узначальвала райарганізацыю ГА «Беларускі саюз жанчын». Ёй нададзены званні «Жанчына года» і «Чалавек года». З’яўляецца ганаровым грамадзянінам Жлобінскага раёна. Мае Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У ЛІКУ АДЗНАЧАНЫХ

Лаўрэатамі прэміі імя А. Капусціна таксама сталі сённяшнія пазаштатныя карэспандэнты «Новага дня», члены Беларускага саюза журналістаў Мікалай Шуканаў і Юлія Андросава. Мікалай Васільевіч – у 2018 і 2025 гадах, Юлія Сяргееўна – у 2021 годзе.

Мікалай Шуканаў скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. Працаваў 36 гадоў журналістам у газеце «Новы дзень». Аўтар некалькіх кніг па краязнаўстве, сааўтар раённай кнігі «Памяць. Жлобін, Жлобінскі раён». Друкаваўся ў літаратурных і навуковых зборніках у Беларусі і Расіі, лаўрэат Рагачоўскай раённай краязнаўчай прэміі імя мецэнатаў Ёлшыных, пераможца многіх творчых рэспубліканскіх конкурсаў. Мае ўзнагароды Беларускай праваслаўнай царквы.

Юлія Андросава скончыла Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт і БДУ. 10 гадоў працавала журналістам у «Новым дні». Друкавалася ў літзборніках і ў альманаху «Галасы роднага краю», які ў 2016 годзе выдала раёнка. Многія вершы Юліі Сяргееўны пакладзены на музыку. Ёсць яны і ў рэпертуары Аляксандра Саладухі. Паэтэса – пераможца творчых рэспубліканскіх конкурсаў. Валанцёр Чырвонага Крыжа.

Мікалай ЛЕЛЬЧЫЦКІ.

Фота з архіва «Новага дня».

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegram