Новы дзень

Сёння, 26 сакавіка, у Жлобіне, у сценах цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Н.К. Крупскай, жлабінчане ўрачыста павіншавалі свайго знакамітага земляка, ганаровага грамадзяніна Жлобінскага і Навабеліцкага (г. Гомель) раёнаў, члена творчых саюзаў пісьменнікаў і мастакоў Беларусі, Міжнародных творчых саюзаў: пісьменнікаў і журналістаў, пісьменнікаў і майстроў мастацтва, а таксама вынаходніка Генадзя ГОВАРА з 80-годдзем з дня нараджэння (нарадзіўся юбіляр 23 сакавіка 1945 г.).

Ганаровую грамату Жлобінскага раённага Савета дэпутатаў юбіляру ўручыла глава дэпутацкага корпуса раёна Валянціна Няхай. Валянціна Васільеўна таксама перадала Генадзю Васільевічу віншаванні з яго 80-годдзем з дня нараджэння і пажаданні творчых поспехаў ад старшыні райвыканкама Сяргея Ярца.

– Галоўнае – гэта тое, што ў нас ёсць такія знакамітыя землякі, як Генадзь Говар, – падкрэсліла Валянціна Няхай, – якія праслаўляюць сваю малую радзіму, вучаць моладзь любіць бацькоўскі кут і Беларусь.

Юбіляра таксама павіншавалі начальнік аддзела культуры Жлобінскага райвыканкама Вячаслаў Паборцаў, госці з Гомеля: старшыня савета ветэранаў Навабеліцкага раёна Уладзімір Козыраў, вядучы майстар сцэны Гомельскага абласнога драмтэатра Аляксандр Лаўрыновіч, землякі: мастак Уладзімір Слесараў, бібліятэкар Ларыса Фаміна, артысты: спявак Арцём Цяпляшын, салісты абразцовага вакальнага ансамбля «Лявоніха» гарадской ДШМ № 2 Юлія Бярнацкая і Кацярына Маркавец, родзічы.

Верш гомельскай паэтэсы Вікторыі Смірновай, прысвечаны творчасці Генадзя Говара, прачытала бібліятэкар Крысціна Дрозд.

– Я вельмі ўдзячны за цёплую сустрэчу, якую мне арганізавалі мае землякі, – адзначыў у канцы мерапрыемства яго віноўнік. – Хочацца зрабіць яшчэ шмат чаго дзеля сваёй малой радзімы. Сёння я атрымаў вялікі зарад энергіі для гэтага.

Генадзь Говар і на гэты раз падараваў ЦРБ імя Н.К. Крупскай свае карціны і кнігі беларускіх пісьменнікаў з аўтографамі.

У сустрэчы з Генадзем Говарам, якая выклікала ў прысутных нямала станоўчых эмоцый, прымалі ўдзел і вучні з настаўнікамі Салонскай школы.

* * *

Генадзь Говар нарадзіўся ў г. Жлобіне. Сёння жыве ў Гомелі. Але Генадзь Васільевіч ніколі не парываў сувязі з малой радзімай, часта бывае тут, сустракаецца з землякамі падчас творчых мерапрыемстваў, якія праходзяць у абласным цэнтры.

У Гомелі ён пачаў і сваю працоўную дзейнасць, у 1961 годзе, на «Лесахімкамбінаце» электраманцёрам, сумяшчаючы працу з вучобай у пасменнай сярэдняй школе працоўнай моладзі № 2. У 1963 годзе паступіў на вучобу ў Мінскае мастацкае вучылішча, з якога ў 1964 годзе быў прызваны на тэрміновую вайсковую службу. Пасля дэмабілізацыі прадоўжыў вучобу ў Каўнаскім мастацкім вучылішчы і ў 1970 годзе атрымаў дыплом прафесійнага мастака. Зноў вярнуўся ў Гомель. Пачаў працаваць на камбінаце «Мастацтва» Беларускага саюза мастакоў.

Генадзь Говар удзельнічаў у шматлікіх персанальных і калектыўных мастацкіх выстаўках. Сёння яго карціны захоўваюцца ў Палацы Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, Жлобінскім гісторыка-краязнаўчым музейным комплексе, у прыватных калекцыях, у тым ліку і за мяжой.

Творчасць мастака адрозніваецца ўдумлівасцю, глыбінёй сюжэта. Многія карціны Генадзя Говара знаходзяцца, скажам так, у адной звязцы з яго вершамі, якія пачалі з’яўляцца ў друку з 1967 года. А першы яго паэтычны зборнік быў надрукаваны ў 1988 годзе – «Мае абпаленыя крылы». Потым былі зборнікі вершаў «Незамглёная ўсмешка», «Мой нечаканы вершапад», «Князь-возера» (паэма), «Ты мяне пацалавала» (гумар), іншыя. Ён таксама з’яшляецца аўтарам шматлікіх калектыўных зборнікаў, друкаваўся ў многіх перыядычных выданнях, у тым ліку і ў Жлобінскай раёнцы «Новы дзень». У 2022 годзе ў Жлобіне адбылася прэзентацыя новага зборніка вершаў Генадзя Говара «Дзякуй!». У гэтым слове-назве закладзены лейтматыў (асноўная думка) зборніка. У адным са сваіх вершаў, змешчаных у кнізе, паэт піша: «Я ўдзячны Лёсу... За беларускасць... за Жлобін... За сваякоў, за родных і каханне...»

– Быць мастаком і паэтам адказна, – кажа Генадзь Говар. – Падзеі, думкі, пачуцці, увасобленыя ў слове і на палатне, застаюцца назаўсёды.

Будучы веруючым чалавекам, Генадзь Говар свой светапогляд выказаў гэтымі вершаванымі радкамі:

…Усё будзе, як захоча Бог!
Павер Яму праз дыялог…
Бо толькі праз любоў да Бога
Да шчасця прывядзе дарога.

Літаратурная творчасць Генадзя Говара адзначана шматлікімі прэміямі: імя М. Доўнар-Запольскага (Беларусь), Ежы Гедройца (Польшча), Баяна (Расія), іншымі. Ён таксама лаўрэат Гомельскай абласной літаратурнай прэміі імя свайго земляка пісьменніка, ганаровага грамадзяніна Жлобінскага раёна Аляксандра Капусціна.

– Прэмія ў гонар Аляксандра Капусціна для мяне асабліва дарагая, – прызнаўся Генадзь Говар. – І не толькі таму, што ён мой зямляк. А таму, што Аляксандр Пятровіч быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. А я – равеснік Перамогі. Гэта нас аб’ядноўвае. Тэме Вялікай Айчыннай вайны нямалае месца адведезна і ў маёй творчасці.

 

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота аўтара.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube