Новы дзень

Яшчэ зусім нядаўна я сябе абсалютна не адносіла да катэгорыі тэатралаў-аматараў. Але, мабыць, зараз іх рады ўжо сапраўды папоўню. Усё таму, што найстарэйшы спектакль "Паўлінка" з багатага рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, які ўчора быў прадстаўлены на сцэне ГЦК, вельмі мяне ўразіў. Як, напэўна, і ўсіх, хто прысутнічаў у зале. І гэта не проста словы, бо галоўным пацвярджэннем шчырага захаплення гледачоў сталі бурныя авацыі. А яшчэ – аншлаг! 

Напярэдадні спектакля я вырашыла асвяжыць у памяці змест гэтага твора. Але рабіць гэта было неабавязкова. Пастаноўка настолькі дакладна перадавала змест, што ўвесь сюжэт ўспрымаўся досыць зразумела.

Рэжысёрам "Паўлінкі", якая яскрава адлюстроўвае купалаўскія сцэны са шляхецкага жыцця, з’яўляецца Леў Літвінаў, мастаком – Барыс Малкін, а вось аранжыроўкай музыкі Яўгена Цікоцкага займаўся Уладзімір Кур'ян. А сам спектакль па праве лічаць сапраўднай візітоўкай, сімвалам Купалаўскай сцэны.

А цяпер не перашкодзіць крыху зазірнуць у гістарычную спраўку… Вось што яна нам гаворыць:

− За час існавання спектакля "Паўлінка" ўдзел у ім бралі некалькі пакаленняў найлепшых артыстаў краіны, а сам ён стаў сапраўднай школай сцэнічнага майстэрства. І менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры штогод адкрываецца новы сезон! Прэм’ера спектакля адбылася ў 1944 годзе ў горадзе Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі...

Тыя з нашых жлабінчан, хто пастаянна сочыць за рэпертуарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, напэўна, адразу пазналі пад грымам сваіх любімых артыстаў. А вось мне хацелася перш за ўсё акунуцца ў атмасферу таго, што адбывалася на сцэне. Тым больш што спектакль ішоў на нашай роднай мове…

Даволі складана перадаць той настрой, які панаваў на сцэне. Здавалася б, ну што цікавага можна даведацца са звычайнай гісторыі пра тое, як дзяўчына абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі. А вось і можна! Ды яшчэ і як!

А вынік у мяне адзін: пасля прагляду спектакля, які доўжыўся 2 гадзіны (з антрактам), я зразумела, у чым яго галоўны сакрэт. Безумоўна, унікальны поспех "Паўлінкі" – у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжэту, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры і выдатнага майстэрства выканаўцаў. Тут ужо не прыбавіць, не ўбавіць!

Юлія АНДРОСАВА.

Фота аўтара.

Читайте также:

«Ночь музеев»: чем удивят и порадуют жлобинчан?

 

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук"instagramtwitterTelegram