НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Сярод многіх падзей, якія адбыліся ў 2021 годзе ў культурным жыцці Стрэшына, асаблівае месца займае адкрыццё ў мясцовым гарадскім Доме культуры музейнага пакоя «Побытавыя прылады беларусаў».

– Для наведвальнікаў наш музейны пакой адчыніў дзверы 14 мая 2021 года, – кажа загадчыца філіяла «Стрэшынскі ГДК» Таццяна Асманава. – Але збіраць экспанаты для гэтага этнаграфічнага кутка стрэшынцы пачалі 25 гадоў таму.

Актыўнасць праявіла работнік нашай установы Алена Ляхава. Яе падтрымалі Алена Панамарова, Раіса Харытонова ды іншыя жыхары гарпасёлка. А потым з цікавасцю да гэтай справы падключыліся работнікі ГДК Галіна Ступянёва, Аляксандра Харытонова, Ленмар Асманаў і Марына І. Сёння фонды музейнага пакоя «Побытавыя прылады беларусаў» налічваюць звыш 70 саматканых пакрывалаў, вышытыя абрусы, сурвэткі, якія раней упрыгожвалі многія хаты стрэшынцаў.

Сабраны тут і звыш 140 іншых экспанатаў хатняга побыту жыхароў гарпасёлка XX стагоддзя: прасы, якія разаграваліся пры дапамозе вуглёў, радыёла і грамафонныя пласцінкі, гадзіннікі і іншыя рэчы савецкага перыяду. Усе яны сёння з’яўляюцца каштоўнымі прадметамі вывучэння хатняга побыту беларусаў падняпроўя для этнографаў.

Музейны пакой ніколі не пустуе. Тут праходзяць экскурсіі для школьнікаў, сюды наведваюцца госці старажытнага Стрэшына. Часта тут бываюць стрэшынцы сталага ўзросту. І гэта зразумела. Хатнія прадметы, якія сёння сталі музейнымі экспанатамі, нагадваюць ім іх дзяцінства і маладосць.

М. ВАРАНОВІЧ.

Фота аўтара.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук", instagramtwitterTelegram