Пра страх и жорсткасць вайны – з першых вуснаў
Жлабінчанка Валянціна Данілаўна Сталярова – жанчына, чыё жыццё было напоўнена выпрабаваннямі, стратамі і неверагодным жаданнем жыць. Яна нарадзілася ў жніўні 1931 года ў вёсцы Беліца ў поўнай і шчаслівай сям’і. Бацька нашай гераіні займаўся мылаварэннем, а мама вяла гаспадарку і клапацілася пра дзяцей. Час быў мірны, і дзяцінства Валянціны прайшло ў атмасферы дабра і кахання, цяпла і клопату...
Аднак усё змянілася з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, калі дзяўчынцы споўнілася 12 гадоў. Яна з болем успамінае тыя дні, калі жыццё звычайнага падлетка ператварылася ў сапраўдны кашмар:
– Упершыню я сустрэла немцаў на дарозе. Гэта быў матацыкл з каляскай: адзін немец – за рулём, другі – з аўтаматам, трэці – з гармошкай… – гаворыць субяседніца.
Валянціна і яе сям’я (маці, бацька, бабуля і старэйшы брат) сутыкнуліся з жорсткасцю і бязлітаснасцю акупантаў. Немцы захопвалі вёскі, паграджалі мясцовым жыхарам смяротнай карай за адказ супрацоўнічаць з імі, знішчалі партызанскія атрады і падпольныя групіроўкі. Яны не шкадавалі нікога, і жах стаў пастаянным спадарожнікам людзей.
Валянціна Данілаўна згадвае, як яна разам з роднымі хавалася ў бункерах і зямлянках, каб пазбегнуць сустрэчы з немцамі. Напады захопнікаў былі раптоўнымі, і жыхары ўвесь час знаходзіліся ў стане трывогі:
– Памятаю, як уначы наляцелі самалёты і пачалася бамбёжка. Мы бачылі, як агонь паглынаў усё навокал, і гэта было жахліва! Я была яшчэ зусім маленькай, але памятаю кожнае імгненне.
Валянціне і яе сям’і даводзілася ўвесь час вандраваць. Яны шукалі бяспечныя месцы, але кожны раз сутыкаліся з новымі выпрабаваннямі. Аднойчы, калі сям’я схавалася ў доме на вуліцы, якая цяпер носіць імя Мікалая Кузьміча Кавалёва, немцы ўчынілі расправу. Валянціна Данілаўна успамінае:
– У тры гадзіны ночы ўзняўся крык. Прыйшлі немцы, каб выгнаць нас на вуліцу… Мы з клункамі, немцы – з дубінкамі… Урэшце мы апынуліся ў доўгім таварным цягніку, не ведаючы, куды нас вязуць.
А гэта было жахлівае падарожжа... Людзі апынуліся ў лагеры смерці пад Азарычамі. Разам з іншымі вязнямі Валянціна сутыкнулася з яшчэ большымі цяжкасцямі. Жанчына расказвае, як да іх у лагер прывезлі дзяцей, якія не маглі зразумець, дзе яны знаходзяцца і чаму іх кінулі бацькі:
– Гэта было жахліва, бо ніхто не ведаў, што з імі будзе далей. Я таксама была маленькай, але мяне супакойвала тое, што побач са мной знаходзіліся родныя.
Жыццё ў лагеры было цяжкім. Валянціна і яе сям’я спалі на зямлі, накрываліся тым, што знаходзілі. Кожны дзень прыносіў новыя выпрабаванні, а ночы заўсёды праходзілі ў страху і холадзе. Стаяў марозны сакавік.
– Аднойчы раніцай вязні пачулі гукі стральбы. Гэта савецкія салдаты прыйшлі нас вызваляць, – гаворыць субяседніца. – Пазней мы даведаліся, што подступы да лагера былі замініраваны немцамі, з-за чаго частка людзей развіталася са сваім жыццём…
Сям’і нашай гераіні пашчасціла выжыць, толькі бабуля не змагла перажыць цяжар вайны.
Калі Жлобін вызвалілі і Валянціна з мамай, братам і ўжо адслужыўшым бацькам вярнулася ў родны горад, яна ўбачыла, што яе хата, як і многія іншыя, згарэла. З часам тата пабудаваў новую. Брат субяседніцы ўладкаваўся на працу ў дэпо, а сама яна дапамагала па гаспадарцы ў вайсковай часцi.
Потым Валянціна Данілаўна сустрэла сваё каханне і выйшла замуж. З нараджэннем дзяцей яе жыццё напоўнілася новым сэнсам. На жаль, сваю дачку жанчына ўжо пахавала, але сын наведвае маці кожны дзень. Мая субяседніца з гонарам расказвае пра дзяцей, унукаў і праўнукаў, бо яны яе апора і падтрымка.
Успамінаючы ваенныя гады, 94-гадовая Валянціна Данілаўна не можа стрымаць слёз. Гэтыя ўспаміны назаўсёды засталіся ў яе сэрцы. Яна перадае іх сваім дзецям, унукам і праўнукам, каб яны ведалі, як заваёўваецца мірнае неба над галовой.
Валянціна Данілаўна – не проста сведка гісторыі, яна сімвал стойкасці і мужнасці. Такія людзі натхняюць будучыя пакаленні сваёй сілай духу і ўменнем спраўляцца з цяжкасцямі. Яе гісторыя – гэта ўрок пра тое, як важна памятаць аб мінулым, каб будаваць лепшую будучыню.
Алена ЛІСОЎСКАЯ, студэнтка ГДУ імя Ф. Скарыны.
Фото Николай Семенец
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram, YouTube