НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

На здымку: краязнаўчыя сшыткі гераіні аповеду

Наша газета распачынае праект – «Незвычайныя людзі звычайнай вёскі».

«Незвычайны» – значыць таленавіты, чымсьці прыкметны, свайго роду самародак. Такіх цікавых людзей шмат. Ёсць яны і ў аграгарадку Пірэвічы. Сярод іх – ветэран працы Валянціна САМУСЕНКА (у дзявоцтве НЯТРЭБКА).

Сябра раёнкі

 Для Валянціны Самусенкі наша газета даўно стала роднай. Яна – падпісчык нашага выдання з больш чым 60-гадовым стажам (сама ж Валянціна Фядосаўна нядаўна адзначыла 80-гадовы юбілей). Больш таго, яна – адзін з пазаштатных аўтараў. Яшчэ ў савецкія часы на старонках раёнкі друкаваліся яе невялічкія артыкулы, у якіх распавядалася аб дзейнасці мясцовага саўгаса «Пірэвіцкі». Гэтай гаспадарцы гераіня нашага расказа аддала 40 гадоў свайго жыцця. Спачатку працавала ў будаўнічай брыгадзе, затым – у аддзеле кадраў.

Пасля таго як у 1997 годзе Валянціна Самусенка пайшла на заслужаны адпачынак, яна пачала актыўна займацца краязнаўствам. Старанна збірала матэрыялы па гісторыі сваёй гаспадаркі, аб людзях – гаспадарніках, ветэранах вайны, творчых асобах. Сярод іх – Герой Савецкага Саюза Анатоль Бажэнаў (1920–1999 гг.), былы кіраўнік мясцовай гаспадаркі, а пазней старшыня райвыканкама Віктар Бяльковіч (1955–2018 гг.), паэтэса, ветэран педагагічнай працы, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Аляксандра Капусціна Ірына Сасна, іншыя. Частка гэтых матэрыялаў была надрукавана зноў жа на старонках нашай газеты.

А яшчэ гэтая непаседлівая жанчына не адно дзесяцігоддзе збірае мясцовы фальклор – прымаўкі, прыказкі, а таксама запісвае розныя народныя прыкметы і проста мудрыя думкі. Канешне, тое-сёе з ужо сабранага (а гэта каля паўтары тысячы прыкладаў) можна пачуць і ў іншых месцах Беларусі, але ёсць і арыгінальнае, тое, што можна было запісаць толькі ў Пірэвічах ці навакольных вёсках.

Аднойчы вырашыла

Размова з Валянцінай Фядосаўнай аб яе захапленні фальклорам пачалася з пытання:

– Як у Вас узнікла ідэя збіраць прымаўкі, прыказкі, прыкметы, усё тое, што тычыцца жыццёвай мудрасці вяскоўцаў?

– Калі я працавала ў саўгасе, мне давялося кантактаваць з многімі людзьмі, у тым ліку і з пенсіянерамі. Гэта жыхары не толькі Пірэвічаў, а і суседніх населеных пунктаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай гаспадаркі, – вёсак Салтанаўка, Кругавец, пасёлкаў Любоў, Верны, іншых. Я заўважыла, што ў сваіх размовах многія вяскоўцы часта выкарыстоўваюць прымаўкі і прыказкі. Хтосьці літаральна сыпаў імі. Некаторыя заўважалі прыкметы, звязаныя з надвор’ем і наогул з рознымі бакамі нашага жыцця. Аднойчы падумала: «Гэта ж і ёсць народная мудрасць, якую трэба абавязкова захаваць для нашчадкаў, таму што яе носьбіты не вечныя на зямлі».

– Назавіце, калі ласка, імёны і прозвішчы хаця б некаторых з гэтых  «носьбітаў».

– З задавальненнем. Гэта – Елізавета Карпаўна Сасна, Ірына Цітаўна Сасна, Алена Іванаўна Церашкова, Валянціна Ільінічна Кобрусева, Пётр Іванавіч Сталярчук, Ганна Іванаўна Бабкова, былы настаяцель Пірэвіцкага праваслаўнага храма Усіх Святых айцец Яўмен Малец, многія іншыя.

На розныя выпадкі

Шмат фальклорных запісаў, зробленых Валянцінай Самусенка, звязана непасрэдна з сялянскім побытам. Напрыклад, мясцовыя жыхары лічаць: «Карову біць – малака не піць», «Гаспадарку весці – не штанамі трэсці», «Калі ідзе работа – спаць не ахвота».Ёсць і такія жыццёвыя назіранні: «Бацькоўскае слова – толькі на карысць», «Дзень праходзіць – усё з сабой уносіць», «Авось» – дрэнны дарадчык для селяніна». А вось такія парады, таксама правераныя на практыцы жыхарамі Пірэвічаў і суседніх вёсак: «Не трэба саваць свайго носа ў чужое проса», «Выбірай не нявесту, а сваццю», «Не купі хату, а купі суседа», «Лепш падаць, чым прыняць», «Чаго Бог не даў, таго і не дамагайся».

Могуць мясцовыя сяляне і пажартаваць, кажучы: «Дурні не маманты, яны ніколі не вымруць». А гэта выказванне тычыцца сучаснага міжнароднага жыцця (і да гэтага ёсць справа ў жыхароў Пірэвіцкага сельсавета): «Санкцыі – доля слабых». Таксама аднавяскоўцы Валянціны Самусенкі заўважаюць: «Крапіва, што пацалунак халасцяка», «Злы плача ад зайздрасці, а добры – ад радасці», «Чым далей, тым радней».

– А якія з народных прыкмет Вы занатавалі ў свае сшыткі?

– «Міхайла (21 лістапада) марозам сцісне, а Мікола (19 снежня) адпусціць», «Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік», «На Рыгора (25 сакавіка) зіма ідзе ў мора», «На Успенне (28 жніўня) цягні бульбу за карэнне».

– А што з народнай мудрасці Вам асабліва запала ў сэрца?

– Такое слушнае выказванне: «Дзе прайшло дзяцінства, там і быў рай». А яшчэ жыхары Пірэвічаў метка заўважылі: «У наш час людзі ўсяму ведаюць цану, ды нічога не ўмеюць цаніць». Запісвае Валянціна Самусенка і выказванні сваіх аднавяскоўцаў, якія любяць працыціраваць сусветна знакамітых людзей. Гэта тычыцца і выказвання маці Тэрэзы: «Калі хочаш змяніць свет, ідзі дамоў і любі сваю сям’ю». Праўда, гэтая думка для жыхароў Пірэвічаў не новая. Яшчэ шмат гадоў таму Валянціна Фядосаўна пачула ў сваёй вёсцы такія словы: «Шчаслівы той, хто мае шчасце дома».

Матулін ручнік

Ёсць у Валянціны Самусенкі яшчэ адно захапленне, пра якое таксама мала хто ведае, хіба толькі родныя. Гэта – рукадзелле.

– Вышываць мяне навучыла мая матуля – Акуліна Сцяпанаўна Нятрэбка. Як сямейную рэліквію захоўваю адзін з яе ручнікоў, якому не менш ста гадоў. Праўда, узоры на ім не пірэвіцкія, а маёй малой радзімы – Палтаўшчыны. Але яны ў нечым пераклікаюцца з беларускімі. І гэта невыпадкова, таму што беларускі і ўкраінскі народы блізкія. На жаль, аб гэтым сёння некаторыя пачынаюць забываць...

Мікалай ШУКАНАЎ .

Фота аўтара.

Статья опубликована в газете "Новы дзень" №19 от 11.03.2020

Полная перепечатка текста запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"twitterTelegram