НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Мы пачынаем новы рэдакцыйны праект «Мілая сэрцу малая радзіма» – у ім раскажам аб ураджэнцах Жлобіншчыны, якія па волі лёсу пакінулі бацькоўскі кут, але не забываюць пра яго і па меры сваіх магчымасцей імкнуцца ў нечым да- памагчы вёсачцы, пасёлку ці гораду, дзе яны нарадзіліся і выраслі. Адкрывае праект расказ пра земляка, ураджэнца Жлобіна, вядомага архіпастыра Рускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Ніжагародскага і Арзамаскага Георгія (да пострыгу ў манаства – Васіль ДАНІЛАЎ).

 

Нягледзячы на вялікую адлегласць Волгі і Дняпра, на берагах якіх размяшчаюцца адпаведна Ніжні Ноўгарад, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя мітрапаліта, і Жлобін – родны горад уладыкі, наш зямляк амаль кожны год наведваецца на малую радзіму. І гэтыя візіты заўсёды плённыя.

З павагай да працы

Цяпло бацькоўскага дома грэе ўладыку Георгія за тысячы кіламетраў. Ён кажа: «Калі становішся дарослым, пачынаеш глыбей бачыць свае карані. Ты разумееш, што галоўнае ў тваім жыцці – яно не тваё, яно табе перадана ад бацькоў, ад усіх людзей, з якімі ты меў зносіны ў дзяцінстве, малалецтве і юнацтве, ад зямлі, на якой вырас».

Васіль Данілаў нарадзіўся і вырас на Рабочым пасёлку, што ў межах Жлобіна, у шчыра веруючай сям’і. Бацька, Цімафей Мікалаевіч, прайшоў усю вайну, маці, Таццяна Іванаўна, лічыла за шчасце мець шмат дзяцей, якіх ёй Бог даў аж шасцёра. Васіль – самы малодшы, таму яго ўсе ў сям’і песцілі. Але – у меру. Уладыка ўспамінае: «Мы пастаянна працавалі. Была вучоба ў школе… Праца на падвор’і. Трэба было ў хату прынесці ваду з калодзежа, дроў, запаліць печ… рыхтавацца да пасяўной. Па ранняй вясне, акрамя ўсяго, я нарыхтоўваў па 200 літраў бярозавага соку. Летам – сенакос. Раз у месяц (па чарзе з суседзямі) мне трэба было пасвіць кароў. А калі я атрымаў атэстат аб заканчэнні школы, бацька сказаў мне: «Сын, вось табе тры дні, каб ты ўладкаваўся на працу». Я ж меркаваў, што пасля школы месяц-паўтара адпачну. Але пачуў ад бацькі цвёрдае: «Не». Хаця мне яшчэ і 17 гадоў не было. Сёння я ўдзячны яму за прынцыповасць».

Так, дзякуючы бацькоўскаму выхаванню ў Васіля з’явілася павага да працы, да роднай зямлі. Таму і сёння, будучы ўжо вядомым ва ўсім праваслаўным свеце чалавекам, уладыка Георгій не цураецца простых людзей і сваёй малой радзімы.

Была вялікая мара

Маё знаёмства з мітрапалітам Георгіем адбылося ў маі 2001 года, калі ён у чарговы раз прыехаў у Жлобін. Тады наш зямляк не быў яшчэ епіскапам, хаця займаў ужо адказную пасаду, нёс манаскае паслушэнства эканома (загадчыка гаспадарчай часці) у Свята-Троіца-Сергіевай лаўры ў Загорску. Пасля службы ў храме (тады ў Жлобіне была толькі адна дзеючая царква – новая Свята-Троіцкая) у мяне адбылася размова з айцом Георгіем.

Ён паведаміў, што на гэты раз прыехаў дзеля таго, каб сустрэцца са сваімі аднакласнікамі з нагоды 20-годдзя заканчэння школы – № 6. Тады ж мой субяседнік расказаў, што марыць пабудаваць на Рабочым пасёлку царкву, побач з мясцовымі могілкамі, дзе пахаваны яго родзічы і знаёмыя. Гэты храм павінен стаць помнікам у гонар яго бацькоў і многіх землякоў, якія пранеслі жывую Хрыстову веру праз доўгія цяжкія гады выпрабаванняў . А яшчэ новая царква будзе своеасаблівым маяком, які сваім духоўным святлом пакажа правільны напрамак у выхаванні падрастаючых пакаленняў.

Але тады час яшчэ не прыйшоў, каб здзейсніць гэту задуму. Хаця арганізатарскія здольнасці нашага земляка ўжо яскрава праявіліся. Так, у тыя гады пад яго кіраўніцтвам у Свята-Троіца-Сергіевай лаўры паспяхова вялася рэканструкцыя куды буйнейшых аб’ектаў, чым царква, якую ўладыка Георгій задумаў пабудаваць на сваёй радзіме. Проста не да гэтага было. І толькі пасля таго, як ён у 2002 годзе ўзначаліў Ніжагародскую епархію і ў першую чаргу пабудаваў там шмат новых храмаў, палічыў для сябе магчымым знайсці спонсараў і для сваёй малой радзімы. А аўтарытэт у нашага земляка быў ужо такі, што яму ніхто не мог адмовіць у такой просьбе.

Асвячэнне новага храма на Рабочым пасёлку – у гонар прападобнага Серафіма Сароўскага, канешне, адбылося з удзелам мітрапаліта Георгія – 15 верасня 2012 года. Само будаўніцтва заняло рэкордны тэрмін часу – меней года. Калі б не клопаты ўладыкі, спонсарская дапамога Ніжагародскай епархіі, а таксама актыўнае садзейнічанне новабудоўлі з боку райвыканкама, гэтая справа зацягнулася б надоўга. Так на Жлобіншчыне з’явіўся не толькі новы духоўны цэнтр, але была добраўпарадкавана значная частка Рабочага пасёлка.

Дзеля духоўнага выхавання

Прыхаджане храма прападобнага Серафіма Сароўскага адчуваюць пастаянную духоўную і матэрыяльную падтрымку з боку Ніжагародскай мітраполіі і асабіста мітрапаліта Георгія.

Напрыклад, уладыка перадаў у дар новаму прыходу ўнікальныя плашчаніцы ручной працы, якія выканалі ніжагародскія залаташвачкі. Дзякуючы намаганням уладыкі мясцовая царкоўная бібліятэка штогод папаўняецца новымі праваслаўнымі кнігамі і часопісамі. А ў 2015 годзе сюды было дастаўлена адразу 700 тамоў літаратуры на агульную суму 111,5 тысячы расійскіх рублёў. Рэгулярна папаўняюцца духоўнай літаратурай і іншыя бібліятэкі Жлобіна: цэнтральная раённая – імя Н.К. Крупскай, гімназіі № 8 імя В.І. Казлова, прафесійна-тэхнічнага каледжа, Свята-Троіцкага сабора.

Акрамя ўсяго, дзякуючы ўладыку Георгію ў Жлобінскім Свята-Троіцкім саборы і храме прападобнага Серафіма Сароўскага жлабінчане могуць памаліцца перад абразамі згаданага святога, у якіх знаходзяцца часцінкі мошчаў гэтага Божага ўгодніка.

Пабрацімскімі і паломніцкімі шляхамі

Не застаюцца ў даўгу перад ніжагародцамі і жлабінчане. Напрыклад, у 2010 годзе жыхары Жлобінскага раёна аказалі гуманітарную дапамогу Выксунскаму раёну Ніжагародскай вобласці, які моцна пацярпеў ад пажараў.

Тады было сабрана і дастаўлена на Волгу каля 8 тон прадметаў першай неабходнасці.

Нагадаем, што Жлобін і Выкса з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі. І ўладыка прыкладвае нямала намаганняў для развіцця гэтых сувязяў.

Садзейнічае мітрапаліт Георгій і штогадовым паломніцкім паездкам жлабінчан у Ніжагародскую мітраполію, дзе знаходзяцца многія святыні праваслаўнага свету, у тым ліку і адна з галоўных – Сароўская пустынь. Пры гэтым уладыка знаходзіць час, каб асабіста пабачыцца са сваімі землякамі, пацікавіцца ў іх навінамі з малой радзімы.

…Наперадзе новыя сустрэчы як у Жлобіне, так і ў Ніжнім Ноўгарадзе.

Мікалай ШУКАНАЎ.

На здымках: уверсе – мітрапаліт Георгій каля бацькоўскага дома; у цэнтры – чарговая сустрэча з землякамі: разам з епіскапам Гомельскім і Жлобінскім Стэфанам (першы справа) і старшынёй Жлобінскага райвыканкама Іванам Навуменкам; унізе – новая царква ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага на Рабочым пасёлку.

Фота Анатолія ГАЛІЧА, Мікалая СЕМЯНЦА.

Чтобы быть в курсе событий, регистрируйтесь в наших группах: 

Наша группа в социальной сети "ВКонтакте" - "С новым днём, Жлобин!

Наша группа в социальной сети "Одноклассники" - "С новым днём, Жлобин!" 

Читайте ndsmi.by в "Одноклассниках"

Читайте ndsmi.by в "Контакте"

Читайте ndsmi.by в "Фейсбуке"

Читайте ndsmi.by в "twitter